Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскі журналіст змагаецца з робатамі Фэйсбуку за беларускую мову


Якуб Логінаў

Якуб Логінаў

Польскі журналіст запусьціў онлайн-курс беларускай мовы для ўкраінцаў, за што трапіў пад атаку троляў, якія дамагліся блякаваньня ягонага акаўнта ў Фэйсбуку на 24 гадзіны. Інтэрвію Свабоды.

Рэдактара парталу «Порт Європа», уласнага карэспандэнта ўкраінскага тыднёвіка «Дзеркало тижня» ў Польшчы Якуба Логінава можна назваць паліглётам — акрамя роднай польскай, ён дасканала валодае ангельскай, нямецкай, украінскай і беларускай мовамі.

Якуб Логінаў стварыў бясплатны онлайн-курс беларускай мовы для ўкраінцаў. «Гэта будзе своеасаблівай формай падзякі за падтрымку значнай часткай беларускага грамадзтва Майдану і Антытэрарыстычнай апэрацыі», — такім чынам патлумачыў Якуб Логінаў сваю новую ініцыятыву ў інтэрвію Радыё Свабода.

— Як стала вядома, фэйсбук блякуе вашы профілі. Як вы будзеце змагацца з гэтым і абыходзіць гэтыя перашкоды?

— Так, на 24 гадзіны заблякавалі ня толькі мяне, а яшчэ і Яраслава Падворскага, гэта арганізатар гуманітарнай дапамогі для Ўкраіны. Мы абскарджвалі гэтае рашэньне ў адміністрацыі Фэйсбуку, але гэта робіцца аўтаматычна, без удзелу людзей. То бок робяць гэта ня людзі, а аўтаматы. Няма пакуль магчымасьці нічога з гэтым зрабіць, акрамя як напісаць пра гэта ў прэсе, у інтэрнэце, і такім чынам ажыцьцяўляць нейкі ціск на Фэйсбук. То бок патрэбны розгалас. Раней нават прэзыдэнт Парашэнка скардзіўся самому Цукербэргу, што Фэйсбук блякуе ўкраінцаў, якія дапамагаюць АТА, і дазваляе старонкі сэпаратыстаў і падобныя профілі.

— Спадар Якуб, летась вы арганізавалі бясплатныя онлайн-курсы польскай мовы для ўкраінцаў і ўкраінскай мовы для палякаў. То бок досьвед маеце. На вашу думку, які плён, эфэкт ад тых курсаў? І за колькі часу можна авалодаць блізкай мовай? Бо ўсё ж такі мы адносімся да адной групы славянскіх моў, вашы вучні не з нуля пачынаюць...

— Наведнікі тых курсаў польскай мовы кажуць, што яны вельмі карысныя. Да таго ж вы маеце рацыю, кажучы, што мовы — польская, украінская і беларуская — блізкія. Дзякуючы гэтаму курсу можна вывучыць перадусім лексыку і асновы граматыкі, а потым ужо атрымліваць досьвед моўнай практыкі. Так што цалкам магчыма авалодаць асновамі мовы за некалькі месяцаў.

— Я згодная, што можна вывучыць лексыку, словы, транскрыпцыю, але як быць з вымаўленьнем? Ёсьць жа асаблівасьці ў кожнай мове.

— Так, безумоўна. Акрамя вывучэньня лексыкі, неабходна набірацца вопыту, слухаць радыё, глядзець фільмы на мове, якую вывучаеш. Гэта як мінімум.

— А ў вас свая, адмысловая мэтодыка?

— Так, я выкарыстаў мэтодыку, дзякуючы якой я сам некалі вывучыў украінскую і беларускую мовы. Гэта было ў 2003 годзе, калі я паехаў вучыцца па праграме абмену студэнтамі ў Кіеў. Тады ў Польшчы не было ні моўных курсаў, ні падручнікаў украінскай мовы, і мне давялося самастойна вывучаць украінскую мову. Я набыў слоўнікі, размоўнікі, выпісваў словы, якія для мяне незразумелыя, якія гучаць непадобна ў польскай і ўкраінскай мовах. Галоўнае было — вывучыць тое, што адрозьніваецца. Бо ня трэба вучыць, што кухня — гэта кухня, і шафа — гэта шафа і там, і там, — гэта і так зразумела.

— То бок ваша мэтодыка апрабаваная спачатку на сабе. Ну, вывучэньне ўкраінскай мовы і стварэньне ўкраінска-польскага онлайн-курсу можна зразумець — вы працуеце ва ўкраінскім выданьні. А што рухала вамі, калі вы вырашылі зладзіць онлайн-курсы беларускай мовы для ўкраінцаў? Навошта? І на каго разьлічаны ваш курс?

— Справа ў тым, што беларусы шмат у чым дапамагалі Ўкраіне і падчас Майдану, і нават падчас Аранжавай рэвалюцыі. Перш за ўсё я маю на ўвазе беларускамоўных беларусаў, для якіх пытаньне нацыянальнай прыналежнасьці, беларускай мовы вельмі істотнае і важнае. Сваімі курсамі я хацеў зьвярнуць увагу на гэтую дапамогу. Таму што ва Ўкраіне шмат гаворыцца, што ўкраінцам на Майдане дапамагалі палякі, грузіны. А пра беларусаў чамусьці амаль ня згадваецца. Такім чынам я хацеў бы на гэта зьвярнуць увагу і выказаць салідарнасьць зь беларусамі.

XS
SM
MD
LG