Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юравічы можна лічыць самым абжытым месцам у Беларусі. Бо першыя людзі тут зьявіліся ажно 26 тысяч гадоў таму. Трэба аддаць належнае тым першабытным людзям. Пагоркі, на якіх разьлегліся Юравічы, вельмі маляўнічыя. З вышыні юравіцкіх гор, здаецца, бачыш усё Палесьсе, да самай Украіны. Ажно дух займае. І тое, што каля падножжа той гары аднойчы знайшлі больш за трыццаць шкілетаў мамантаў, кажа ня толькі пра добры апэтыт нашых продкаў, але і пра іх тонкі эстэтычны густ. Есьці смажаніну з маманта трэба ў адпаведным антуражы. Каб навакольная панарама адпавядала велічы стравы.

У Юравічах, напэўна, самы незвычайны школьны музэй у Беларусі. Бо столькі мамантавых костак няма нідзе. Колькі ні вывозілі іх у сталіцы, але і мясцовым дзеткам засталося нямала. Настаўніца гісторыі Ганна Ганчарэнка — чалавек вельмі неабыякавы да сваёй справы.

— Гэтая стаянка была знойдзеная настаўнікам Юльянам Попелем. Ён сын сьвятара, расеец, вучыўся ў Пецярбургу, меў дзьве вышэйшыя адукацыі.

З фатаздымку на нас пазірае малады прыгажун у фуражцы. Гэта яму, настаўніку Попелю, Юравічы абавязаныя сваёй славай. А вось тое, чаго не прачытаеш у вікіпэдыях. За што быў расстраляны настаўнік і археоляг?

— Ён быў настаўнікам, быў дырэктарам школы. Але ў 39-м годзе па даносе кагосьці зь мясцовых людзей яго арыштавалі і рэпрэсавалі. Мясцовыя жыхары зьвярталіся ў НКВД, пісалі, каб яго вызвалілі. Але ён быў расстраляны.

— А пра што быў данос?

— Пра банду Булака-Балаховіча. Яны ж ішлі ў 1920-м на Мазыр празь Юравічы. І габрэі вырашылі адкупіцца золатам ад рабункаў. І габрэі папрасілі Попеля, каб ён быў пасярэднікам паміж імі і балахоўцамі. І гэтае пасярэдніцтва ператварылася ў «сувязь з балахоўцамі».

Паток турыстаў у Юравічы ніколі не перасыхае.

— У 2006 годзе знайшлі парэшткі маманцяняці. І было тады цэлае паломніцтва. Нават міліцыя там дзяжурыла. А цяпер там лесьвіца. Там будзе... Ой... Музэй... У 2009-м павінен быў быць.

Калі сёньня вы падымецеся на месца стаянкі, вас чакае вялікая загадка. Можа скласьціся ўражаньне, што першабытныя людзі любілі пячоры з жалезабэтону. Насамрэч гэта сьляды дзейнасьці нядаўніх гадоў. Абласныя гомельскія ўлады задумалі зрабіць турыстычны маршрут «Залатое кальцо» Гомельшчыны. Адным з галоўных пунктаў маршруту павінны былі стаць Юравічы. На месцы стаянкі меўся паўстаць музэй пад шкляным купалам. Але сродкаў не хапіла. І паўстала бэтонная інсталяцыя. Помнік нашай сёньняшняй гаспадарлівасьці. Але ад той праграмы ўсё ж быў толк.

Юравіцкі касьцёл езуітаў, які дзесяць гадоў уяўляў сабой руіну, ужо выглядае храмам. Адноўленыя вежы, храм накрыты дахам. І трэба аддаць належнае Багародзічнаму мужчынскаму манастыру, які адраджае храм, — ідзе сапраўдная рэстаўрацыя, а не будоўля.

Сьвятар, які праходзіў па манастырскім двары, распавёў, што працы пакуль прыпыненыя на няпэўны час.

— Тое, што напісана ў пашпарце аб’екта, — гэта нязбытна. Хоць яны стараліся. Дзяржава вельмі дапамагае. Усё аднаўлялі па цаглінцы.

Чалавек, ад якога я прыйшоў у поўнае захапленьне, — гэта мясцовы фэрмэр Сяргей Гарбар. Які будуе свой варыянт раю на зямлі.

Аграсядзіба «Ліцьвін» — гэта невялікі палац на беразе старога рэчышча Прыпяці, дзе за вельмі невялікія грошы госьці атрымаюць цішыню, некранутасьць палескай прыроды і адпачынак на рацэ. Сяргею, жылістаму ўсьмешліваму спадару, 55 гадоў, ён мае сярэднюю адукацыю і далёка не сярэдняе жыцьцялюбства.

— Мы ад працы атрымліваем задавальненьне. Хоць у маім узросьце ўжо можна падумаць і пра адпачынак, вядома. Усе ўдзельнічаюць. Жонка, дзеці. Тут наймітаў няма.

— Дзяржава дапамагае?

— Не замінае.

Жонка Сяргея, Валянціна, мяне зьдзівіла ацэнкай беларускіх адпачывальнікаў у параўнаньні з расіянамі.

— Расіяне лепшыя, чым беларусы. Больш культурныя, паважлівыя, ахайныя. А нашы — хамы. Пасьля расіян можна не прыбіраць, настолькі яны ахайныя.

Цяпер гаспадары аграсядзібаў з трывогай чакаюць новых правілаў гульні ад дзяржавы. Бо пакуль усе плацяць па адной базавай у год.

— Я ў мінус працаваць ня буду. Але ж гэта ўсё я не для сябе раблю. А для людзей. Мы абыходзімся без крэдытаў. У нас ёсьць 140 гектараў зямлі. Быў табун коней, 300 галоў сьвіней было. І за кошт фэрмэрства мы і будуемся. На зямлі сёньня багатым ня будзеш. Хіба гарбатым. Крэдытаў мы не бяром, чаму і дыхаем. Каб бралі крэдыты, дык гэта ўсё даўно пайшло б з малатка. Раней мясцовыя зайздросьцілі. А цяпер перасталі. «Бачым, як ты гарбаціш».

І, вядома, як сапраўдныя гаспадары, Гарбары ня могуць спакойна пазіраць на тое бязладзьдзе, якое сёньня пануе на месцы стаянкі.

— Прыступкі зрабілі, а музэю няма. Менск заныкаў нашае маманцё. Якое знайшлі ў 2006-м годзе. Куды падзелі? Узялі на рэстаўрацыю і заныкалі. Колькі гадоў прайшло, а музэю няма. Ужо на што, а на гэта Лукашэнка мог бы грошы і выдзеліць. Бо ня ў кожным раёне такое. А маглі б і з насельніцтва сабраць па дзясятцы. І быў бы купал.

— А вы ня хочаце на сябе ўзяць збор сродкаў?

— Ня трэба мне. Скажуць, што сабе забіраем. Я лепш сама дам.

Ад’яджаючы зь Юравіч, я заўважыў яшчэ адну цікавостку. Аўтобусны прыпынак, размаляваны на тэму першабытных людзей. Калі чалавек ня ў тэме, можа і спалохацца. Мне ўсё ж здаецца, нашы продкі не былі такімі страшнымі гопнікамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG