Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорскі суд адхіліў прэтэнзіі інваліда-пікетоўца да мэдыкаў


Юры Ляшэнка

Юры Ляшэнка

Судзьдзя Сьветлагорскага раённага суду Ўладзімер Сьцяпанаў адхіліў скаргу інваліда-вазочніка Юрыя Ляшэнкі на дзеяньні мясцовых мэдыкаў падчас пікету на галоўнай плошчы гораду.

«Гэта проста фікцыя, апраўданьне выкарыстаньня мэдпэрсаналу й спэцтэхнікі ў палітычным перасьледзе грамадзянаў. Буду абскарджваць», — заявіў інвалід Ляшэнка.

25 лістапада Юры Ляшэнка на сваім інвалідным вазку выехаў на плошчу перад райвыканкамам з плякатам: «Стоп беззаконьне!». Такім чынам ён меўся прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Падчас мадэрнізацыі дома на вуліцы Леніна, 10 камунальнае прадпрыемства «Сьветач» ня брала ў разьлік інвалідаў — ні пад’ехаць да дома на інвалідным вазку, ні забрацца самастойна на другі паверх.

Але не пасьпеў Юры толкам разгарнуць плякат, як на плошчу прымчала хуткая мэдычная дапамога зь мігалкай. Людзі ў халатах мігам падхапілі інваліда зь ягоным вазком, аднесьлі ў машыну і замчалі ў шпіталь. Там яму зрабілі некалькі ўколаў, а міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП — парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства. Праз суд інваліда аштрафавалі на 360 тысяч рублёў. Дарэчы, разглядаў справу пра несанкцыянаваны пікет інваліда таксама судзьдзя Сьцяпанаў.

У скарзе ў суд інвалід ставіў такія пытаньні: хто і на якой падставе выклікаў да яго «хуткую», навошта мэдыкі, калі ён пачуваў сябе добра, бяз згоды адвезьлі яго ў стацыянар і калолі там невядомыя ўколы? Пасьля гэтага інваліда пад пратакол апытваў міліцыянт.

У судзе высьветлілася, што на плошчу выяжджаў з памочнікамі сам загадчык аддзяленьня хуткай дапамогі, а тэлефанаваў незнаёмец, які толькі й сказаў: «На цэнтральнай плошчы кепска інваліду-вазочніку, выяжджайце!». І «хуткая» прымчала, не ўдакладняючы, хто тэлефанаваў, што значыць «кепска інваліду».

Даючы паказаньні суду, загадчык тлумачыў: гэта быў важны выклік, таму ён асабіста выехаў з брыгадай.

Намесьніца галоўнага лекара, якая прадстаўляла цэнтральны раённы шпіталь, даводзіла ў судзе: «хуткая» мела права забіраць чалавека, бо ён знаходзіўся ў грамадзкім месцы.

Перад зваротам у суд інвалід Ляшэнка аспрэчваў гвалтоўныя дзеяньні мэдыкаў у Міністэрстве аховы здароўя, у Гомельскай абласной управе, але там таксама ня ўгледзелі ў дзеяньнях брыгады хуткай мэдычнай дапамогі нейкіх парушэньняў.

XS
SM
MD
LG