Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат-беларус Юрась Зянковіч перашкаджаў раздаваць «георгіеўскія стужкі» ў Нью-Ёрку


Юрась Зянковіч з жонкай, фота Дзьмітрыя Шчыгельскага — тут і далей

Юрась Зянковіч з жонкай, фота Дзьмітрыя Шчыгельскага — тут і далей

Беларус зь бел-чырвона-белым сьцягам тлумачыў нью-ёркцам, што людзі з георгіеўскай стужкай у гэты момант забіваюць украінцаў на Данбасе.

2–3 траўня расейскія жыхары Нью-Ёрку раздавалі георгіеўскія стужкі. Адвакат-беларус Юрась Зянковіч з жонкай Аленай выйшлі на гэтую акцыю пад бел-чырвона-белым сьцягам і з уласнымі мэтамі.

«Пра акцыю расейскіх актывістаў мы даведаліся выпадкова ў нядзелю, — распавядае Юрась Зянковіч. — Каля 12 гадзіны прайшла інфармацыя ў Фэйсбуку, што недзе а трэцяй яны будуць раздаваць георгіеўскія стужкі каля Бруклінскага мосту. За тры гадзіны было досыць цяжка арганізаваць вялікую колькасьць людзей. Але я прыйшоў з жонкай. На месцы да нас далучылася некалькі ўкраінцаў, нават адна дзяўчынка з Расеі і беларус, які жыве ў Нямеччыне».

Зянковіч кажа, што сама акцыя прайшла мірна. Арганізатары прыставілі да іх «асабістага канваіра», які сачыў, каб не было правакацыяў:

«Падчас праходу па Бруклінскім мосьце мы ўшыхтаваліся ў калёну расейскіх актывістаў і тлумачылі амэрыканцам, што пад гэтымі сымбалямі, так званымі „каларадзкімі“ стужкамі, у гэтыя самыя дні расейскія найміты забіваюць грамадзянаў Украіны на Данбасе. Пасьля гэтага людзі іх проста выкідалі ў рэчку», — кажа Юрась.

Зянковіч называе акцыю «правальнай». Рыхтавалі яе каля двух месяцаў, а ўдзел узялі 60–70 чалавек:

«Калі падобнае мерапрыемства арганізоўвалі ўкраінцы ў падтрымку амэрыканскага войска, на тым самым месцы на Бруклінскім мосьце зьбіралася да дзьвюх тысяч чалавек. Я лічу, што прыхільнікаў „русского мира“ ў Нью-Ёрку ня так і шмат», — кажа ён. А вось сваім удзелам спадарства Зянковічаў задаволенае:

«Мы добра павесяліліся, пакрычалі, паднялі сабе настрой. І, мяркуючы па тым, што я бачу па інтэрнэце, настрой паднялі ня толькі сабе, але і іншым людзям, — пасьміхаецца Юрась. — Людзі падыходзілі, асабліва ўкраінцы, дзячылі братам-беларусам за тое, што мы падтрымліваем іх супраць „русского мира“ і за незалежнасьць».

Паўтарыць сваю акцыю Юрась Зянковіч мяркуе ўжо 8 траўня і прапануе далучыцца да яе ўсім ахвотным.

«8 траўня пасьля абеду ў Нью-Ёрку прыхільнікі „русского мира“ зьбіраюцца ўскладаць кветкі да помніка ахвярам Другой сусьветнай вайны. Але пад ахвярамі Другой сусьветнай вайны яны досыць цікава разумеюць толькі жаўнераў РЧСА і толькі афіцэраў НКУС, партрэты якіх яны прынесьлі ў нядзелю. Мы зьбіраем украінцаў, беларусаў, грузінаў з заклікам прынесьці партрэты людзей, якія загінулі ў Другую сусьветную вайну, у прыватнасьці — падчас верасьнёўскай кампаніі ў Польшчы, падчас барацьбы супраць нямецкіх акупантаў і бальшавікоў ва Ўкраіне і Беларусі. А таксама людзей, якія загінулі, змагаючыся ў шэрагах войскаў саюзьнікаў. Спадзяюся, што акцыя будзе мець водгук, і спадзяюся, што нашых прыхільнікаў будзе больш, чым прыхільнікаў „русского мира“».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG