Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрконіс: «Калі нехта дорыць Лукашэнку аўтамат, то нехта павінен падарыць яму і компас, каб не заблукаць у тумане ў адносінах з ЭЗ»


Гэтым тыднем Беларусь наведваюць некалькі дэлегацыяў з Эўразьвязу і ЗША. У чым прычыны такой дыпляматычнай актыўнасьці? Якіх мэтаў імкнуцца дасягнуць афіцыйны Менск і Захад? Да якой мяжы могуць пацяплець дачыненьні?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік інтэрнэт-парталу tut.by Арцём Шрайбман зь Менску і літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс зь Вільні.

У чым прычыны дыпляматычнай актыўнасьці?

Валер Карбалевіч: «Мінулым тыднем Менск наведаў і быў прыняты Аляксандрам Лукашэнкам міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Гэтым тыднем у Беларусь прыяжджаюць адразу некалькі дэлегацыяў і афіцыйных асобаў: намесьнік генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хэльга Шмід; спэцыяльны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі, італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні; намесьнік старшыні групы Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапарлямэнце Сандра Калніеце; намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Эрык Рубін. З чым зьвязаная такая дыпляматычная актыўнасьць?»

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман: «Тут ёсьць пэўнае супадзеньне. Але такая шчыльнасьць візытаў сьведчыць пра тое, што адносіны паміж Беларусьсю і Захадам перажываюць уздым. Абодва бакі спрабуюць намацаць прымальны для іх фармат. Пры гэтым бакі імкнуцца захаваць твар».

Віціс Юрконіс: «Сытуацыя ў рэгіёне ўплывае на адносіны паміж Беларусьсю і Захадам. Асабліва Менск імкнецца выкарыстаць гэты момант. Але замежная палітыка Беларусі ў асноўным не мяняецца. Проста зноў, як і напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, паўтараецца фаза дыялёгу».

Якіх мэтаў імкнуцца дасягнуць афіцыйны Менск і Захад?

Карбалевіч: «Якія мэты і задачы ставяць суб’екты гэтага перамоўнага працэсу: афіцыйны Менск, ЭЗ, ЗША? Вось Лукашэнка, прымаючы ў аўторак намесьніка генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хэльгу Шмід, адзначыў, што нашы адносіны не такія туманныя, як раней, і выказаў спадзяваньне, што гэта пачатак добрага дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ. Ці сапраўды гэта так?»

Шрайбман: «Дыялёг і ёсьць прамежкавая мэта. Бакі не разьлічваюць на глябальнае пацяпленьне сваіх адносін. Бо дзеля гэтага няма перадумоў. Беларусь ня можа зьмяніць вэктар сваёй замежнай палітыкі, адмовіцца ад арыентацыі на Расею. І ЭЗ не гатовы збліжацца зь Беларусьсю ні з палітычнага, ні зь фінансавага гледзішча. Адбываецца прагматызацыя дыялёгу».

ЭЗ не гатовы збліжацца зь Беларусьсю ні з палітычнага, ні зь фінансавага гледзішча

Юрконіс: «Калі нехта дорыць Лукашэнку аўтамат, то нехта павінен падарыць яму і компас, каб не заблукаць у тумане ў адносінах з ЭЗ. Насамрэч, ізаляцыі Беларусі і не было. Цяпер працэс супрацоўніцтва становіцца больш інтэнсіўным. Менск імкнецца атрымаць ад Захаду фінансавую, матэрыяльную дапамогу. Для яго таксама важныя пытаньні балянсаваньня паміж Расеяй і ЭЗ. Хоць і ў Маскве, і ў Брусэлі разумеюць, што гэта гульня, але гэта нядрэнна працуе».

Карбалевіч: «Падаецца, што на гэтым этапе абодва бакі задавальняе сам працэс, ніводзін бок і ня ставіць задачу дасягнуць нейкіх важных вынікаў».

Шрайбман: «Думаю, на значную фінансавую дапамогу з боку ЭЗ Менск і не разьлічвае. І гэта моцна адрозьнівае цяперашнюю сытуацыю ад той, якая была напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Магчыма, Менск імкнецца такімі залётамі з ЭЗ больш вытаргаваць ад Расеі напярэдадні выбараў».

Ці ідзе працэс «азэрбайджанізацыі» Беларусі?

Карбалевіч: «Дасюль галоўнай задачай ЭЗ адносна Беларусі было паспрыяць яе дэмакратызацыі. А цяпер праваабаронцы перасьцерагаюць ад спробы „азэрбайджанізацыі“ Беларусі. То бок ад вынясеньня пытаньня правоў чалавека за дужкі двухбаковых дачыненьняў. Яны кажуць, што дыялёг ідзе па правілах Менску. Менавіта беларускае кіраўніцтва настойвала на прагматызацыі адносін. Ці слушныя такія высновы?»

Юрконіс: «Дэмакратызацыя патрэбная не Брусэлю, а самім беларускім грамадзянам. Гэтае пытаньне ня зьнікла з парадку дня палітыкі ЭЗ адносна Беларусі. Хоць цяпер геапалітычныя меркаваньні і пераважаюць.

Але можна паглядзець на адносіны з прагматычных меркаваньняў. Вось у Беларусі дрэнна атрымліваецца супрацоўніцтва з суседзямі наконт будоўлі АЭС пад Астраўцом. Таксама Беларусь блякуе рэалізацыю дамовы аб малым памежным руху. Самаізаляцыя Беларусі толькі павялічвае залежнасьць краіны ад Расеі».

Шрайбман: «У пэўным сэнсе, сапраўды, дыялёг ідзе на ўмовах Менску. І гэта „дасягненьне“ беларускай дыпляматыі. Але да „азэрбайджанізацыі“ справа ня дойдзе. Бо, па-першае, Беларусь, у адрозьненьне ад Азэрбайджану, знаходзіцца ў Эўропе. Па-другое, Азэрбайджан — пастаўшчык энэрганосьбітаў у ЭЗ. Гэта важна на тле таго, што Эўропа імкнецца пазбыцца вялікай залежнасьці ад Расеі. Таму параўноўваць яго зь Беларусьсю ня варта».

Юрконіс: «Спробы „азэрбайджанізацыі“ ідуць не з ЭЗ, а ад Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG