«Спадзяюся, дэпутаты нас чуюць — мы ніколі не прагаласуем за тых, хто выступае супраць свабоды, гонару і бясьпекі жанчын», — заявіла арганізатарка пратэсту Барбара Навацкая.
Польскі парлямэнт працуе над праектам закону, які цалкам забараніў бы аборты пад пагрозай крымінальнай адказнасьці для цяжарнай жанчыны.
Цяпер аборты ў Польшчы дазволеныя толькі ў выпадку пагрозы жыцьцю маці, пашкоджаньня плоду або калі цяжарнасьць наступіла ў выніку згвалтаваньня.
Паводле афіцыйных лічбаў, штогод у Польшчы робіцца некалькі сотняў абортаў, але, паводле розных ацэнак, падпольна і за мяжой полькі робяць іх ад 100 да 200 тысяч у год.
На найбліжэйшы панядзелак заплянаваны агульнанацыянальны страйк жанчын — частка полек бярэ у гэты дзень выхадны і мае намер адмовіцца таксама ад любой хатняй працы.