Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую таямніцу хавае справаздача пашукавікоў пра «віцебскія Курапаты»?


Крыж на месцы масавага пахаваньня пад Хайсамі

Крыж на месцы масавага пахаваньня пад Хайсамі

Мясцовыя актывісты мяркуюць, што ў справаздачы пра эксгумацыю чалавечых парэшткаў ёсьць дэталі, якія супярэчаць афіцыйнай вэрсіі ўладаў, згодна зь якой ідзецца пра пахаваньне «ахвяраў вайны», а ня сталінскіх расстрэлаў.

Увосень адмысловы 52-гі пошукавы батальён праводзіў раскопкі каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Вайскоўцаў выклікалі, бо ў лесе непадалёк ад вёскі віцебскія актывісты знайшлі чалавечыя парэшткі ў вялікіх, раскапаных невядомымі вандаламі ямінах.

Пошукавікі сабралі некалькі мяхоў чалавечых костак, у тым ліку чарапоў з кулявымі адтулінамі ў патыліцы. А таксама рэшткі мужчынскага і жаночага адзеньня ды абутку, колькі манэт, датаваных 1930-мі гадамі, і шмат гільз ад зброі, якая была на ўзбраеньні супрацоўнікаў НКВД у часы сталінскіх рэпрэсіяў. Што яшчэ знайшлі пошукавікі, актывістам упарта ня хочуць паведаміць: у перапісцы з прадстаўнікамі грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» мясцовыя ўлады спасылаюцца толькі на дзьве старонкі справаздачы вайсковага археоляга Вадзіма Таміліна — на 10-ю і 11-ю. І агучваюць уласную вэрсію: што пад вёскай Хайсы знайшлося невядомае пахаваньне ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.

Аднак мясцовыя старажылы апавядаюць, што ў гэтым лесе напрыканцы 1930-х гадоў адбываліся расстрэлы мірных жыхароў. І такіх сьведчаньняў — аповедаў, запісаных на відэакамэру, — ужо каля 30-ці, гаворыць стваральнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў:

Ян Дзяржаўцаў у лесе пад Хайсамі, архіўнае фота

Ян Дзяржаўцаў у лесе пад Хайсамі, архіўнае фота

«Каля 20 відэазапісаў я перадаў у „аргкамітэт па ўшанаваньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў“ — такі ўжо створаны пры адміністрацыі Віцебскага раёну. Але ўлады яўна спрабуюць усе людзкія няшчасьці сьпіхнуць на фашыстаў! У нас ёсьць усе падставы не давяраць гэтай пазыцыі. Па-першае, яна супярэчыць сьведчаньням мясцовых жыхароў, а па-другое, ад нас чамусьці хаваюць справаздачу пошукавага батальёну, якую мы ўжо ня першы месяц спрабуем атрымаць».

На пісьмовы запыт у адміністрацыю Віцебскага раёну актывістам адказалі, што ня могуць даслаць копію справаздачы. Бо гэта дакумэнт, які ня быў складзены ў выканкаме. І таму раяць зьвяртацца ў вайсковую часьць 28443 пасёлку Заслонава Лепельскага раёну, дзе служаць пошукавікі.

Запыт вайскоўцам паслалі. Аднак у адказе камандаваньня вайсковай часьці гаварылася, што копія справаздачы знаходзіцца ў Віцебскім райвыканкаме і па яе трэба зьвяртацца да мясцовых уладаў.

Ян Дзяржаўцаў, зразумеўшы, што актывістаў накіравалі па замкнёным коле, вырашыў пісаць скаргі:

«Гэта адзінае, што застаецца. Мы напісалі ва ўпраўленьне па ўшанаваньні памяці загінулых абаронцаў, папрасіўшы даць ацэнку пазыцыі камандаваньня вайсковай часьці 28443, якое нам адказала адмовай на просьбу даслаць копію справаздачы. А таксама напісалі паўторна ў Віцебскі райвыканкам — пра тое, што няма чаго сьпіхваць адказнасьць на вайскоўцаў і што пошукавікі параілі прасіць копію справаздачы менавіта ў райвыканкаме. Адмову адрэагаваць на нашу просьбу па сутнасьці мы расцэньваем як парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзян».

На думку спадара Дзяржаўцава, у справе знаходак пашукавікоў, ёсьць яшчэ некалькі дэталяў, якія прыхоўваюцца ад грамадзкасьці. Прыкладам, куды падзеліся два трупы, знойдзеныя пошукавікамі ў стане адноснай захаванасьці? Пра гэта актывісты чулі ад археоляга Вадзіма Таміліна. Ён жа апавёў, што на месца выклікалі міліцыю, якая забрала знаходкі. Пра іхны далейшы лёс актывісты ініцыятывы «Хайсы» паслалі запыт у Сьледчы камітэт. Яны лічаць гэтую дэталь важнай, бо ў фрагмэнце справаздачы, зь якім яны знаёмыя, гаворыцца пра «кепскую захаванасьць» парэшткаў — што тычыцца чалавечых костак, а таму пра немагчымасьць вызначыць канкрэтны час і прычыну сьмерці.

Таксама актывісты зьвярнуліся ў Віцебскі райвыканкам з чарговай прапановай зрабіць у лесе пад Хайсамі мэмарыял: пахаваць парэшткі ў тым месцы, дзе невядомыя ахвяры сустрэлі сваю сьмерць, а ня ў брацкай магіле пад чырвонай зоркай. Бо ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы» перакананыя: вэрсія ўладаў пра «ахвяр вайны» выглядае няслушнай. І нежаданьне пазнаёміць актывістаў з поўнай справаздачай пошукавікаў спараджае яшчэ большыя сумневы ў афіцыйнай вэрсіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG