Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебскі малаказавод абвінавацілі ў фальсыфікацыі малака. «Гэта нядобрасумленная канкурэнцыя» — экспэрт


Управа Рассельгаснагляду па Цьвярской і Пскоўскай абласьцях абвінаваціла віцебскае прадпрыемства ААТ «Малако» ў фальсыфікацыі малочнай прадукцыі.

«Тэхрэглямэнтам наяўнасьць у падобнай прадукцыі тлушчаў расьліннага паходжаньня не прадугледжана. Такім чынам, гаворка можа ісьці пра фальсыфікацыю малочнай прадукцыі: вытворцы замянілі ў сыры больш як 85% малочнага тлушчу на расьлінны», — падкрэсьліваецца ў заяве.

На прадпрыемстве ААТ «Малако» абвінавачваньне, выстаўленае расейскім наглядным органам, катэгарычна абвяргаюць.

Андрэй Юркоў

Андрэй Юркоў

Свабода запыталася ў экспэрта ў галіне сельскай гаспадаркі Андрэя Юркова, ці магчыма замяніць у малочнай прадукцыі 85% малочнага тлушчу на расьлінны і ці часта такое здараецца на беларускіх прадпрыемствах.

— Ці можна ў сыры незаўважна для спажыўца памяняць большую частку жывёльнага тлушчу на расьлінны?

— У сыры можна замяніць і 100% жывёльнага тлушчу на расьлінны. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць гэта зрабіць, прычым смак ад гэтага амаль не зьмяняецца, прынамсі, незаангажаваная асоба не адрозьніць. Але ж трэба разумець, што пытаньне дачыненьняў беларускіх тавараў з «Рассельгаснаглядам» даволі палітызаванае. Я ня думаю, што віцебскае прадпрыемства стала б так «паліцца» і дасылаць у Расею няякасную прадукцыю. Вельмі сумняюся ў гэтым.

— Чым кепская такая замена жывёльнага тлушчу на расьлінны?

— Па-першае, гэта нядобрасумленная канкурэнцыя. Расьлінныя тлушчы танныя — разы ў тры таньнейшыя за жывёльныя. Калі яшчэ дадаць хімічныя рэчывы, то структуру такога прадукту складана адрозьніць ад звычайнага сыру. Таму кошт такога прадукту павінен быць у два-тры разы меншы. І называцца ён павінен ня «сыр», а «сырны прадукт».

— Як вы лічыце, ці часта беларускія прадпрыемствы грэшаць такой падменай? І куды накіроўваецца сыр з замененым тлушчам — на ўнутраны ці зьнешні рынак?

— Такое бывае. Але я думаю, што такое можа быць толькі з той прадукцыяй, якая ідзе на ўнутраны рынак. Я, напрыклад, беларускіх сыроў не набываю. Стараюся набываць украінскія і літоўскія, да іх большы давер. Што да зьнешняга рынку, то я перакананы, што прадпрыемствы вытрымліваюць усе стандарты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG