Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны думаюць, каб я хутчэй памёр» — 92-гадовы вэтэран зь Берасьцейшчыны хоча «скардзіцца да Лукашэнкі»


Партызан, вэтэран Другой усясьветнай вайны Фёдар Леваш зь вёскі Жарабковічы Ляхавіцкага раёну больш за пяць гадоў просіць мясцовыя ўлады дапамагчы парамантаваць дах хлява.

«Дзе ж тая дапамога вэтэранам, пра якую так шмат кажуць па тэлевізары?» — пытаецца вэтэран Леваш.

«Сьмяюцца зь мяне, гэта я ў 92 гады паеду лес пілаваць?»

«Ніякай дапамогі! На 9 траўня калгас даў 200 тысяч, ды раён даў 2 мільёны. Ну, дзеці са школы прыходзяць, пытаюцца, што дапамагчы. Па тэлевізары і па радыё кажуць, што дапамагаюць... Вось дапамога! Колькі жыву, ніякае дапамогі ня меў», — апавядае Фёдар Леваш, апошні вэтэран, які цяпер жыве ў Жарабковічах. — Мне належыць 50% зьніжкі, еду па брыкет — ніякай мне зьніжкі. Я ўжо зьбіраўся да самога Лукашэнкі пайсьці і сказаць — «па тэлевізары вы ўсё паказваеце і гаворыце, а чаму я ніякага прывілею ня маю?»

Пяць гадоў вэтэран просіць улады дапамагчы парамантаваць хлеў

Пяць гадоў вэтэран просіць улады дапамагчы парамантаваць хлеў

Пяць гадоў спадар Леваш зьвяртаецца да вясковых чыноўнікаў, каб дапамаглі з рамонтам хлява. Справа зь месца ня зрушваецца, дах хлява прасеў, а шыфэр увесь дзіравы

«Старшыня сельсавету прыйдзе — „расьпішыся“. А за што расьпісвацца, кажу, паглядзі, у мяне хлеў зараз абернецца. Расьпішыся, кажа, што я быў тут. А толку, што ён прыйшоў... Нават пазіраць ня хочуць. Кожны год прыходзяць, а я ім кажу паглядзець, які ў мяне хлеў, — дайце мне бэлек, ці што... А ён кажа — я табе выпішу, едзь у лес ды рэж. Сьмяюцца зь мяне, гэта я ў 92 гады паеду лес пілаваць?»

Вэтэран кажа, што пагражаў чыноўнікам нават «скардзіцца да Лукашэнкі», аднак і гэта не дапамагло.

Вёска Жарабковічы, Ляхавіцкі раён

Вёска Жарабковічы, Ляхавіцкі раён

Юнаком — у партызаны, а добраахвотнікам — на фронт

Фёдар Леваш жыве з сынам і нявесткай, якія даглядаюць за ім. У свае 92 гады дзядуля яшчэ дапамагае па гаспадарцы. Перанёс інсульт, але застаўся на нагах, а сваім моцным поціскам рукі зьдзівіў журналістаў.

У «польскія часы» яго сямʼя жыла на хутары, мела сваю гаспадарку. «Мы жылі. Усе людзі жылі, колькі б ні было зямлі. Ты сваю зямлю паласой абробіш, здымеш ураджай. Колькі трэба там дзяржаве аддаць — значыць, аддасі. Сілай ніхто цябе не прымушаў. А што хочаш — завязеш на базар прадасі. Габрэі ўсё куплялі».

Апавядае, як яшчэ юнаком пайшоў ваяваць у партызанскі атрад. «Не хацелі браць — кажуць, ты малы, пабудзь яшчэ. Але потым узялі. Ну і ваявалі, у Картуз-Бярозе немцаў паклалі шмат...»

Ужо ў 1944 годзе, калі немцы адышлі, ён пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Прайшоў праз многія краіны Эўропы, канец вайны сустрэў у Бэрліне.

«Мяне ўзялі ў выведку. Нас было сямёра, адзін і з Масквы хлапец быў. Я ўвесь час на перадавой лініі і нават за лініяй — у тыле ворага. Было, што захапілі дзьве гарматы ўначы. Кажу, разварочвайце, зробім паніку, што будуць бегчы з усіх ног. І лупілі да канца, пакуль усе снарады ня выпусьцілі. Немцы паўцякалі, то нашы франтавікі ўжо бяз бою там за намі прайшлі».

Пасьведчаньне аб узнагароджаньні Фёдара Леваша ордэнам «Чырвонай зоркі»

Пасьведчаньне аб узнагароджаньні Фёдара Леваша ордэнам «Чырвонай зоркі»

У Бэрліне, кажа Фёдар, ён быў паранены, лекаваўся ў Маскве, атрымаў інваліднасьць. За тое, што прайшоў вайну, мае ордэны і мэдалі.

Пасьля вайны, кажа вэтэран, у камуністычную партыю не ўступаў. Тлумачыць, што не хацеў быць «парцейцам», нягледзячы на многія прывілеі, якія мелі камуністы:

«Добрыя людзі стаялі за сваю Беларусь, ішлі ў партызаны. Я пацан, не камуніст, і тое пайшоў. А яны, у гадах, па 30, па 40 год, камуністы, якія былі да вайны, пайшлі зь немцамі ваяваць, сваіх людзей забіваць. Гэтыя камуністы сталі фашыстамі. У Менску камэндантам у лягеры стаў камуніст з Жарабковічаў, забіваў палонных, людзей сваіх забіваў. А чаго ты пайшоў да немцаў, чаго не пайшоў у партызаны? У камуністы пасьля вайны такія хацелі, якія былі пры немцах замазаныя».

Жарабковіцкі сельскі савет

Жарабковіцкі сельскі савет

Фёдар Леваш адным з апошніх уступіў у калгас, які тады насіў імя Сталіна. Не хацеў, але давялося, бо калектывізацыя праводзілася суцэльная. Усё жыцьцё працаваў на калгаснай фэрме.

«Быў тут старшыня калгасу Бычкоў, езьдзіў па хутарах. А я ў калгас не ішоў, прыехаў старшыня з тым былым камэндантам. Я яму і кажу — „фашысцкая ты морда, я цябе забʼю зараз“. І гэты старшыня калгасу Бычкоў слова не сказаў, як я яго мянціў, гэтага фашыста, які стаў тут ужо камуністам,» — расказвае Фёдар.

Праўда пра вайну, якую не паказвалі ў савецкіх фільмах

«Яны думаюць, каб хутчэй я памёр. А я кажу, што я вас усіх перажыву»

«Яны думаюць, каб хутчэй я памёр. А я кажу, што я вас усіх перажыву»

Вайна была неадназначнай і не заўсёды такой справядлівай, як паказваюць у фільмах, — кажа Фёдар Леваш. Ня ўтойвае, што шмат дрэннага нарабілі ўжо ў захопленай Нямеччыне і савецкія войскі:

«А што рускія? Возьмем хату — гадзіньнік прыгожы, усё на сьценах, а яны з аўтамата... Кажу, навошта ты страляеш? Чым яно табе замінае? А яны страляюць... Заходзяць там у хату на хутары — старога і старую вывелі і расстралялі. Нашто ты, кажу, застрэліў? Ну нашто? Во якія нашы, рускія. Але былі і беларусы такія дурныя. Рускія не шкадавалі, рускія зьнішчалі. Бʼюць і жанчын, і старых, зьдзекаваліся... Маладых дзяўчат — страшна глядзець было... Я ўжо і сварыўся, і сварыўся — што вы, кажу, хлопцы робіце? Настолькі зьдзекаваліся...»

«Гэта ўсё палітыка. Бо маладыя ня ведаюць, як было. Старыя франтавікі толькі гэта ведаюць і ўсё,» — кажа вэтэран.

Вэтэран пагражае чыноўнікам скардзіцца Лукашэнку

Вэтэран пагражае чыноўнікам скардзіцца Лукашэнку

Я вас усіх перажыву

Пражыўшы доўгае і няпростае жыцьцё, Фёдар Леваш просіць хоць якой дапамогі. Ягонай праблемай зацікавіліся праваабаронцы, якія дапамаглі напісаць заяву старшыні Ляхавіцкага райвыканкаму, каб вэтэрану ўсё ж дапамаглі парамантаваць хлеў. Вэтэран кажа, што яшчэ пачакае, але і далей лічыць, што трэба ісьці «скардзіцца да Лукашэнкі».

«Яны думаюць, каб хутчэй я памёр. А я кажу, што я вас усіх перажыву,» — жартуе Фёдар Леваш пра чыноўнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG