Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сівакова і Паўлічэнку ня выпусьцяць зь Беларусі, нават калі зь іх здымуць санкцыі», — Алег Алкаеў


«Пад санкцыямі ЭЗ застануцца Дзьмітры Паўлічэнка, Віктар Шэйман, Уладзімер Навумаў і Юры Сівакоў», — такую інфармацыю распаўсюдзіла расейскае інфармацыйнае агенцтва са спасылкай на ананімную крыніцу ў дыпляматычных колах Эўразьвязу.

Паводле яе, «чорны сьпіс» ЭЗ у дачыненьні да грамадзян Беларусі, якія спрычыніліся да парушэньня правоў чалавека, будзе замарожаны 31 кастрычніка. Але гэта ня будзе датычыць чатырох пералічаных асобаў, якіх падазраюць ва ўдзеле ў выкраданьні і магчымым фізычным зьнішчэньні палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

«Яны падазраюцца ў крымінальных злачынствах, — камэнтуе інфармацыю былы начальнік СІЗА № 1 і аўтар кнігі „Расстрэльная каманда“ палкоўнік Алег Алкаеў. — Гэтыя чатыры чалавекі ніякай ролі ня граюць. Іх ніхто нікуды ня выпусьціць, нават калі санкцыі здымуць. Гэта не ў інтарэсах беларускай дзяржавы. Яны вырачаныя жыць у Беларусі пажыцьцёва».

Віктар Шэйман, архіўнае фота
Віктар Шэйман, архіўнае фота

Найбольш публічнай фігурай з гэтай чацьвёркі застаецца Віктар Шэйман. На пэўны час пасьля спробы тэракту ў 2008 годзе адзін з фаварытаў Аляксандра Лукашэнкі ўвайшоў у няласку. Але ў студзені 2013-га быў прызначаны на пасаду кіраўніка Ўпраўленьня спраў Прэзыдэнта і застаецца на ёй дагэтуль.

Юры Сівакоў, архіўнае фота
Юры Сівакоў, архіўнае фота

69-гадовы Юры Сівакоў, экс-міністар унутраных спраў, а пазьней і спорту, цяпер значыцца сярод выкладчыкаў катэдры мэнэджмэнту Менскага інавацыйнага інстытуту.

Тры гады таму Сівакоў у інтэрвію «Прессболу» прызнаў сваю датычнасьць да спраў зьніклых палітыкаў. «Я за гэта адказваю, мая віна ў гэтым была, ёсьць і будзе. Час, канечне, праходзіць, нешта сьціраецца, але людзі ўсё адно ставяцца да мяне як да чалавека браняйбойна-тупагаловага, гатовага шчоўкнуць абцасамі і выканаць любы загад».

Уладзімер Навумаў, архіўнае фота
Уладзімер Навумаў, архіўнае фота

Уладзімер Навумаў даўно жыве ў Маскве і нібыта знаходзіцца там і дагэтуль. У красавіку 2015-га ягоны пераемнік Ігар Шуневіч заявіў, што Навумаў ня быў у Беларусі 5 гадоў. У 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў Навумава ордэнам «За заслугі перад Айчынай» 3-й ступені за «вялікі асабісты ўклад у будаўніцтва Менск-Арэны, падрыхтоўку і правядзеньне чэмпіянату сьвету». Пэўны час ён працаваў дарадцам кіраўніка кампаніі «Ростехнологии» Сяргея Чэмезава.

Дзьмітры Паўлічэнка, архіўнае фота
Дзьмітры Паўлічэнка, архіўнае фота

Экс-камандзір СОБРа Дзьмітры Паўлічэнка адносна нядаўна выступіў на старонках выданьня «Беларусь сегодня» ў якасьці старшыні Рады Беларускай асацыяцыі вэтэранаў падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня войскаў МУС «Честь».

На гэтай пасадзе ён вядомы ўжо некалькі гадоў, хоць СМІ часта пісалі пра тое, што Дзьмітры Паўлічэнка актыўна займаецца бізнэсам у Беларусі. На фота ў акаўнце ягонага сына Арцемія Паўлічэнкі, які, дарэчы, пайшоў па сьлядах бацькі і стаў спэцназаўцам, Паўлічэнка выглядае пастарэлым, але формы не губляе.

Паводле вядомага рапарта генэрала Лапаціка, Віктар Шэйман загадаў свайму падначаленаму Юрыю Сівакову арганізаваць выкраданьне і зьнішчэньне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Аляксея Красоўскага, што было выканана пры ўдзеле тагачаснага камандзіра СОБРа Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

Зброю Паўлічэнка атрымаў ад тагачаснага начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева. Палкоўнік, які публічна агучыў датычнасьць згаданых асобаў да зьнікненьня палітыкаў, лічыць, што доказаў іх віны вельмі шмат.

«Па факце зьнікненьня палітыкаў ёсьць крымінальная справа, якая знаходзіцца ў Сьледчым камітэце. З рэальных зафіксаваных падзеяў — арышт палкоўніка Паўлічэнкі ў 2000-м годзе па канкрэтных злачынствах, у лік якіх уваходзіла і падазрэньне ў зьнікненьні палітыкаў і іх забойстве. А за Паўлічэнкам цягнецца і ўвесь ланцуг камандуючых — Сівакоў, Навумаў, Шэйман... Усё даказана. Таму яны і ў турме не сядзяць, бо гэта сёньня аніяк не адпавядае інтарэсам нашай дзяржавы, — распавядае Алкаеў. — Падставаў для затрыманьня і арышту згаданых асобаў цалкам дастаткова на сёньняшні дзень. Апроч Навумава. Навумаў сам асабіста ня ўдзельнічаў, але пасьля спрыяў прыхоўваньню злачынства, калі быў міністрам».

Праваабаронца Раіса Міхайлоўская паведамляе, што тэрмін расьсьледаваньня справы зьніклых Сьледчы камітэт нядаўна падоўжыў чарговы раз.

Раіса Міхайлоўская
Раіса Міхайлоўская

«18 верасьня было чарговы раз падоўжанае расьсьледаваньне — да 24 сьнежня. У нас на руках ёсьць чарговая папера, якую дасылае сьледчы Вараўка прадстаўнікам сем’яў зьніклых. Цяпер мы рыхтуем пэўныя дакумэнты па гэтым факце. Мы лічым, што сьледчы Вараўка, у тым ліку, злоўжывае сваім службовым становішчам і фактычна бязьдзейнічае, знаходзячыся на пасадзе сьледчага па такіх асабліва важных справах, якія грамадзка значныя і маюць публічны рэзананс», — кажа Міхайлоўская.

Раіса Міхайлоўская была аўтарам і прадусарам фільма «Банда», які распавядае пра палітычныя зьнікненьні і быў нядаўна прэзэнтаваны ў Беларусі.

«У фільме агучаны немалаважны факт па рэчавых доказах, — кажа Міхайлоўская. — Алег Алкаеў захаваў 8 куль ад расстрэльнага пісталета ў ствале дрэва. У выпадку ўзьнікненьня пэўных абставін па гэтых кулях можна ідэнтыфікаваць кулі, выпушчаныя з расстрэльнага пісталета».

Міхайлоўская лічыць знаходжаньне чацьвёркі ў санкцыйных сьпісах справядлівым да таго часу, пакуль не завершыцца сьледзтва і не адбудзецца адкрыты суд.

«Сытуацыя ў грамадзтве не памянялася, — кажа Міхайлоўская. — Людзі дагэтуль баяцца. Дакладна ёсьць шмат доказаў, рэчавых доказаў, якія праліваюць сьвятло на гэтае расьсьледаваньне. Але людзі пакуль маўчаць. Думаю, што маўчаць яны да часу».

А паводле Алкаева, становішча гэтай чацьвёркі выглядае бязвыхадным. У тым, каб выпускаць іх за мяжу, беларуская ўлада зусім не зацікаўленая:

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

«Няма гарантыі, што іх тут не арыштуюць і ня вытрасуць зь іх усе паказаньні. І дзе гарантыя, што яны самі ўсё не распавядуць? Справа ў тым, што паводле заканадаўства некаторых краінаў асобы, якія далі добраахвотныя паказаньні супраць сваіх кіраўнікоў, вызваляюцца ад адказнасьці. Кшталту „мне загадалі — я выканаў“. Тым больш што ў момант злачынства ўсе знаходзіліся на дзяржаўнай службе. Гэта была не самадзейнасьць. Кожны выконваў сваю долю даручэньняў», — тлумачыць палкоўнік Алкаеў.

Былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка зьнік у траўні 1999 году. У тым жа годзе ў верасьні зьніклі былы віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, экс-старшыня Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі, які дапамагаў апазыцыі. У чэрвені 2000 году зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG