Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Чавусаў з БНФ стаў восьмым назіральнікам пры ЦВК


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Пры Цэнтральнай камісіі раней былі акрэдытаваныя прадстаўнікі праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Зьміцер Чарных, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — Эдуард Нарышкін, РГА «Белая Русь» — Сяргей Пігараў, Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» — Аляксандар Еўдакімчык, Беларускай партыі «Зялёныя» — Дзьмітры Кучук, Камуністычнай партыі Беларусі — Георгі Атаманаў, Лібэральна-дэмакратычнай партыі — Леанід Бабічаў.

28 ліпеня акрэдытаваны восьмы назіральнік, прадстаўнік Партыі БНФ Юры Чавусаў, паведамляе афіцыйны сайт ЦВК.

Паводле Выбарчага кодэксу вылучаць сваіх назіральнікаў для акрэдытацыі пры ЦВК могуць усе афіцыйна зарэгістраваныя ў краіне палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні.

Юры Чавусаў паведаміў Радыё Свабода, што ён ужо ня першы раз акрэдытуецца назіральнікам у ЦВК:

«Гэта ў першую чаргу магчымасьць прысутнічаць на паседжаньнях Цэнтральнай камісіі, назіраць за тым, як разглядаюцца скаргі, прымаюцца рашэньні. Пакуль што скаргі не разглядаліся, але ўжо вядома, што некаторыя скаргі пададзеныя. Так што гэта магчымасьць у першую чаргу сачыць за тым, як працуе ЦВК. Ёсьць яшчэ такі аспэкт: я вылучаны ад партыі БНФ, якая падтрымлівае кандыдатуру Тацяны Караткевіч. Калі яна будзе зарэгістраваная (а я ўпэўнены, што яна зьбярэ 100 тысяч подпісаў), у ЦВК будзе працаваць яшчэ і прадстаўнік кандыдаткі з правам дарадчага голасу. І гэта вялікая магчымасьць назіраць за кухняй выбарчай камісіі, таму што прадстаўніку з правам дарадчага голасу даюцца яшчэ і ўсе матэрыялы і скаргі, якія разглядае камісія.

Тут ёсьць праблема, што вялікая частка працы камісіі робіцца не на паседжаньнях, камісія ж працуе стала. Некаторыя скаргі не разглядаюцца на паседжаньнях, а проста старшыня камісіі дае даручэньне камусьці зь сябраў камісіі падрыхтаваць адказ, то бок некаторыя скаргі не патрабуюць калегіяльнага рашэньня. Я спадзяюся, што ўсё ж такі самыя важныя, самыя істотныя пытаньні будуць разглядацца на паседжаньнях».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG