Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліпковіч заклікае беларусаў ісьці на выбары — не галасаваць, а назіраць


Яўген Ліпковіч, архўінае фота
Яўген Ліпковіч, архўінае фота

У інтэрвію Свабодзе блогер Яўген Ліпковіч распавёў пра свой досьвед удзелу ў выбарах і свой прагноз вынікаў выбараў 2015 году.

Вядомы блогер Яўген Ліпковіч заклікаў беларусаў, якія не зьбіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, ня проста «паехаць да цешчы ці на рыбалку», а прайсьці трэнінг і паназіраць за выбарамі на пэўным выбарчым участку.

Яўген Ліпковіч патлумачыў Свабодзе, навошта ён сам ідзе ў назіральнікі і заклікае да гэтага іншых.

— Навошта? Ну, нас жа заклікаюць прыйсьці на выбары. А чаму б не прыйсьці на іх у якасьці назіральнікаў? Гэта не азначае, што трэба галасаваць за ці супраць, я ўвогуле прыхільнік таго, каб людзі не галасавалі. Але варта прыйсьці паглядзець, пераканацца, ці будзе яўка, ці будуць гэтак званыя «каруселі» (калі адны і тыя ж асобы галасуюць на розных участках па розных дакумэнтах). Але ж гэта адбываецца за нашы грошы — вось яшчэ аргумэнт, што трэба назіраць за іхнымі выбарамі. Да таго ж гэта адзіны легальны спосаб праверыць, ці ёсьць рэальная падтрымка ўлады насельніцтвам, пра якую яна кажа.

— А раней у вас быў досьвед назіраньня?

— На выбарах не было, гэта будзе ўпершыню. Чаму наважыўся? Ёсьць такая рэч, як крытычная маса, калі нешта набіраецца, набіраецца... Мінуў 21 год ад тых выбараў, на якіх перамог Аляксандар Лукашэнка, а жыцьцё, паводле маіх уяўленьняў, стала горшым. І мне цікава паглядзець: гэта ў мяне аднаго такія адчуваньні ці ня толькі? Колькі людзей па-ранейшаму згодныя заставацца ў гэтай сыстэме, хоць сыстэма іх мардуе, б’е, — колькі? Насамрэч не прымусіш асабліва людзей галасаваць, акрамя як салдат, якіх гоняць на ўчасткі загадам. Дык колькі такіх, хто ідзе сам?

— Мне давялося назіраць за яўкай на апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў на адным з участкаў у Менску. Паводле маіх падлікаў, яўка была нізкая, а старшыня ўчастковай камісіі назвала лічбу ў тры разы большую. Мне тады дазволілі назіраць як журналісту. А ў якім статусе вы зьбіраецеся зьявіцца на ўчастку для назіраньня?

— Дык ёсьць шмат грамадзкіх арганізацыяў, якія будуць займацца назіраньнем за выбарамі. Я вось знайшоў на «Вясьне», што ёсьць такая грамадзкая кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», і вырашыў да іх далучыцца. Хтосьці знойдзе іншую магчымасьць. Калі ёсьць жаданьне, ёсьць патрэба — заўсёды можна знайсьці, куды прыкласьці свае сілы. Хачу нагадаць, як у 2010 годзе актывістка Дар’я Каткоўская на маю прапанову правяла такі экспэрымэнт: яна публічна, у прысутнасьці замежных тэлежурналістаў перакрэсьліла ў бюлетэні прозьвішчы ўсіх кандыдатаў і кінула бюлетэнь у скрыню. Але калі скрыню ўскрылі і пачалі падлічваць бюлетэні, яго там не аказалася. Во якія цуды ў нас адбываюцца! Гэтак можа быць і цяпер, і мы мусім гэта праверыць. На маю думку, асноўныя рухавікі сацыяльнага прагрэсу — лянота і злосьць. Вось і мной рухае нянавісьць да гэтай улады і лянота — нежаданьне ёй дапамагаць. Але патрэбныя і веды. Давядзецца прайсьці трэнінг, навучыцца, за чым і як лепш назіраць. Там жа можа быць што заўгодна, трэба падрыхтавацца ў юрыдычным сэнсе. Ведаю, што нават актывісты БРСМ праходзяць трэнінгі перад назіраньнем за выбарамі. Нам таксама прыйдзецца.

— Ці вы памятаеце свае першыя ў жыцьці выбары?

— Так, памятаю. Не скажу дакладны год, але гэта было ў той год, калі ў Менску згарэў лёгкаатлетычны манеж на Каліноўскага. Нават — ці не ў адзін дзень з выбарамі гэта здарылася? Гэта быў пачатак 80-х гадоў. Мы зь сябрам, а ён быў у выбарчай камісіі ў 76-й школе, прыйшлі на ўчастак, я прагаласаваў, мы набылі ў буфэце бутэльку гарэлкі і адразу яе там расьпілі. Тады я працаваў, здаецца, на фурнітурным заводзе.

— Вам падабаліся тыя савецкія выбары?

А нам, моладзі, было цікава, што ў школьнай сталоўцы можна было расьпіць бутэльку гарэлкі

— Ня памятаю такіх пачуцьцяў. Была гэтакая падзея — выбары, ну і была. У той час гэта ўспрымалася як нешта само сабой неабходнае. Затое памятаю добра, што яны падабаліся маім бацькам, бо ў часе выбараў нешта «выкідалі» дэфіцытнае на продаж. Апэльсіны, мандарыны ці што яшчэ — бацькі заўсёды нешта гэткае прыносілі з выбараў, на якія гэтак заваблівалі людзей. А нам, моладзі, было цікава, што ў школьнай сталоўцы можна было расьпіць бутэльку гарэлкі. Да нас яшчэ нехта прычапіўся: «Што вы робіце?» А мой сябра быў такі крыху дысыдэнт, ён кажа нібыта сур’ёзна, што гэта ж сьвята — выбары. На траіх пад нейкі капусны салат управіліся з той бутэлькай.

— А за Лукашэнкаў час, за гэтыя 21 год, вы хоць раз удзельнічалі ў галасаваньні?

— Толькі ў 1994-м. Галасаваў, відаць, за Пазьняка. Ці за Шушкевіча? Хутчэй, усё ж за Шушкевіча. І ўсё, больш ня ўдзельнічаў.

— А як думаеце, ці ня варта было тады, у 1994 годзе, прыхільнікам дэмакратыі галасаваць за Кебіча, каб не прапусьціць да ўлады Лукашэнку?

— Ведаеце, гісторыя ўсё ж ня мае ўмоўнага ладу. Цяпер зразумела, што шанцаў у прыхільнікаў дэмакратычнага выбару не было ніякіх. У той час у нас была гіпэрінфляцыя, а пасьля яе да ўлады прыходзяць дыктатары. Гэтак было ва ўсіх краінах пасьля гіпэрінфляцыі, у тым ліку ў Нямеччыне 30-х гадоў. Пасьля абраньня прэзыдэнтам прайшло зусім няшмат часу, і Лукашэнка ўжо сказаў у інтэрвію нямецкім журналістам, што «...ня толькі дрэннае зьвязана з Гітлерам у гісторыі вашай краіны». І потым яшчэ шмат было супадзеньняў у тэкстах, у прамовах, якія я чытаў і параўноўваў — літаральна кавалкі адтуль ён выхопліваў. Але ці варта было тады ў першым туры галасаваць за Кебіча, каб зрабіць яму перамогу ў першым туры — ня ведаю. Магу сказаць дакладна, што калі на парлямэнцкіх выбарах у 1995 годзе Зянон Пазьняк абіраўся па Менску і ў выніку прайграў, дык тады варта было абірацца ў сваім Іўі, дзе раней ён атрымліваў 70%. Тады, ведаю дакладна, ён ня меў рацыі. Але збольшага яны ж усе не прафэсіяналы былі, так, аматары. Вось Лукашэнка — прафэсіянал у нейкіх рэчах, ва ўсякім разе ў хапальных рэфлексах.

Шанцаў у прыхільнікаў дэмакратычнага выбару не было ніякіх. У той час у нас была гіпэрінфляцыя, а пасьля яе да ўлады прыходзяць дыктатары

— Які можа быць вынік выбараў, на вашу думку?

— Намалююць якую патрэбна лічбу. Прычым гэта будзе як у гісторыі з беларускім сомам і расейскім шчупаком: сом, якога вылавіў беларускі прэзыдэнт, павінен быць большы, чым шчупак, якога вылавіў прэзыдэнт Расеі. Працэнт падтрымкі, які намалюе ЦВК, павінен быць ня меншы за 70 адсоткаў, каб прадэманстраваць легітымнасьць гэтага мерапрыемства.

— Як ацэньваеце шанцы Тацяны Караткевіч? Ці мяркуеце, што сапраўды яна можа атрымаць сур’ёзную падтрымку выбарцаў?

— Мне ня вельмі падабаецца Караткевіч, ня вельмі падабаецца, што яна робіць. Але адзначу, што пасьля яе зьяўленьня на выбарах у прэзыдэнцкай камандзе замянілі кіраўніка Міхаіла Арду на Марыяну Шчоткіну. Мне гэта паказвае, што яны нечага спужаліся. Не магу адмаўляць, што ў камандзе Лукашэнкі працуюць добрыя піяршчыкі — гэта заўважна. Вядома, часам яны перабольшваюць, бо такі піяр, як яны дэманструюць, да месца на шчыльным палітычным полі, а ня ў нас, дзе толькі адзін «атамны грыб», а іншых няма. Але тое, што яны зьмянілі Арду на Шчоткіну, дэманструе, што яны ўважліва адсачылі трэнды ў настроях выбарцаў і адрэагавалі на такі фактар, як зьяўленьне на выбарах менавіта жанчыны. Шмат за кошт толькі гэтага фактару яна зьбярэ, ці не — не бяруся сказаць. Але сымптом такі заўважны.

— А колькі, на вашу думку, Тацяне Караткевіч трэба сабраць працэнтаў галасоў, каб Лукашэнка адчуў маральную паразу?

— Не — гэта палітычнае цыганства, я гадаць ня буду. Тут могуць і больш даць, і менш — што заўгодна. Такія людзі пры ўладзе — нічога нельга прагназаваць. Памятаеце адну банкіршу дзяржаўнага банку, якую зьнялі з пасады? Казала, што на чаравікі не хапае грошай, а аказалася, што ў яе два дамы па амаль мільёну даляраў кожны. Мяркуеце, тыя, хто будзе складаць вынікі пратаколаў, чымсьці адрозьніваюцца? Тое самае.

Яўген Ліпковіч паведаміў, што, акрамя блогерства, піша сцэнары для фільмаў і мастацкую кнігу пра сучаснае жыцьцё.

«Калі шчыра, ад публіцыстыкі мяне ўжо ванітуе. Публіцыстыка пасьля чалавека не застаецца. Палітычныя кампаніі мінаюць, дый я не палітоляг, які напіша кнігу, па якой потым будуць вучыцца. А вось літаратура...Урэшце, трэба напісаць сваю „Вайну і мір“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG