Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь-Армэнія-Азэрбайджан: саюзьніцтва фармальнае і фактычнае


Вайсковыя вучэньні ў Азэрбайджане
Вайсковыя вучэньні ў Азэрбайджане

Што стаіць за афіцыйным візытам міністра абароны Беларусі ў Баку?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў

Глод: Міністар абароны генэрал-лейтэнант Андрэй Раўкоў на чале дэлегацыі Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ад учорашняга дня знаходзіцца з афіцыйным візытам у Азэрбайджане. Беларускую дэлегацыю ўжо прыняў прэзыдэнт Ільхам Аліеў. Сёньня дэлегацыя ўдзельнічае ў другой Азэрбайджанскай міжнароднай выставе абароннай прамысловасьці. Заўтра беларускі міністар правядзе сустрэчу з азэрбайджанскім калегам. Падчас яе бакі прааналізуюць стан супрацоўніцтва, абмяркуюць далейшае ўзаемадзеяньне.

Наведваньне Баку афіцыйнай вайсковай дэлегацыяй любой краіны, асабліва калі яе прымае прэзыдэнт Аліеў, адразу выклікае насьцярожанасьць у Ерэване. Армэнія і Азэрбайджан фактычна працягваюць знаходзіцца ў стане вайны. Апошнія ўзброеныя сутыкненьні сталі чарговым і, як лічаць некаторыя назіральнікі, самым цяжкім фрагмэнтам працяглай Карабахскай вайны, пачынаючы ад 1994 году, калі бакі падпісалі перамір’е.

Калі глядзець на сувязі Беларусі з гэтымі дзьвюма краінамі, то зьнешне выглядае, што сымпатыі афіцыйнага Менску павінны быць на баку Армэніі. Чаму? Па-першае, Беларусь і Армэнія ўваходзяць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы. А Азэрбайджан ігнаруе гэтую арганізацыю. Па-другое, Беларусь і Армэнія — чальцы Эўразійскага эканамічнага саюзу. А Азэрбайджан у яе не ўваходзіць. І, тым ня менш, вайсковая дэлегацыя зь Менску накіроўваецца не ў Ерэван, а ў Баку.

Калі б у Азэрбайджан цяпер паехаў не міністар абароны Беларусі, а міністар замежных спраў, то гэта яшчэ можна было б зразумець. Фармальна дагэтуль існуе так званая менская група АБСЭ па Карабахскай праблеме. Аднак пра яе дзейнасьць амаль нічога не чуваць. А высілкі больш істотных афіцыйных пасярэднікаў — Расеі, ЗША і Францыі — не прыносяць посьпеху. Яны прапаноўвалі некалькі варыянтаў замірэньня, арганізоўвалі непасрэдныя сустрэчы армянскіх і азэрбайджанскіх прэзыдэнтаў. Але любыя спробы вырашыць канфлікт цярпелі няўдачу.

Візыт міністра Раўкова ў Азэрбайджан прымеркаваны да міжнароднай вайсковай выставы. Зьяўляецца магчымасьць прадаць зброю і атрымаць за гэта грошы, якія цяпер так неабходныя беларускім уладам.

Вайсковыя аглядальнікі адзначаюць: азэрбайджанская армія была ў вялікай ступені мадэрнізаваная за мінулыя 10 гадоў з пачатку нафтавага буму нулявых гадоў. Вайсковы бюджэт Азэрбайджану ў апошнія гады роўны ўсяму дзяржаўнаму бюджэту Армэніі. А падчас красавіцкіх падзеяў азэрбайджанскае войска прадэманстравала дарагую сучасную зброю. Яе куплялі ў розных краінах. Нельга выключаць, што частка гэтай зброі беларускай вытворчасьці.

Тады робіцца зразумелым і чаму міністар Раўкоў наведвае Азэрбайджан, і чаму ягоны візыт прымеркаваны адмыслова да міжнароднай вайсковай выставы. Зьяўляецца магчымасьць прадаць зброю і атрымаць за гэта грошы, якія цяпер так неабходныя беларускім уладам. І нічога, што гэтая зброя можа быць выкарыстаная супраць партнэра па АДКБ і ЭАЭС. А калі працягваць тэму грошаў, то не выключаю, што падчас гэтага візыту будзе зроблены тэст — ці пагодзіцца Азэрбайджан паставіць у Беларусь нафту, замест той часткі расейскіх паставак, якія Масква пагражае абрэзаць. А калі пагодзіцца, то па якой цане?

Ці згодныя вы, калегі, з маім меркаваньнем, што калі беларускім уладам трэба выбіраць паміж падтрымкай саюзьнікаў і атрыманьнем грошай, яны выбіраюць грошы?

Дракахруст: Я згодны. Я б сказаў, што ў цяперашнім візыце, калі браць рэтраспэктыву адносінаў, няма нічога новага. Падчас красавіцкіх падзеяў, якія вы прыгадалі, аднаўленьня баёў у Карабаху, міністэрства замежных справаў Беларусі прыняло такую заяву, пасьля якой пасла Беларусі ў Ерэване выклікалі для тлумачэньняў, бо там амаль прамым тэкстам было сказана, што прынцып непарушнасьці межаў першасны. Іншымі словамі, Беларусь устала на бок Азэрбайджану.

Дарэчы, у тым канфлікце і Расея заняла не настолькі блізкую пазыцыю да Баку, але таксама адназначна ня ўстала на бок Ерэвану. Так што беларуская пазыцыя ня так далёка адышла ад пазыцыі Расеі.

Што да саюзьніцтва, то для беларускіх уладаў гэта выглядае ня так, што Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Армэніяй. Беларусь знаходзіцца ў тым жа саюзе з Расеяй, што і Армэнія. Бо ўласна адносінаў з Армэніяй вельмі мала — і эканамічных, і палітычных, і ўсякіх іншых. А з Азэрбайджанам шмат.

У 2010 годзе, калі быў востры газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй, калі Расея патрабавала 200 мільёнаў даляраў, адключала газ, хто даў 200 мільёнаў? Аліеў. Зараз Беларусь вінная 300 мільёнаў даляраў.

Справа ня толькі ў адносінах уласна з Азэрбайджанам. Вы памятаеце, калі ўзьнік крызыс у адносінах паміж Расеяй і Турэччынай пасьля зьбітага самалёту — хто адразу прыляцеў у Менск для перамоваў? Аліеў. Так што адносіны з Аліевым — гэта брама на Турэччыну, на Блізкі Ўсход.

У 2010 годзе, калі быў востры газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй, калі Расея патрабавала 200 мільёнаў даляраў, адключала газ, хто даў 200 мільёнаў? Аліеў. Зараз Беларусь вінная 300 мільёнаў даляраў. А хто іх дасьць? Не Ерэван. Як сьпяваў Высоцкі, «я лечу туда, где принимают».

Глод: То бок, сябраваць з багацейшымі выгадней, чым з бяднейшымі?

Цыганкоў: Справа нават ня толькі ў тым, хто багацейшы, а хто бяднейшы, але і ў іншых чыньніках, у тым ліку і ідэалягічных. Армэнія — гэта ўсё ж некансалідаваная дэмакратыя, там існуюць розныя меркаваньні, там адбываюцца больш-менш дэмакратычныя выбары, там ёсьць парлямэнцкая апазыцыя, там адбываюцца пратэсты, якія не разганяюцца і не расстрэльваюцца. Гэта ня вельмі стабільная, але ў цэлым дэмакратычная краіна.

Азэрбайджан — зусім іншае. Там адбыўся пераход улады ад аднаго Аліева да іншага, там няма дэмакратыі, няма рэальнай апазыцыі ў парлямэнце. І таму Аляксандру Лукашэнку больш камфортна весьці перамовы з азэрбайджанскім кіраўніком.

Гісторыя адносінаў афіцыйнага Менску з Ерэванам і Баку паказвае, што на самой справе ўсялякія інтэграцыйныя аб’яднаньні на постсавецкай прасторы, і нават ваенна-палітычныя, нічога ня значаць на фоне канкрэтнай сытуацыі.

Гісторыя адносінаў афіцыйнага Менску з Ерэванам і Баку паказвае, што на самой справе ўсялякія інтэграцыйныя аб’яднаньні на постсавецкай прасторы, і нават ваенна-палітычныя, нічога ня значаць на фоне канкрэтнай сытуацыі. Ну вось уваходзіць Армэнія ў АДКБ, нібыта ваенна-палітычны саюз, дзе адны ўдзельнікі павінны абараняць іншых у выпадку ваеннага канфлікту і ўвогуле праяўляць салідарнасьць, палітычную і ваенную.

А што на самой справе? У Менску нашмат больш разгалінаваныя адносіны з Азэрбайджанам, чым з Армэніяй, ня толькі эканамічныя, палітычныя, але і нават ваенныя. Армэнія знаходзіцца ў стане замарожанай вайны з Азэрбайджанам, а Беларусь рэальна падтрымлівае Азэрбайджан, а не Армэнію, хаця і знаходзіцца зь ёй у адным ваенна-палітычным блёку. Гэта кажа і пра палітычную адказнасьць на постсавецкай прасторы, і пра сутнасьць усіх гэтых аб’яднаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG