Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пружанах зноў будуць судзіць Юрыя Рубцова


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

27 траўня а 10-й раніцы ў Пружанскім раённым судзе пачынаецца працэс над актывістам з Гомеля Юрыем Рубцовым. Актывісту, які адбывае 1,5 года «хіміі» ў спэцкамэндатуры вёскі Купін Пружанскага раёну, пагражае яшчэ 3 гады калёніі.

Сьледчыя маюць намер даказаць, што Рубцоў ухіляўся ад адбыцьця пакараньня, бо адмовіўся працаваць на тых працах, якія яму прапаноўвалі. Юры Рубцоў на гэта заяўляе, што не адмаўляўся ад працы зусім, але патрабаваў даць яму працу з заробкам ня меней за 600 даляраў на месяц — што адпавядае сярэднестатыстычнаму паказчыку па краіне.

8 красавіка, калі Юрыя Рубцова зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар паводле гэтага абвінавачаньня, ён абвясьціў галадоўку пратэсту. З таго часу Юрыя Рубцова наведалі адвакат і мэдыкі. Паводле адваката, Юры Рубцоў значна схуднеў, але захоўвае бадзёрасьць і жаданьне змагацца на судзе, бо не прызнае сябе вінаватым.

У канцы 2014 году Юры Рубцоў атрымаў 1,5 года «хіміі» за абразу судзьдзі. Інцыдэнт здарыўся пасьля Чарнобыльскага шляху ў красавіку таго ж году. На шэсьце, якое праходзіла ў Менску, Юры Рубцоў прыехаў адмыслова з Гомеля, а падчас шэсьця на ім была майка з надпісам «Лукашэнка сыходзь». Пасьля шэсьця Юрыя Рубцова затрымалі міліцыянты. Праз два дні яго прывезьлі ў Савецкі раённы суд бяз майкі — голым па пояс. За тое, што судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць яго ў такім выглядзе, Юры Рубцоў назваў судзьдзю словам, якое Цэнтральны раённы суд Менску прызнаў абразай.

Яшчэ да інцыдэнту ў Савецкім раённым судзе Юры Рубцоў шмат дзе надзяваў майку з заклікамі да адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Журналісты празвалі Рубцова з-за гэтага «чалавекам-майкай». А вось міліцыянты сталі на яго адмыслова паляваць.

Юр’я Рубцова прывезьлі былі ў суд да поясу голым

Юр’я Рубцова прывезьлі былі ў суд да поясу голым

XS
SM
MD
LG