Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Сівакоў: я пакараны ўжо 16 гадоў


Юры Сівакоў, архіўнае фота

Юры Сівакоў, архіўнае фота

Эўразьвяз пакінуў пад санкцыямі чатырох асобаў, якіх лічыць датычнымі да зьнікненьня беларускіх апазыцыйных палітыкаў. Гэта экс-міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, а цяпер кіраўнік справамі прэзыдэнта Віктар Шэйман, былы міністар унутраных спраў Юры Сівакоў і былы камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС Дзьмітры Паўлічэнка.

Адзін зь фігурантаў гэтага сьпісу Юры Сівакоў выказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сваё стаўленьне да рашэньня ЭЗ.

— Па першае, вы, напэўна, патэлефанавалі мне, бо з маіх так званых падзельнікаў — да адных не датэлефанавацца, іншых не знайсьці. Я, відаць, самы даступны?! Па другое, ужо 16 гадоў я ў «штрафным батальёне». Канечне, гэта ў нейкай ступені засмучае, ніякай кампэнсацыі. Жыву не ў Драздах. У Гарадзішчах у хляве, пабудаваным на чарнобыльскі льготны крэдыт яшчэ ў 90-я гады. І думаю, можа там зь нейкім эўракамісарам пагутарыць, можа б я ў палон здаўся б. Можа, далі якое-небудзь шале ў Куршавэлі за ўсе гэтыя так званыя пакуты. Жартую. Нармальна ўсё, што я магу сказаць? За ўсё трэба адказваць.

— То бок вы лічыце, што заслужана застаяцеся ў гэтым санкцыйным сьпісе?

— Ну, а чаму не?! Усё гэта адбылося, калі я быў міністрам унутраных спраў. Значыць, я за гэта адказваю.

— Эўразьвяз лічыць, што вы разам зь іншымі датычныя да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў...

— Я паўтараю, што некаторыя з гэтых зьнікненьняў палітыкаў былі, калі я быў міністрам унутраных спраў. А міністар унутраных спраў адказвае за ўсе ўнутраныя справы. Маю дачыненьне ці не, гэта іншае пытаньне. А з пункту гледзішча таго статусу і той ролі, якую я меў у той пэрыяд, я за гэта адказваю. Ведаеце, ёсьць такі афарызм: вінаватых можа і ня быць, але павінны быць пакараныя. І вось я за гэта пакараны ўжо 16 гадоў.

— Дык вы маеце дачыненьне ці не? Як вы адкажаце на гэта пытаньне?

— А ніяк. Ёсьць такі выраз: ведаў бы прыкуп, жыў бы ў Сочы. А я жыву ў Гарадзішчах.

—Юры Чыж, напрыклад, праз Эўрапейскі суд дамогся адмены санкцый. А вы ці плянуеце падаць у Эўрапейскі суд, паспрабаваць апраўдаць сябе?

— Ня маю намеру. Чыж — гэта іншая справа. Гэта эканоміка, бізнэс. А ў мяне — крымінал. Прынамсі тое, у чым мяне вінавацяць. Гэта розныя рэчы.

— Аднак заставацца ў сьпісе ня вельмі прыемна для вас?

— Паўтараю, 16 гадоў лічыцца ў гэтым «штрафным батальёне» бяз права выезду — каму гэта будзе прыемна? Урэшце, вінаваты ці не вінаваты, вызначае суд. Калі нехта са службовых асобаў Эўразьвязу бярэ на сябе кампэтэнцыю судзьдзі і судзіць, хто вінаваты, а хто не вінаваты, то гэта самае элемэнтарнае бяспраўе.

— Як вы думаеце, чаму дагэтуль не адбыліся суды ў Беларусі па справах зьніклых?

— Пытаньне не па адрасе. Я даўно ўжо адышоў ад усіх спраў, яшчэ ў 2000 годзе, і таму вырашаць усе гэтыя пытаньні, вызначаць — зусім не ў маёй кампэтэнцыі.

— Ці будуць раскрытыя гэтыя справы?

— Гісторыя і практыка жыцьця паказвае, што ў рэшце рэшт усё таемнае становіцца яўным і ўсё становіцца на свае месцы. Пытаньне толькі ў часе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG