Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юры Рубцоў з жонкай у Нямеччыне пажылі ў намёце і спартзале, цяпер маюць пакой


Юры Рубцоў, архіўнае фота

Юры Рубцоў, архіўнае фота

Сын Юрыя Рубцова Віктар расказаў пра ўмовы, у якіх апынуліся ягоныя бацькі, якія папрасілі прытулку ў Нямеччыне.

«Кантактуем мы праз Фэйсбук, але даволі рэдка. Ды і тое не адразу пачалі, а толькі нядаўна, калі яны здолелі набыць пляншэт і празь яго нешта напісалі. Паведамілі, што яны цяпер у лягеры для ўцекачоў у Нюрнбэргу і што там умовы прымальныя, жывуць разам, у асобным пакоі, з раніцы да вечара вольныя, могуць хадзіць па горадзе. Наведваюць курсы нямецкай мовы, то бок, рыхтуюцца да атрыманьня прытулку. Спачатку бацькі прыляцелі ў Франкфурт, гэта было ў кастрычніку, яшчэ да выбараў. Там падалі заявы на прытулак і з Франкфурту іх некалькі разоў пераводзілі, давялося зьмяніць некалькі лягераў. Бацька напісаў, што былі і складаныя ўмовы, у тым ліку жылі ў намётах, у спартовай зале. У Нямеччыне цяпер складана ўцекачам, бо шмат уцекачоў з Сырыі, але ў Нюрнбергу неяк для іх сытуацыя наладзілася», — распавёў Віктар Рубцоў пра нямецкі кавалак жыцьця свайго бацькі Юрыя і маці Ядвігі.

У Гомелі ў Рубцовых застаўся дом, які Юрый і Ядвіга пачалі абжываць пасьля таго, як сёлета ў жніўні палітвязьня вызвалілі з калёніі. Тады Юры Рубцоў казаў, што не зьбіраецца нікуды зьяжджаць зь Беларусі. Рашэньне бацькі папрасіць прытулак у Нямеччыне Віктар патлумачыў тым, што ў Гомелі яго нікуды на працу не бралі:

«З былой працы, з аўташколы, дзе працаваў інструктарам па навучаньні, звольнілі, хаця лічыўся добрым адмыслоўцам, характарыстыку ў суд далі добрую. А больш нікуды ня бралі, прычым, і на ўлік як беспрацоўнага не ставілі. На „біржы“ — правіла, што перад тым, як паставяць на ўлік, трэба паспрабаваць уладкавацца там, дзе скажуць. Дык ён упарта хадзіў па ўсіх гэтых месцах, але там адно і тое — як даведаюцца, з кім маюць справу, не бяруць. Гэтак працягвалася да кастрычніка, і тады яны, відаць, вырашылі зьехаць», — кажа Віктар Рубцоў пра бацькоў.

Пра сябе Віктар кажа, што зьяжджаць зь Беларусі пакуль не зьбіраецца:

Віктар і Ядвіга Рубцовы — сын і жонка

Віктар і Ядвіга Рубцовы — сын і жонка

«Жыву ў бацькоўскім доме, спрабую тут дабудаваць, што бацькі не пасьпелі. Час ад часу працую, калі знаходзіцца праца, але з гэтым ў Гомелі цяпер вельмі дрэнна», — зазначыў сын Юрыя Рубцова.

Раней Віктар Рубцоў зьбіраўся на заробкі ў Расею, але перадумаў, бо і там эканамічнае становішча рэзка пагоршылася.

«Нашы адтуль вяртаюцца. Кажуць, што і плаціць сталі меней, і падманваюць, часта не выплачваюць заробак, „кідаюць“. Толькі патраціш грошы на дарогу ды пражыцьцё, а нічога не заробіш».

Паводле Віктара Рубцова, пытаньне аб прытулку для бацькоў мусіць вырашыцца прыкладна праз паўгода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG