Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Графітысты падарылі Віцебску выяву Джона Ленана


9 кастрычніка — 75-я гадавіна нараджэньня знакамітага брытанскага музыкі, аднаго з заснавальнікаў легендарнай групы The Beatles. І ў дварах паміж вуліцамі Кірава, Будзённага і Камсамольскай на трансфарматарнай падстанцыі зьявіўся новы твор стрыт-арт-групы «StreetSkills», прысьвечаны музыку, сьпеваку і кампазытару.

Вулічныя мастакі засталіся вернымі свайму стылю — за ўзор малюнку ўзяты рэальны фатаздымак, апрацаваны графіцістамі.

Стрыт-арт-група «StreetSkills» створана адносна нядаўна, але ўжо набыла вядомасьць у горадзе, бо толькі за апошнія месяцы ў Віцебску зьявілася з паўдзясятка малюнкаў двух аўтараў — Глеба Каштанава і Яна Кузьміна. У тым ліку выява Марка Шагала, мастака сусьветнай велічыні, які паходзіў зь Віцебшчыны.

Зрэшты, гэтымі днямі ў Віцебску зьявіўся і яшчэ адзін малюнак падобнай тэматыкі. Гомельскі графіціст Улад Хвастоў вырашыў увасобіць мастака-авангардыста Эль Лісіцкага, вучня Юдаля Пэна і выкладчыка віцебскай Народнай мастацкай вучэльні, адчыненай у 1919 годзе Маркам Шагалам, тагачасным Упаўнаважаным Калегіі па справах мастацтва ў Віцебскай губэрні.

Малады гомельскі мастак працуе разам зь віцебскім калегам. І Эль Лісіцкі паводле мастацкага эскізу графіціста выглядае досыць нетрадыцыйна, як на пачатак мінулага стагодзьдзя. Ён у джынсах і красоўках, але заняты пазнавальнай справай — нешта малюе на мальбэрце...

Новыя графіці зьявіліся ў Віцебску ў межах чарговага фэсту вулічнага мастацтва «Гравітацыя», які праходзіць штогод, робячы двары абласнога цэнтру больш яркімі і адметнымі.

XS
SM
MD
LG