Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкага праваабаронцу аштрафавалі за няяўку да сьледчага


Юры Бельскі

Рабаўніцтва банку, якое адбылося ў пачатку сакавіка ў аграгарадку Фарынава, зрабілася для мясцовай міліцыі нагодай для затрыманьня актывістаў.

Асабліва напярэдадні Дня Волі, падкрэсьлівае Юры Бельскі, які адмовіўся ўзяць позву да сьледчага ў гэтай справе:

«Яшчэ 23 сакавіка пасьля 18-й вечара да мяне дахаты прыйшлі двое міліцыянтаў. У іх быў цэлы сьпіс, каму ўручыць позвы ў Сьледчы камітэт на 24 сакавіка. Я выдатна разумеў, што колішняе рабаўніцтва банку — гэта ўсяго толькі нагода для затрыманьня перад 25-м. Позву я ня ўзяў, бо на 24-га ў мяне былі заплянаваны сямейныя справы. Скончылася тым, што раніцай 25-га мяне затрымалі. Прымусова адвезьлі спачатку ў міліцыю, а потым у Cьледчы камітэт, дзе спыталі пра рабаўніцтва. Сказаць мне не было чаго, але замест таго, каб адпусьціць, мяне зноў павезьлі ў міліцыю і склалі пратакол за хуліганства».

Двое сутак праваабаронца правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. 27 сакавіка адбыўся суд, на якім Юрыя Бельскага пакаралі тымі самымі двума суткамі арышту, якія ён ужо адбыў.

Сёньня адбыўся яшчэ адзін працэс, зьвязаны з Днём Волі. Судзьдзя Людміла Блізьнёва пастанавіла аштрафаваць праваабаронцу за тое, што ён адмовіўся ўзяць позву да сьледчага. Але такога артыкулу няма ў Адміністрацыйным кодэксе, кажа спадар Бельскі:

«Таму мяне вырашылі пакараць за няяўку па позьве. Але суд праігнараваў тую акалічнасьць, што да адказнасьці можна прыцягнуць, калі позву ўручылі належным чынам — пад подпіс. А я нічога ня браў і ні за што не падпісваўся. Адпаведна, і вінаваціць трэба не мяне, а тых, хто прыносіў позву».

Юрый Бельскі зьбіраецца абскардзіць рашэньне суду.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG