Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ярашук папярэдзіў міністра Шчоткіну пра чарговы адыёзны закон


Аляксандар Ярашук, архіўнае фота

Аляксандар Ярашук, архіўнае фота

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заклікаў міністра працы Марʼяну Шчоткіну і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў адмовіцца ад прыняцьця чарговага «адыёзнага закону», які тычыцца працоўных адносінаў.

Паводле Ярашука, Палата прадстаўнікоў мае разгледзець гэты законапраект у першым чытаньні 30 чэрвеня.

«Прыняцьце гэтага закону будзе азначаць, што Беларусь (якая для працоўных, паводле Міжнароднай канфэдэрацыяй прафсаюзаў, — адна зь дзесяці найгоршых краін сьвету) воляю ўлады становіцца месцам, дзе канчаткова і незваротна замацуецца сучаснае прыгоннае права і рабства, а самавольства і палачная дысцыпліна стануць адзіным сродкам стымуляваньня працы работнікаў», — адзначае Аляксандар Ярашук.

Прыняцьце гэтага закону будзе «непрыкрытым выклікам» Міжнароднай арганізацыі працы. Менавіта каля месяца таму МАП «асудзіла беларускія ўлады за карыстаньня прымусовай працай і заклікала іх прывесьці нацыянальныя законы ў адпаведнасьць з канвэнцыяй МАП «Аб недапушчэньні прымусовай працы».

Лабіраваньне законапраекту міністрам працы Марʼянай Шчоткінай Ярашук назваў «цынізмам і крывадушнасьцю».

«Можаце не сумнявацца, што некалі бясслаўна завершыцца экспэрымэнт беларускіх уладаў па ператварэньні працоўных у кіраваны пугай статак. А калі гэты момант наступіць, беларускія працоўныя захочуць спагнаць з тых, хто браў удзел у пазбаўленьні іх элемэнтарных працоўных правоў, рыхтаваў лёс бязмоўнага і пакорнага працоўнага быдла.

Баюся, што ў гэтым сьпісе аднымі зь першых будуць фігураваць цяперашні міністар працы і сацыяльнай абароны і ўвесь цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў. У выпадку, калі вышэйзгаданы закон будзе прыняты».

Паводле Ярашука, калі прымуць гэты закон, то нормы прэзыдэнцкага дэкрэту № 29, паводле якіх практычна ўсе працоўныя краіны пераведзены на тэрміновыя працоўныя кантракты, і дэкрэту № 5, які ўстанаўлівае самавольства адносна работнікаў, пяройдуць у Працоўны Кодэкс.

XS
SM
MD
LG