Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: «Накінуліся на мяне, каб не размаўляць пра сваю адказнасьць за 19 сьнежня 2010 году»


Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Яраслаў Раманчук адказвае на пытаньне, чаму ён зрабіў сваю сумнавядомую заяву на наступны дзень пасьля галасаваньня, ці ёсьць людзі, якія з-за гэтага дагэтуль зь ім не размаўляюць, і як ён ставіцца да Плошчы і рэвалюцыяў.

11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць пятыя ў гісторыі краіны прэзыдэнцкія выбары. Беларуская Свабода праводзіць цыкль інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Усіх калісьці зарэгістраваных кандыдатаў мы спытаем, што яны цяпер кажуць пра свой удзел у выбарах, што думаюць пра сёлетнюю кампанію, ці лічаць увогуле патрэбнай у Беларусі моцную прэзыдэнцкую форму кіраваньня. Сёньня Віталь Цыганкоў гутарыць зь Яраславам Раманчуком, кандыдатам на выбарах 2010 году.

Раманчук, на той час намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, набраў 1,98 працэнта. Раніцай 20 сьнежня, на наступны дзень пасьля галасаваньня і разгону Плошчы, Раманчук зачытаў перад тэлекамэрамі дзяржаўных каналаў сваю заяву, у якой асудзіў іншых дэмакратычных кандыдатаў, усклаў на Саньнікава, Статкевіча і Рымашэўскага віну за «беспарадкі».

— Скажыце, зь якімі пачуцьцямі вы ўзгадваеце выбарчую кампанію 2010 году? Я б нават сфармуляваў так — калі вярнуцца ў мінулае, ці бралі б вы ўдзел у той кампаніі?

— Цалкам з пазытыўнымі пачуцьцямі, я ўвогуле чалавек аптымістычны. Мы хадзілі ў кампанію з мэтамі, каб данесьці да людзей сваю праграму, каб пабачыць, ці разумеюць і прымаюць яны ідэі лібэралізму. І гэтую мэту кампанія выканала. Гэта быў неацэнны досьвед камунікаваньня зь людзьмі. Я яшчэ раз пераканаўся, што людзі ў рэгіёнах значна больш адкрытыя да новых ідэяў, чым інтэлігентная, альбо кансэрватыўная, альбо праўладная тусоўка ў Менску.

Таму альтэрнатывы размове зь людзьмі няма. Я вельмі рады, што ўдзельнічаў у гэтай кампаніі. Як кажуць, за аднаго бітага двух нябітых даюць. Мець досьвед і выкарыстоўваць яго для кампаніі адстойваньня ідэяў свабоды —гэта вельмі добра.

— Тым ня менш шмат каму ваш удзел у выбарах запомніўся перш за ўсё вашай заявай раніцай 20 сьнежня 2010 году.

Гэтыя 100 сэкунд, калі вы выступілі са сваёй заявай на наступную раніцу пасьля разгону Плошчы і якія зьмянілі ўсё ваша жыцьцё — як вы цяпер да гэтага ставіцеся? Ці можна было пазьбегнуць гэтай заявы?

— Яшчэ раз падкрэсьліваю — заява была зробленая ў кантэксьце, які быў тады. Тады трэба было зьнізіць рызыку сьмерці людзей. Я тады зрабіў усё, каб усе былі жывыя і на свабодзе. І гэта абсалютна маральная заява. Няма чаго тут спрачацца ўжо. Час паказаў, што дэмакратычныя СМІ разьвязалі кампанію па дыскрэдытацыі мяне — замест таго каб высьветліць, хто вінаваты, што адбылася правакацыя, і чаму не Раманчук вінаваты, што людзі трапілі ў турму.

— Вы і раней казалі, што зрабілі гэта, каб уратаваць Анатоля Лябедзьку. Але, тым ня менш, ён 108 дзён праседзеў за кратамі.

— Праседзеў, але справы крымінальнай не было. Я шмат рабіў намаганьняў і ў Беларусі, і за мяжой, каб ён выйшаў без таго, каб застацца ў турме на 5–10 гадоў. Я ня ведаю, што паўплывала на яго вызваленьне, але па факту сёньня Анатоль удзельнічае ў прэзыдэнцкай кампаніі, няма ніякіх абмежаваньняў для ўдзелу ў палітыцы. Я зь ім сябрую і ганаруся гэтым.

Мы, у адрозьненьне ад іншых шматлікіх гэтак званых дэмакратаў, разумеем, дзе праўда, а дзе дыскрэдытацыя і піяр, каб адвесьці адказнасьць ад сябе. Шмат беларускіх палітыкаў у той час накінуліся на мяне, каб не размаўляць пра сваю адказнасьць у падзеях 19 сьнежня. І да сёньня многія зь іх так і не патлумачылі, што было тады і ў чым была іх адказнасьць за той стрэл па дэмакратыі, які мы атрымалі.

— Ці ёсьць людзі, якія дагэтуль не размаўляюць з вамі? Ці вы патлумачылі сваю пазыцыю, ці яна была ўспрынятая?

Я і да 2010 году з большасьцю кандыдатаў ніколі не сустракаўся, так і сёньня з большасьцю зь іх у мяне няма ніякай агульнай плятформы для дыялёгу

— Я размаўляю з усімі людзьмі, зь якімі мне прыемна размаўляць і якія ідуць на кантакт. Я і да 2010 году з большасьцю кандыдатаў ніколі не сустракаўся, так і сёньня з большасьцю зь іх у мяне няма ніякай агульнай плятформы для дыялёгу. Адна з памылак і хібаў дэмакратычнай супольнасьці — у тым, што ўсіх 8 апазыцыйных кандыдатаў малявалі як нешта адно і супольнае. Такога не было ніколі.

Тыя, хто выступае за незалежную, свабодную, лібэральную Беларусь — я зь імі раблю шмат працы. І сёньня мы больш папулярныя, чым былі ў 2010 годзе. Шмат людзей засталося са мной, і цяпер многія казалі нават, каб я ўдзельнічаў у гэтай кампаніі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.

— Пасьля выбараў 2010 году вы пайшлі з пасады намесьніка старшыні АГП. Ці разглядаеце вы больш актыўны ўдзел у палітычным жыцьці сёньня?

— Я добраахвотна сышоў з пасады намесьніка і выйшаў з партыі ў 2011 годзе. Я палічыў, што больш зраблю для прасоўваньня ідэяў свабоды ў якасьці экспэрта. Па сутнасьці, тое, што я сёньня раблю — гэта таксама палітыка. Прыцягваць як мага больш людзей у грамадзкую актыўнасьць, у інтэлектуальныя дзеяньні, у адстойваньне ідэяў лібэральнай Беларусі і рынкавых рэформаў — гэта таксама форма палітыкі. У мяне сёньня аўдыторыя толькі ў сацыяльных сетках — 50–70 тысяч штодня. Гэта сьведчыць, што гэтыя ідэі карыстаюцца папулярнасьцю, і трэба гэтым шляхам ісьці. Бо рабіць штодня тое, што я раблю — гэта больш канструктыўна і патрэбна для Беларусі, чым удзел у прэзыдэнцкай кампаніі: два-тры месяцы стрэліць, а потым зноў 5 гадоў маўчаць.

У мяне сёньня аўдыторыя толькі ў сацыяльных сетках — 50–70 тысяч штодня

— Сёньня Анатоль Лябедзька ідзе на выбары з праграмай «Мільён новых працоўных месцаў» — фактычна з той самай эканамічнай праграмай, зь якой выступалі вы пяць гадоў таму. Гэта сьведчыць пра тое, што праграма настолькі добрая, ці пра тое, што партыя не захацела распрацаваць нешта больш сучаснае?

— Гэта вельмі моцны дакумэнт. Калі б гэтая праграма была рэалізаваная, Беларусь пазьбегла б прынамсі двух сур’ёзных крызісаў. Вельмі добра, што Анатоль бярэ гэтую праграму, якая карыстаецца добрым попытам сярод прадпрымальнікаў, простых людзей. Гэта насамрэч адзіная альтэрнатыва Лукашэнку. Калі б апазыцыя магла вылучыць альтэрнатывай не чалавека, а праграму, то адзіная альтэрнатыва — пасьлядоўна лібэральная рынкавая праграма. Таму я таксама актыўна прасоўваю гэтую праграму, і калі ўлады захочуць будаваць падмурак незалежнай Беларусі, то альтэрнатывы гэтай праграме я ня бачу.

— Калі ў сёньняшняй палітычнай сытуацыі, на перакананьне многіх, выбарамі зьмяніць уладу немагчыма — то якім шляхам прыйдуць перамены ў Беларусь?

— Перамены трэба прыцягваць праз адносіны людзей. Калі б актыўнасьць палітычнай апазыцыі была скіраваная не на адзін аднаго, а на пашырэньне кола сваіх сяброў сярод звычайных людзей, калі б людзі не высьвятлялі адносіны паміж сабой у Фэйсбуку, а зрабілі б сабе кола ў тысячу сяброў і сустракаліся зь імі — то не было б сёньня пытаньня, ці зьбяруць кандыдаты сто тысяч подпісаў. Калі апытаньні будуць паказваць, што 80 працэнтаў — за лібэральныя рынкавыя рэформы, то зьявяцца і новыя людзі, і попыт з боку беларускага бізнэсу. Сёньня ж дыскутуюць пытаньне «хто», а ня «што».

Мяняць Беларусь трэба перш за ўсё з боку звычайных людзей. Большасьць людзей сёньня па-за межамі ўплыву апазыцыі і тых людзей, якія хочуць зьмены. А ў рэвалюцыі я ня веру — як ня веру ў Плошчу, якая нібыта можа прынесьці перамены. Трэба марудна, штодня працаваць, каб нейкія зьмены наступілі. А тым часам наступіць яны могуць вельмі хутка — у кантэксьце таго крызісу, у які Беларусь скочваецца.

Ніколі ня быў за байкот, заўжды за ўдзел. Перадусім за ўдзел у кампаніі па прыцягненьні людзей да актыўнай грамадзкай дзейнасьці, каб яны сталі часткай сеткі распаўсюджваньня ідэяў свабоды.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG