Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкладайце смартфоны — гуляйце і камунікуйце ўжывую!


Павал Берасьнёў
Павал Берасьнёў

Маладая сям’я Берасьневых зь Менску спрабуе вярнуць людзей з кампутарных у жывыя гульні, прычым па-беларуску. Павал і Вольга Берасьневы стварылі новую настольную гульню «Разам!». Што іх да гэтага падштурхнула ў наш высокатэхналягічны час, Свабодзе распавёў Павал Берасьнеў.

У сьвеце смартфонаў і пляншэтаў настольная гульня падаецца чымсьці зь мінулага стагодзьдзя, але гэта не перашкаджае Паўлу верыць, што такая забава можа быць запатрабаванай сярод моладзі, якая пачынае асэнсоўваць, што, утаропіўшыся ў экран мабільнай прылады, чалавек пазбаўляе сябе радасьці жывой камунікацыі зь сябрамі:

«Калі я бачу зусім маленькіх дзяцей, якія сядзяць на лавачцы і гуляюць у гульні на мабільных прыладах, мне становіцца сумна. Ня буду адмаўляць, што новыя тэхналёгіі заваёўваюць усё больш і больш прасторы ў жыцьці сучаснага чалавека. Але пры гэтым ёсьць людзі, якія ў вольны час зьбіраюцца і гуляюць у настольныя гульні. Прайшло пару дзён, як мы абвясьцілі пра выпуск гульні „Разам!“, і ўжо прыйшло шмат замоваў. Гэта сьведчыць, што будучыня ня толькі за пляншэтамі і смартфонамі, але і за жывой чалавечай камунікацыяй».
Калі я бачу зусім маленькіх дзяцей, якія сядзяць на лавачцы і гуляюць у гульні на мабільных прыладах, мне становіцца сумна
Першы наклад гульні вельмі абмежаваны — усяго 100 асобнікаў. Гульню можна замовіць у пунктах, пазначаных на сайце Разам!.

«Разам!» — настольная гульня, створаная для таго, каб у кампаніі сяброў можна было весела бавіць час па-беларуску. Гульня пабудаваная на камунікацыі паміж людзьмі і папулярным сярод моладзі загадваньні і адгадваньні словаў.

Каб гуляць, патрэбныя мінімум 4 чалавекі. У скрынцы — поле для гульні, карткі са словамі, фішкі, кубік і пясочны гадзіньнік. Калоды картак разьбітыя на складаны і просты ўзроўні: пачаткоўцы могуць гуляць толькі простымі калодамі, а тыя, хто добра ведае беларускую мову, маюць магчымасьць карыстацца адразу ўсімі калодамі — і простымі, і складанымі.

Аўтары абяцаюць, што ў працэсе гульні пашыраецца беларускі слоўнікавы запас, удзельнікі вучацца падбіраць сынонімы і тлумачыць зьявы і паняцьці выключна пры дапамозе беларускай мовы.

Гульцы па чарзе кідаюць кубік і загадваюць беларускія словы. Адзін чалавек загадвае, а іншы спрабуе адгадаць. Чым большая зладжанасьць паміж гульцамі, тым больш шанцаў на посьпех.

У гульні даступныя больш за 1900 беларускіх слоў. Сярод іх і шырокавядомыя па ўсім славянскім сьвеце — «сон», «Эўропа», «крыло», і больш спэцыфічныя — «жырандоля», «патэльня», «імбрык», «зэдлік».

«Апроч гэтых словаў, у гульні ўдзельнічае каля 200 імёнаў выбітных беларусаў, якіх таксама трэба загадваць і адгадваць. Тыя, хто іх ня ведае, змогуць пашырыць свае веды і па гісторыі Беларусі праз гэтую настолку. Але ня трэба думаць, што гэта складаная сур’ёзная гульня. Насамрэч яна вельмі вясёлая, там ёсьць цікавыя заданьні, кшталту — пастаяць на адной назе і загадаць нейкае слова. Я лічу, што яна вельмі пасуе ня толькі каб бавіць час людзям, якія даўно сябруюць, але і для кампаніяў, якія хочуць бліжэй пазнаёміцца», — тлумачыць аўтар і стваральнік гульні «Разам!» Павал Берасьнеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG