Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Associated Press: Малако стала для беларускай дзяржавы «белай нафтай»


Юрась Карманаў
Юрась Карманаў

Суд Маскоўскага раёну Менску пачаў разглядаць пазоў ААТ «Мілкавіта» супраць журналіста Associated Press Юрася Карманава аб абароне дзелавой рэпутацыі.

Так ААТ «Мілкавіта» адрэагавала на расьсьледаваньне Юрася Карманава, апублікаванае 25 красавіка 2016 году. Журналісты знайшлі фэрму Мікалая Чубянка пры самым Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведніку. Фэрмэр апавёў, што завод ААТ «Мілкавіта» (Хойнікі) штодня прымае ад ягонай фэрмы 2 тоны малака. Дасьледаваўшы на запыт журналіста Карманава ўзор малака з Чубянковай фэрмы, Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі зафіксаваў перавышэньне дапушчальнай нормы ўтрыманьня стронцыю-90 у 10 разоў (37,5 Бк/кг стронцыю пры норме 3,7 Бк/кг).

Працэс пачаўся, але да разгляду па сутнасьці сёньня не дайшло. Судзьдзя Алена Рудніцкая адклала на заўтра рашэньне наконт хадайніцтва з боку адказчыка, які просіць перанесьці разгляд справы з суду агульнай інстанцыі ў эканамічны суд.

Юрась Карманаў лічыць, што сутнасьць справы «не ў малацэ, а ў хваравітай рэакцыі дзяржавы на журналісцкае расьсьледаваньне».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец прысутнічаў на працэсе
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец прысутнічаў на працэсе

Карманаў заўважае, што матэрыял утрымліваў адразу некалькі фактаў, якія павінны былі б прыцягнуць увагу дзяржаўных органаў:

«Першае — мы знайшлі за калючым дротам, непасрэдна ў Палескім радыелягічным запаведніку, дзяржаўную гаспадарку, якая разводзіць коней. На момант выхаду матэрыялу ў іх было 250 коней. Сто зь іх яны прадалі ў Менск фірме, якая займаецца кумысам, — кажа Карманаў. — Другое — мы знайшлі каля знаку «Стоп. Радыяцыя» гаспадарку прыватнага фэрмэра, які вырабляе малако і прадае ў Хойнікі на завод „Мілкавіта“. Тэст паказаў перавышэньне па ўзроўні стронцыю ў 10 разоў».

Па-трэцяе, кажа журналіст, яны зьвярнулі ўвагу на тое, як руйнуюцца адселеныя радыяцыйныя вёскі, а іхнія землі ўводзяцца ў севазварот без кантролю ўзроўню забруджанасьці.

Юры Карманаў і яго адвакат Сяргей Зікрацкі
Юры Карманаў і яго адвакат Сяргей Зікрацкі

Урэшце, падчас журналісцкага дасьледаваньня высьветлілася, што ў Беларусі няма агульнадаступнага кантролю за трансуранавымі элемэнтамі, у прыватнасьці за амэрыцыем. Карманаў нагадвае, што трансуранамі, якія спэцыялісты лічаць найбольш небясьпечнымі для здароўя чалавека і навакольнага асяродзьдзя, забруджаныя 2% тэрыторыі Беларусі.

«І што мы бачым? — кажа журналіст. — Адразу пасьля [публікацыі] журналісцкага расьсьледаваньня ў справу ўмешваецца Дэпартамэнт па справах Чарнобыля. Яго не цікавяць ані радыяцыйныя коні, ані амэрыцый, ані тое, што фэрма існуе каля знаку „Стоп. Радыяцыя“. Іх цікавіць малако! Дэпартамэнт праводзіць свае тэсты, і, паводле іх, з малаком усё ў парадку».

Адкават «Мілкавіты» Павал Калтуновіч
Адкават «Мілкавіты» Павал Калтуновіч

Юрась Карманаў заўважае, што ў пазове, які паступіў на яго ў суд Маскоўскага раёну Менску, ААТ «Мілкавіта» спасылаецца менавіта на вынікі тэстаў Дзярждэпартамэнту. «Мы бачым прамое ўмяшаньне дзяржавы ў гэтую сытуацыю. Гэта і паказвае, што справа не ў малацэ, а ў свабодзе слова», — заключае журналіст.

На яго думку, патлумачыць гэтую сытуацыю можна дзяржаўнымі інтарэсамі.

«Малако стала для беларускіх уладаў сапраўднай „белай нафтай“. „Мілкавіта“ пастаўляе 90% сваёй прадукцыі ў Расею. Дзяржаве важна давесьці, што зь беларускім малаком усё ў парадку і яно бясьпечнае. Тым больш што цяпер яго спрабуюць выцесьніць з рынку», — кажа Карманаў, заўважаючы, што і тэма Чарнобыля застаецца для дзяржаўных СМІ табу.

«Дзяржава яе для сябе закрыла. Любая спроба правесьці расьсьледаваньне, пагаварыць пра Чарнобыль натыкаецца на вельмі хваравітую рэакцыю, — кажа журналіст. — А тэма прадуктаў харчаваньня вельмі чульлівая і тычыцца кожнага грамадзяніна Беларусі, які ходзіць у краму. Нельга пайсьці ў краму і купіць кавалачак бясьпечнай ежы. Тэма забруджанасьці ежы ўяўляе грамадзка значны інтарэс. Свабода слова — гарантыя гэтай бясьпекі, якую дзяржава павінна кантраляваць. Мы ж бачым зусім адваротную сытуацыю».

Юрась Карманаў кажа, што прэтэнзіі ААТ «Мілкавіта» не да канца зразумелыя, расьсьледаваньне ж праведзенае паводле клясычных патрабаваньняў да гэтага жанру. Матэрыял цытуе словы прадстаўніцы ААТ Маі Феданчук, якая кажа, што, паводле аналізаў іхнай лябараторыі, фэрмэрскае малако ўтрымлівае дапушчальныя дозы стронцыю-90 (2,85 Бк/кг).

«Мы ня можам зразумець, якую шкоду дзелавой рэпутацыі наносіць расьсьледаваньне, дзе адлюстраваная пазыцыя ўсіх бакоў», — кажа Карманаў.

ААТ «Мілкавіта» ў працэсе прадстаўленае толькі адвакатам Паўлам Калтуновічам. Кампанія патрабуе ад журналіста «абвергнуць заведама ілжывыя зьвесткі» ня толькі на сайце Associated Press, але і на 7 беларускіх, польскіх і расейскіх сайтах, якія распаўсюдзілі інфармацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG