Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэзкае падзеньне расейскага рубля стала найбольш яскравым сымптомам нейкіх важных і глыбокіх працэсаў, якія адбываюцца ў суседняй краіне. Расея прыйшла ў рух. І ніхто ня можа цяпер спрагназаваць, да чаго ён прывядзе. Працэс пачаўся яшчэ ў лютым-сакавіку гэтага году, калі Масква фарсіравана рэалізавала пераможны, як яна тады лічыла, праект «Крым наш». Тое, што адбываецца цяпер, — натуральныя наступствы. Колькі разоў цягам гэтага году расейскія прапагандысты казалі, што заходнія санкцыі для такой вялікай і самадастатковай дзяржавы, як Расейская Фэдэрацыя, гэта камарыны ўкус. І вось у аўторак, які ўжо названы «чорным», кіраўніца Цэнтрабанку Расеі Эльвіра Набіуліна вымушана была прызнаць, што адна з прычынаў цяперашняга абвалу рубля — гэта фінансава-эканамічныя захады, прынятыя супраць краіны Эўразьвязам і ЗША.

Цяпер робіцца шмат прагнозаў наконт змрочнай будучыні Расеі. Ёсьць шмат меркаваньняў, якія кажуць, што гэта пачатак канца імпэрыі. Сапраўды, мы назіраем супадзеньне альгарытмаў палітычных працэсаў у цяперашняй Расеі з позьнім СССР. Гэта заўважная эканамічная слабасьць на тле агрэсіўнай замежнай палітыкі (узгадаем увядзеньне савецкіх войскаў у Аўганістан) і рэзкага абвастрэньня адносінаў з Захадам. Таксама як і цяпер, падзеньне ўсясьветных коштаў на нафту ў канцы 1980-х гадоў стала вонкавым штуршком, які разбурыў сыстэму, што вычарпала свой рэсурс. Бачная такая ж неадэкватнасьць улады. І адсутнасьць сыстэмнай апазыцыі, што дазволіла б шукаць легітымны шлях трансфармацыі сацыяльнай мадэлі. Як пісаў амэрыканскі дасьледчык Георгі Дэрлуг’ян, «імпэрскія сыстэмы на мяжы перанапружаньня схільныя да імклівага самаразбурэньня».

Хоць ЗША і ЭЗ увялі санкцыі супраць Расеі, Захад не зацікаўлены ў яе распадзе. Развал ядзернай дзяржавы на часткі — гэта жахлівы сон для заходніх сталіц

Але, зь іншага боку, у найноўшай гісторыі Расеі былі і больш цяжкія часы. Узгадаем дэфолт 1998 году. Тады расейскі рубель патаньнеў у чатыры разы. Былі вялікія затрымкі з выплатай заробкаў і пэнсіяў. Гнаілася чачэнская рана. Але краіна не распалася.

Аднак існуе шмат адрозьненьняў тых дэфолтавых часоў ад цяперашняга стану Расеі. Тады ў Дзяржаўнай Думе дамінавала апазыцыя на чале з камуністамі, якая рэзка і гучна апаніравала прэзыдэнту і выканаўчай уладзе. Цяпер у ніжняй палаце расейскага парлямэнту апазыцыя нібыта фармальна і ёсьць, але яна «ручная», цалкам паслухмяная Крамлю.

Тады прэзыдэнтам РФ быў хворы Барыс Ельцын, рэйтынг якога быў на мяжы нуля. Цяпер на чале краіны стаіць Уладзімер Пуцін, папулярнасьць якога знаходзіцца амаль на самым піку.

У канцы 1990-х насельніцтва Расеі знаходзілася ў спакойным, сонным стане. Цяпер яно ўзбуджанае дзяржаўнай прапагандай. Пераход у кароткі тэрмін, цягам аднаго году, ад эўфарыі з нагоды таго, што «Крым наш», да вялізнага расчараваньня не праходзіць бясьсьледна. Як вядома, ад любові да нянавісьці дыстанцыя невялікая.

Тут вельмі важная пазыцыя Захаду. Цяперашняя канфрантацыя паміж Расеяй і Захадам хутчэй нагадвае «халодную вайну» ў позьнія савецкія часы. У канцы 1990-х гадоў дачыненьні паміж РФ і заходнімі краінамі былі партнэрскімі. Але варта адзначыць, што хоць ЗША і ЭЗ увялі санкцыі супраць Расеі, Захад не зацікаўлены ў яе распадзе. Развал ядзернай дзяржавы на часткі — гэта жахлівы сон для заходніх сталіц. Таму ў самы крытычны момант Вашынгтон і Брусэль могуць прыйсьці на дапамогу Маскве.

Для Беларусі лёс і пэрспэктывы Расеі — зусім не акадэмічнае пытаньне. Любыя забурэньні там моцна адаб’юцца на беларускіх справах. Ужо цяпер расейскі эканамічны катаклізм ставіць на парадак дня дэвальвацыю ў Беларусі. Гэта толькі першы званочак. Зь іншага боку, верагоднасьць, што ў выпадку чаго сюды прыедуць «зялёныя чалавечкі» з георгіеўскімі стужкамі на танках, каб бараніць «русский мир», зьменшылася. Ім бы цяпер абараніць сябе.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG