Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь вязьня, які трымаў галадоўку, патрабуюць паўтара мільёна за ежу


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Гомельскі грамадзкі актывіст Юры Рубцоў выпісаўся з шпіталя, у які трапіў пасьля 30-суткавага арышту і галадоўкі за кратамі.

«Пачуваю сябе цяпер добра, хаця ёсьць яшчэ некаторыя праблемы са здароўем. 9 чэрвеня зьбіраюся ўжо выйсьці на працу», — сказаў карэспандэнту Свабоды спадар Рубцоў.

Актывіст быў затрыманы ў Менску пасьля Чарнобыльскага шляху за майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Яго абвінавацілі ў хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі і пакаралі арыштам на 25 сутак. Майку адабралі.

Пасьля сутак у Менску Рубцоў вярнуўся у Гомель, але да дому не дайшоў. На досьвітку яго затрымалі амапаўцы, чарговы раз абвінавацілі ў лаянцы на пустыннай вуліцы і адвезьлі ў ізалятар. Суд Чыгуначнага раёну Гомеля прысудзіў Рубцову яшчэ 5 сутак арышту.

6 чэрвеня Юры накіраваў скаргу ў Гомельскі абласны суд на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і раённага суду.

Адначасова выявілася, што на судзе сьведчыў пра лаянку Рубцова амапавец Васіль Барысенка, які чатыры гады таму ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў рапартаваў, што грамадзкі актывіст Юры Захаранка, на той час давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, у 5:45 раніцы на прыпынку грамадзкага транспарту «гучна лаяўся нецэнзурнай лаянкай, на заўвагі не рэагаваў».

Тады Захаранка ў Менск ня трапіў, а апынуўся ў ізалятары, дзе сядзеў пяць сутак і Рубцоў на падставе рапарту амапаўца Барысенкі.

Юры Рубцоў падаў таксама заяву на імя начальніка Менскага ГУУС, у якой патрабуе правесьці службовае расьсьледаваньне па факце канфіскацыі майкі з надпісамі «Лукашэнка, сыходзь», а таксама скасаваць рахунак за харчаваньне ў менскай турме на Акрэсьціна.

«Я трымаў галадоўку, а мне трэба плаціць нібыта за сталаваньне 1 мільён 650 тысяч рублёў. Цяжка нават сказаць, адкуль узялася такая сума за баланду, якой кармілі арыштантаў. У шпіталі я даведаўся, што прыкладна такі памер заробку „чыстымі“ атрымлівае на рукі мэдсястра. Вось вам і сацыяльна арыентаваная эканоміка! Вось вам і падтрымка на выбарах беларускай эканамічнай мадэлі!» — сказаў карэспандэнту Свабоды Юры Рубцоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG