Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цела шматразовай чэмпіёнкі Беларусі Юліі Балыкінай знайшлі ў Смалявіцкім раёне


Юлія Балыкіна

Юлія Балыкіна

Цела зьніклай Юліі Балыкінай, якая працавала трэнэрам Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства «Дынама», знайшлі ў Смалявіцкім раёне.

Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

З 8 лістапада распараджэньнем намесьніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Юрыя Караева дзеля гэтых мэтаў штодня вылучалася 300 салдат. Плошча абсьледаваньня складала больш за 30 км².

Урэшце цела знайшлі ў лесе каля вёскі Старына Смалявіцкага раёну. Яго было загорнутае ў цэляфан і ўкрытае імхом.

На месцы працуе сьледча-апэратыўная група ўпраўленьня Сьледчага камітэту па горадзе Менску.

Юлію Балыкіну шукалі з 28 кастрычніка. У той дзень яна не вярнулася дадому і перастала выходзіць на сувязь. Агледзеўшы яе жытло і аўтамабіль, экспэрты прыйшлі да высновы, што зьнікненьне мае крымінальны характар. Празь некалькі дзён па падазрэньні ў злачынстве быў затрыманы знаёмы Юліі. Супраць яго распачата крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 139 КК (забойства). Апэратыўнікі мяркуюць, што падазраваны наўмысна хаваў месцазнаходжаньне трупа, перадае БелТА.

Вядома, што пра зьнікненьне жанчыны паведаміў яе знаёмы 28 кастрычніка. Сьведка апавёў, што жанчына на сваім аўтамабілі паехала да свайго дома і больш на сувязь не выходзіла.

Юлія Балыкіна нарадзілася ў 1984 годзе ў Манголіі, спортам пачала займацца ў 18 гадоў у Запарожжы (Украіна). У 2008 годзе пераехала ў Беларусь. Выступала на Алімпіядзе 2012 году ў Лёндане за каманду Беларусі. У 2013 годзе была дыскваліфікаваная на два гады за ўжываньне допінгу (тэрмін дыскваліфікацыі скончыўся сёлета ў ліпені). Апошнім часам працавала дзіцячым трэнэрам у БФСТ «Дынама».

XS
SM
MD
LG