Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія экспэрты схіляюцца да працягу дыялёгу з афіцыйным Менскам, — Янукевіч


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Дэлегацыя працоўнай групы па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Рады Эўразьвязу на чале з Пэтэры Вуарымякі сустрэлася 8 чэрвеня ў Менску з праваабаронцамі і прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партыяў.

Перад гэтым група экспэртаў наведала МЗС.

Па выніках сустрэчы эўрапейскіх экспэртаў з прадстаўнікамі апазыцыі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч апавёў карэспандэнту Свабоды, што адбылася грунтоўная размова:

«Гэта былі 28 прадстаўнікоў краінаў ЭЗ. У першую чаргу яны імкнуліся максымальна сабраць інфармацыю для міністэрстваў замежных спраў іх краінаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Іх цікавілі нашы падыходы і прагнозы на прэзыдэнцкія выбары, нашы меркаваньні адносна эфэктыўнасьці эўрапейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, адносна дыялёгу і візавых санкцый і іншыя пытаньні зьвязаныя з дынамікай стасункаў паміж ЭЗ і афіцыйным Менскам. То бок шырокае кола пытаньняў было закранутае ў гутарцы. Для беларускіх палітыкаў гэта была добрая магчымасьць данесьці сваё бачаньне да такой вялікай колькасьці прадстаўнікоў краінаў ЭЗ».

Экспэрты даволі сур’ёзна ставяцца да пэрспэктываў дыялёгу і настроены на тое, што гэты дыялёг будзе разьвівацца, апавёў Аляксей Янукевіч:

«Але такой упэўненасьці і бачаньня, куды гэты дыялёг можа прывесьці, у эўрапейскіх палітыкаў няма. То бок эўрапейцы ўваходзяць сьвядома ў гэты дыялёг, і гэта доўгатэрміновае рашэньне. Але што атрымаецца з гэтага на выхадзе, пакуль яны не ўяўляюць. Экспэрты пасьля наведваньня Менску будуць рыхтаваць справаздачы для МЗС сваіх краінаў, то бок усіх краінаў Эўразьвязу. І будуць рыхтаваць рэкамэндацыі адносна таго, якая палітыка ў дачыненьні да Беларусі мусіць ажыцьцяўляцца і якая палітыка будзе больш эфэктыўнай. Я думаю, што на сёньняшні момант яны схіляюцца да працягу дыялёгу. Але спадзяюся, што нашы салідарныя меркаваньні будуць пры гэтым улічаныя. Вельмі важна, каб падчас дыялёгу з уладамі не былі адкінутыя на другі ці трэці пляны пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека, палітычных вязьняў. І каб кантакты з грамадзянскай супольнасьцю таксама ня згортваліся, а пашыраліся. Я думаю, ёсьць вялікі шанец, што гэтыя рэчы будуць улічаныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG