Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Гумянюк, паэт з тварам Тутанхамона, які жыў у Краіне нязьдзейсьненых мараў


Юры Гумянюк. Фота Глеба Лабадзенкі

Юры Гумянюк. Фота Глеба Лабадзенкі

24.9.1969, Горадня – 19.1.2013, Горадня​

Сталася так, што тэкст пра Юру пачаў нараджацца ў сьне. Увечары я вырашыў, што напішу заўтра, але не дачакаўся раніцы.​

Я пісаў яму ліст. Пісаў, як некалі, ад рукі, на хаду дасканалячы свой почырк, пра які настаўніца казала – «як курыца лапай». Хацелася, каб Юра прачытаў яго лёгка і хутка, не расшыфроўваючы крамзолі.​

У кожнага з нас пра цябе свае ўспаміны, пісаў я. Але ўсе мы ведаем, што ты – найперш паэт, і калі твой сябар Анджэй Пачобут сказаў цяпер, што ты – зорка сучаснай беларускай літаратуры, якая выбухнула на пачатку 1990-х, ніхто і ня думаў яму пярэчыць. Але я здагадваўся пра гэта і раней, бо чытаў усё, што ты друкаваў, пачынаючы ад выдадзеных калісьці ўжо даўно ў маім родным Полацку «Водару цела» ды «Твару Тутанхамона» і да тваёй гарадзенскай кнігі вершаў «Назаві мяне геніем», якая ў мяне цяпер на стале і якая яшчэ пахне друкарняй, але ты ўжо не ўдыхнеш гэтага цудоўнага паху. Хаця, хто ведае, бо ты – паэт і ў цябе іншая форма душы…​

Прачнуўшыся, я перапісаў свой прысьнёны ліст і зразумеў, што галоўнае пра Юрыя Гуменюка ў ім ужо сказанае.​

Безумоўна, можна пералічваць ягоныя іншыя кнігі й дзіцячыя п’есы, пастаўленыя Гарадзенскім тэатрам лялек. Можна згадаць дакумэнтальную сагу «Прывід даўніх крэсаў», няскончаны раман «Апосталы нірваны», два тузіны песьняў, напісаных на Юравы вершы беларускімі рок-гуртамі. Калегі-журналісты пакрыўдзяцца, калі я забуду пра шматгадовую працу Гуменюка ў газэце «Пагоня», на Радыё Рацыя і ў Беларускай службе Польскага радыё для замежжа.​

Ён быў у ліку заснавальнікаў Таварыства вольных літаратараў (ТВЛ) і – сурэдактарам знакамітага тэвээлаўскага часопіса «Калосьсе». Іншы легендарны часопіс – «Крыніца» – прысьвяціў творчасьці Гуменюка адзін з нумароў. У сваім інтэрвію Юры тады дакладна агучыў асноўную мэту ТВЛ: «Мы нічога не зьбіраемся адмаўляць і разбураць. Наша задача – максымальна рэалізавацца ў дадзеным часе і прасторы». ​

Ужо ў нашы дні – дзякуючы Алесю Аркушу – Гумянюк апынуўся сярод галоўных герояў раману «Мясцовы час», дзе ажываюць асобы і зьявы канца васьмідзясятых – пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя. ​

Пасьля апетых Аркушам часоў надышлі іншыя. Стаўленьне да новай рэчаіснасьці, якую Юра ня мог прыняць, ён сфармуляваў у вядомым вершы-баевіку «Спэрма прэзыдэнта». Гэта быў адказ тым, хто імкнуўся загнаць у сутарэньні андэграўнду тое, чым ён жыў, – літаратуру, мову, на якой яна ствараецца, незалежнае мастацтва…​

Яму назаўсёды засталося 43. Гэты век, як і 37, лічыцца для творчай асобы небясьпечным.​

Таямніцу свайго сыходу ён забраў з сабой. Маці ўпэўненая, што сыну «дапамаглі памерці». Хадзілі глухія чуткі пра вярбоўку. Шмат каму ў астатнія месяцы ён казаў, што яго хутка заб’юць. Яшчэ раней Юра чамусьці спаліў усе лісты ад сяброў. Нашы апошнія сустрэчы зь ім таксама выклікалі ў душы трывогу.​

І ўсё ж, калі я спрабую ўявіць ягоны палёт зь дзявятага паверху, то думаю менавіта пра палёт, а не пра падзеньне. І чую, чую Юраў голас:

Мо на сьметнік выкінуць рэчы,
Што абрыдлі за столькі гадоў?
Рассачыцца ў нябеснай сінечы,
Як мэтафары ў плыні радкоў?..

На маім стале другая Юрава пасьмяротная кніга – «Краіна нязьдзейсьненых мараў». ​

Так называлася краіна, у якой ён жыў.

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

XS
SM
MD
LG