Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітуцякач Юры Рубцоў выпісаны са шпіталя: Забалела ў грудзях, а перакладчыка не было


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Юры Рубцоў, які на мінулым тыдні з лягеру уцекачоў у Нюрнбэргу трапіў у шпіталь з прычыны нэрвовага зрыву, ужо выпісаўся і зноў знаходзіцца ў лягеры.

«Я прабыў у шпіталі 4 дні, зноў у лягеры. Званіць пакуль да мяне немагчыма, бо на беларускай сімцы скончыліся грошы, а нямецкую купіў толькі для інтэрнэту. Пішыце мне на Фэйсбук», — адгукнуўся Юры Рубцоў на допіс карэспандэнта Свабоды.

— Што з вамі здарылася і як цяпер сябе пачуваеце? — спытаў найперш карэспандэнт Свабоды ў Юрыя Рубцова, калі наладзілася ліставаньне з былым палітвязьнем.

— У мяне усё добра. Што здарылася? Адчуў сябе кепска, нейкі боль у грудзях пачаўся. Сышоў з заняткаў па нямецкай мове, адышоў далей ад лягеру, але боль не адпускаў. Гэтак усё пачалося. А потым мяне забралі ў лягер, але з-за адсутнасьці добрага перакладчыка адміністрацыя лягера недакладна зразумела, што са мной, і мяне адвезьлі ў шпіталь. Там таксама перакладчыка не было, лекар ня мог нічога з гэтым зрабіць ды вырашыў перастрахавацца ды правесьці комплекснае лячэньне. Калі ж зьявіўся перакладчык, гэта было праз чатыры дні, дык выявілася, што мне непатрэбна доўгатэрміновае лячэньне — і мяне праз 1,5 гадзіны выпісалі.

— Якія былі ўмовы ў нямецкім шпіталі, дзе вы лячыліся?

— Ня ведаю, як параўнаць умовы ў лякарні тут з тым, што я бачыў у Беларусі. Калі параўноўваць з гатэлем, то тут лепш, чысьцей і камфортней. Харчаваньне такое, што ня кожны беларускі рэстаран можа пахваліцца такой якасьцю прыгатаваньня ежы. Адносіны пэрсаналу вельмі ветлівыя і, вы не паверыце, дзяжурныя мэдычныя сёстры па начах ня сьпяць, а ходзяць па палатах і прыглядаюць за хворымі. Ня меней за 4 разы за ноч прыходзяць, каб паглядзець і дапамагчы, каму трэба.

— А якое стаўленьне да ўцекачоў зь Беларусі ў лягеры?

Да беларусаў, якія просяць палітычнага прытулку ў Нямеччыне стаўленьне хутчэй адмоўнае

— Да беларусаў, якія просяць палітычнага прытулку ў Нямеччыне стаўленьне хутчэй адмоўнае. Таму ёсьць некалькі прычын. У тым ліку тое, што для шмат каго зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны палітычны прытулак у Нямеччыне стаў своеасаблівым бізнэсам. Гэтым зарабляюць на жыцьцё, і гэтая справа мяжуе з махлярствам. Гэта стала для мяне непрыемнай нечаканасьцю. Таксама тут ёсьць вельмі шмат уцекачоў зь Сірыі, Іраку, якіх я ня маю маральнага права асуджаць, што яны ўцяклі, бо яны ратавалі свае сем’і, сваіх дзяцей і сваякоў. Але шмат хто з грамадзян Нямеччыны ды іншых краін ня можа зразумець таго факту, што фактычна сёньня ўжо ва ўсю ідзе трэцяя сусьветная вайна, якую разьвязаў урад Расеі, а не сама Расея. Баючыся бамбіць краіны НАТА, кіраўніцтва Расеі скідвае бомбы на дамы жыхароў Сырыі, выклікае гэтым цунамі ўцекачоў у краіны Заходняй Эўропы. А гэта, у сваю чаргу, выклікае незадаволенасьць жыхароў гэтых краін, бо зь іх бяруць падаткі. Ня думаю, што спадарыня Меркель не разумее таго факту, што ідзе трэцяя ўсясьветная вайна, хай і гебрыдная. Мяркую, яна робіць вялікую памылку, калі не даводзіць пра гэта Германіі.

— Вядома, што вы вучыце ў лягеры нямецкую мову. Як ідзе працэс навучаньня?

— Зь цяжкасьцю, асабліва пахваліцца няма чым. Нельга сказаць, што ўмовы ў лягеры добрыя для навучаньня. Уявіце, што гэта такое, калі пад адным намётам знаходзяцца адразу 200 чалавек? Да таго ж не хапае гарачай вады, каб памыцца, нават туалетаў на такую колькасьць людзей не хапае. Ніводны супрацоўнік лягеру не валодае рускай мовай. Намёт падзелены на пакоі, у якіх усталяваныя чатыры двух’ярусныя ложкі.

— Хто зь беларусаў вам дапамагае? Ваш сын Віктар называў Карыну зь Мюнхену, здаецца?

— Так, сапраўды, дзяўчына на імя Карына дапамагала маёй жонцы знайсьці мяне, калі забралі зь лягеру ў шпіталь. За гэта ёй вялікі дзякуй і дзякуй усім, хто за нас перажывае і клапоціцца.

XS
SM
MD
LG