Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары «Эўрабачаньня» не знайшлі палітыкі ў песьні ўкраінкі Джамалы


Джамала, фота ©Shutterstock

Джамала, фота ©Shutterstock

Інфармацыя пра тое, што Ўкраіну на конкурсе «Эўрабачаньне-2016» будзе прадстаўляць Джамала зь песьняй «1944», выклікала бурную рэакцыю ў Расеі.

Дэпутат Дзярждумы ад ЛДПР Вадзім Дзеньгін сказаў, што падобныя песьні палітызуюць «Эўрабачаньне». Сама сьпявачка перакананая, што такая рэакцыя расейскіх палітыкаў толькі больш прыцягнула ўвагу сусьветных СМІ да песьні, зь якой яна ідзе на «Эўрабачаньне».

1944-ты — год дэпартацыі крымскіх татараў. У песьні, якую засьпявае Джамала на конкурсе «Эўрабачаньне», на гэты факт гісторыі, акрамя назвы, больш нічога не паказвае. Такіх слоў, як «дэпартацыя», «крымскія татары», «Расея», «Крым», там няма.

Як паведамляе Эўрапейскі вяшчальны зьвяз у сваім твітэры, арганізатары «Эўрабачання» праверылі песьню крымска-татарскай сьпявачкі Джамалы «1944» і ня выявілі ў ёй палітычнага падтэксту.

«Экспэрты прыйшлі да высновы, што назва і тэкст песьні ня ўтрымліваюць палітычных выказваньняў і не парушаюць правілаў „Эўрабачаньня“», — заявілі арганізатары.

Джамала працытавала гэтыя словы ў сваім Instagram.

Паводле словаў самой Джамалы, «1944» — гэта песьня пра вялікую любоў да Радзімы і свайго народу, а таксама пра жанчыну, якая пранесла гэтую любоў праз усё жыцьцё.

Фінал «Эўрабачаньня-2016» пройдзе ў Стакгольме 14 траўня.

XS
SM
MD
LG