Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына не чакае ад выніковай справаздачы БДІПЧ нічога добрага


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Выніковая справаздача назіральнай місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) пра сёлетнія парлямэнцкія выбары ў Беларусі будзе агучаная ў Менску празь месяц. Справаздачу прадставіць каардынатар кароткатэрміновых назіральнікаў на гэтых выбарах, віцэ-старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Кент Харстэд, які наведае Беларусь.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына ў сувязі з гэтым паведаміла Свабодзе, што не чакае ад канчатковай вэрсіі справаздачы нічога добрага:

«Звычайна канчатковая справаздача пра любыя выбары ў Беларусі зьмяшчае болей крытыкі ў параўнаньні з аналягічным дакумэнтам, які робіцца па гарачых сьлядах выбараў. За час, які прайшоў, БДІПЧ атрымлівае акты ўнутраных назіральнікаў, заявы, скаргі і г.д. Зразумела, што дадатковая інфармацыя нясе больш для нас нэгатыву».

Вытрымкі з выніковай справаздачы спадар Харстэд 5 лістапада прадставіў у Вашынгтоне. Галоўная выснова дакумэнту — канструктыўных зьменаў у выбарчым працэсе Беларусі так і не адбылося. Шэраг рэкамэндацыяў, якія раней зрабіў БДІПЧ, беларускія ўлады пакінулі без увагі. Кент Харстэд, які таксама зьяўляецца кіраўніком рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі, назваў абсалютна непрымальнай арганізацыю падліку галасоў. Так, нягледзячы на жорсткую крытыку зь яго боку апошніх прэзыдэнцкіх выбараў і пісьмовыя інструкцыі, накіраваныя Цэнтрвыбаркамам участковым камісіям, 24% міжнародных назіральнікаў на парлямэнцкіх выбарах так і не змаглі ўбачыць працэс падліку бюлетэняў.

Сёньня Лідзія Ярмошына правяла сустрэчу з прадстаўнікамі новастворанай арганізацыі «Ліга маладых выбарнікаў». Некаторыя з удзельнікаў гэтай сустрэчы напісалі ў сацыяльных сетках, што старшыня Цэнтарвыбаркаму нібыта скептычна паставілася да незалежнасьці Беларусі, параўнала яе з сувэрэнітэтам Манголіі. На гэта спадарыня Ярмошына прарэагавала так:

«Ведаеце, гэта злучыў нехта розныя рэчы ў адно. Сапраўды я згадвала стары жарт пра Манголію. Але вось у якім кантэксьце. Калі зайшла размова пра сувэрэнітэт Беларусі, я гаварыла, што сувэрэнітэт кожнай краіны грунтуецца найперш на эканамічнай незалежнасьці. А калі такога няма, то будзе, як з Манголіяй, пра якую жартуюць, што яна незалежная, таму што ад яе нічога не залежыць».

Старшыня ЦВК цалкам абвергла выказваньне, якое ёй прыпісалі сацыяльныя сеткі — пра скарачэньне фінансаваньня сілавых структураў Беларусі на 20%, каб выканаць патрабаваньне Міжнароднага валютнага фонду:

«Пра гэта я наагул нічога не казала. Па-першае, гэта не мая эпархія. Па другое, словы „сілавы блёк“ не з майго лексыкону».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG