Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стронцый у малацэ: крычаць «правакацыя» ці дасьледаваць?


Нашумелая гісторыя пра тое, што карэспандэнты агенцтва Аssociated Press знайшлі ў Хойніцкім раёне, на ўскраіне чарнобыльскай зоны адчужэньня, фэрму, якая вырабляе і прадае Палескаму вытворчаму ўчастку ААТ «Мілкавіта» радыеактыўнае малако, абляцела інтэрнэт. Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня вуснамі першага намесьніка міністра Леаніда Марыніча абвергла інфармацыю аб дзесяціразовым перавышэньні ў малацэ стронцыю-90, называючы гэта «дэзінфармацыяй» і «правакацыяй».

Апублікаваная карэспандэнтамі даведка на праверку малака зь Менскага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі, на падставе якой грунтавалася інфармацыя, разглядалася ці адно ня так, як фількава грамата.

«Тое, што надрукавана, — даводзіў Леанід Марыніч 27 красавіка, — на сёньняшні дзень не пацьвярджаецца. Тым больш па стронцыю-90 ёсьць афіцыйнае заключэньне лябараторыі, што трэба праводзіць аналіз 7 сутак».

Калі ставіцца даткліва да ацэнкі першага намесьнік міністра, то можна таксама сказаць, што ён ня мог ведаць, пацьвярджаецца ці не пададзеная журналістамі інфармацыя — з тае самае прычыны, што і для міністэрства аналіз на стронцый нельга зрабіць за пару гадзінаў ці нават за дзень.

Амаль у той самы час, калі першы намесьнік міністра даваў камэнтары, журналіст інфармацыйнай кампаніі БелаПАНу пабываў на фэрме ў вёсцы Губарэвічы Хойніцкага раёну, адкуль прадстаўнікі Аssociated Press прывезьлі малако на праверку ў Менск. Уласьнік фэрмы Мікалай Чубянок адмовіўся даць тры літры малака, каб яго паўторна праверылі ў той жа менскай лябараторыі.

Мікалай Чубянок на сваёй фэрме
Мікалай Чубянок на сваёй фэрме

Пры гэтым сьцьвярджаў, што малако ў яго на фэрме чыстае, адпавядае беларускім нарматывам — яго рэгулярна правярае Хойніцкі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта».

Нейкіх канкрэтных лічбаў утрыманьня радыенуклідаў у малацэ фэрмэр не назваў і дакумэнтаў праверкі не паказаў.

Паколькі ў бліжэйшай да фэрмы вёсцы Губарэвічы, ці дакладней — малой часткі ад яе пасьля чарнобыльскага адсяленьня й пахаваньня хатаў, ніхто кароў не трымае, давялося папрасіць малака на праверку ў гаспадароў у блізкім Стралічаве. Яны таксама здаюць яго праз нарыхтоўшчыка ў Хойнікі на згаданы вытворчы ўчастак «Мілкавіты» і, па-сутнасьці, пасьвяць свае каровы на адной і той жа тэрыторыі, нарыхтоўваюць адны і тыя ж кармы, калі не лічыць той факт, што стралічаўскія вяскоўцы не асвойваюць нанова выведзеныя з абароту пасьля Чарнобылю навакольныя землі, як гэта робяць калгасы і саўгасы.

Карова ў цэнтры вёскі Стралічава
Карова ў цэнтры вёскі Стралічава

Паказальнай была рэакцыя стралічаўцаў на просьбу купіць малака на праверку. Некаторыя зь іх адмаўляліся на той падставе, што сьледам пачнуцца праверкі, і не дазволяць ім больш прадаваць малако «Мілкавіце». А гэта цэлая драма, бо здача малака — неблагі дадатак да невялікіх пэнсіяў і тутэйшых заробкаў.

Урэшце знайшоўся гаспадар, які адшкадаваў два літры за невялікую плату.

У Гомельскім абласным цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі, куды малако было здадзена на праверку, вельмі дзівіліся просьбе зрабіць хоць бы за плату аналіз яго на наяўнасьць радыенуклідаў стронцыю-90. Маўляў, не было такіх просьбаў ад насельніцтва. Дый каштуе дорага — 242 тысячы рублёў.

Пасьля кансультацыяў і высьвятленьня ўсіх абставінаў два літры малака ўзялі на аналіз — і праз тыдзень выдалі пратакол выпрабаваньня, у якім сказана, што выпрабаваньні праводзіліся ў пэрыяд з 28 красавіка па 3 траўня. Ёсьць пячатка, подпісы інжынэра, лекара-лябаранта і загадчыка лябараторыі фізычных фактараў. У пратаколе пазначана, што ў малацэ выяўлена цэзію-137 менш за 2,9 бекерэля, актыўнасьць стронцыю-90 складае 1,63 ± 0,71 бекерэля на літар. Патрабаваньні РДУ-99 прадугледжваюць: цэзію і стронцыю адпаведна ня больш як 100 і 3,7 бекерэля на той жа літар. Але ж гэта малако не ад фэрмэрскіх кароў, а ад рагулі вясковага гаспадара.

Фотакопія пратаколу вынікаў дасьледаваньня малака на стронцый-90
Фотакопія пратаколу вынікаў дасьледаваньня малака на стронцый-90

Канечне, вельмі добра, што малако ў вясковых гаспадароў адносна чыстае. Але гэта не азначае, што ў ім няма радыенуклідаў стронцыю-90 альбо ня будзе іх у малацэ, якое спэцыялісты пасьля публікацыі Аssociated Press узялі на аналіз на фэрме Мікалая Чубянка ў Губарэвічах.

Стронцый, як вядома, назапашваецца ў костках чалавечага арганізму. Бэта-выпраменьваньне яго, сьцьвярджаюць радыебіёлягі, узьдзейнічае на чырвоны касьцяны мозг — галоўны крывятворны орган. Калі згаданага радыеактыўнага элемэнту назапашваецца шмат, то гэта ў канчатковым выніку й прыводзіць да раку крыві.

Апрача таго, у апошні час спэцыялісты пачалі часьцей гаварыць пра амэрыцый — новы радыяцыйны ізатоп, які ўтвараецца у выніку распаду плютонію. Блізкасьць вытворчых гаспадарак да зоны адчужэньня вымагае дасьледаваньня і на гэты ізатоп. Аднак харчовыя прадпрыемствы, наколькі вядома, абсталяваньня для яго выяўленьня ня маюць. Відавочна, што такія дасьледаваньні Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня мусіць замаўляць у арганізацыях, якія маюць радыехімічныя лябараторыі. На Гомельшчыне гэта інстытут радыебіялёгіі ды інстытут радыялёгіі, а таксама Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG