Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч: У польскім Сэйме гавораць пра слабасьць беларускай апазыцыі


Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

22 сакавіка дэлегацыя прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў узяла ўдзел у пасяджэньні камісіі замежных спраў Сэйма Польшчы.

На сустрэчы абмеркавалі палітычную сытуацыю ў Беларусі і ў рэгіёне, міжнародную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, зрабілі акцэнт на падрыхтоўку апазыцыі да прэзыдэнцкіх выбараў і на чаканьні, зьвязаныя зь імі.

Як паведаміў Радыё Свабода першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, самае вострае пытаньне для польскіх палітыкаў адносна Беларусі — гэта тое, што няма адзінага кандыдата і супольнага пасланьня ад дэмакратычных сілаў:

«Гэта было самае важнае, што іх цікавіла. А беларуская апазыцыя знаходзіцца ў сытуацыі адсутнасьці як супольнага пасланьня, так і адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Было адчуваньне, што польскі бок ацэньвае гэта як праяву слабасьці беларускай апазыцыі».

Паводле Юрася Губарэвіча, беларускія прадстаўнікі падкрэсьлілі, што ацэнка сытуацыі ў нашай краіне павінна грунтавацца выключна на зьменах унутры Беларусі:

«Паляпшэньне адносінаў Эўразьвязу з афіцыйным Менскам, візыты эўрапейскіх палітыкаў, якія пачасьціліся апошнім часам, не павінны прывесьці да таго, што тэматыка правоў чалавека і наяўнасьці ў Беларусі палітычных вязьняў зьнікне з парадку дня эўрапейцаў. Мы казалі, што ад Менску трэба чакаць рэальных крокаў перадусім унутры Беларусі, што ня трэба падманвацца пазыцыяй адносна падзеяў ва Ўкраіне ці нежаданьнем Аляксандра Лукашэнкі ехаць на вайсковы парад у Маскве — бо гэта ўсё тыя крокі, якія робіць рэжым Лукашэнкі дзеля самазахаваньня».

Гэта былі ўжо другія беларуска-польскія міжпартыйныя кансультацыі за апошні час, першыя адбыліся ў сьнежні.

Зь беларускага боку ў паседжаньні ўзялі ўдзел Юрась Губарэвіч, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Анатоль Лябедзька, Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» — Сяргей Калякін, сустаршыня па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец, намесьнік старшыні па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Алесь Арастовіч, кіраўнік «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Саньнікаў, кіраўнік «Беларускага дому» ў Варшаве Алесь Зарамбюк і палітык Уладзімер Някляеў.

Польскі бок прадстаўлялі каля дзясятка парлямэнтароў, сярод якіх кіраўнік камісіі замежных спраў Сэйма Робэрт Тышкевіч, кіраўніца працоўнай групы «Эўранэсту» па Беларусі, былая міністар па праблемах раўнапраўя Агнешка Казлоўска-Раевіч, былы намесьнік міністра замежных спраў Вітольд Вашчыкоўскі.

XS
SM
MD
LG