Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 ліпеня Беларусь пагасіла эўрабонды на суму 1 млрд даляраў. У зьвязку з гэтым як зьменшыўся золатавалютны запас Беларусі? Як будуць выкарыстаны расейскія крэдыты? Якія пэрспэктывы атрыманьня новых замежных пазыкаў?

Удзельнікі: эканаміст Сяргей Чалы і дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Як зьменшыўся золатавалютны запас Беларусі?

Валер Карбалевіч: «Мінфін Беларусі ў аўторак 28 ліпеня пагасіў дэбютны выпуск дзяржаблігацыяў, разьмешчаных на міжнародным фінансавым рынку 3 жніўня 2010 г., на суму 1 млрд даляраў. Гэта значыць, што за адзін дзень золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР) краіны скараціліся на 1 млрд даляраў. Для краіны з адносна невялікім запасам ЗВР гэта пэўны шок. Але ні эканамічныя, ні фінансавыя экспэрты ніяк не пракамэнтавалі гэтую надзвычайную падзею. І насельніцтва, якое апошнім часам вельмі чуйнае да любых зьменаў на фінансавым рынку, здаецца, не заўважыла гэтага. Чаму?»

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы: «Справа ў тым, што за дзень да пагашэньня гэтых эўрааблігацыяў Мінфін змог знайсьці 550 млн даляраў. Міністэрства выпусьціла каштоўныя паперы на такую суму. А расейскі дзяржаўны Сбербанк выдзеліў „Беларуськалію“ крэдыт у памеры 550 млн эўра. Мяркую, што гэта такая хітрая схема. Выпушчаныя Мінфінам паперы пайшлі ў якасьці закладу Сбербанку дзеля забесьпячэньня гэтага крэдыту.

Падобная схема была ажыцьцёўлена ў 2011 годзе, калі Сбербанк таксама выдзеліў „Беларуськалію“ брыдж-крэдыт, які быў залічаны ў ЗВР Беларусі. Сэнс у тым, што ўдзел у зьдзелцы „Беларуськалія“ дазваляе не афармляць гэты крэдыт як міждзяржаўны. І фармальна гэта не павялічвае замежны доўг Беларусі».

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык: «Пра тое, што цяпер Беларусь павінна была плаціць гэты 1 млрд, было вядома даўно. Таму хто хацеў, мог падрыхтавацца загадзя».

Як будуць выкарыстаны расейскія крэдыты?

Карбалевіч: «Таксама гэтым тыднем у Беларусь прыйшоў расейскі дзяржаўны крэдыт на суму 760 млн даляраў. Ці можа Беларусь залічыць яго ў ЗВР, з улікам таго, што ён выдадзены ў расейскіх рублях і выдзелены дзеля выплаты ранейшых пазыкаў, якія Беларусь брала ў Расеі?»

Чалы: «Так, гэтыя грошы будуць пераведзеныя ў ЗВР. Але, паводле ацэнак МВФ, расейскі рубель ня ёсьць цьвёрдай валютай. Таму будзе зафіксавана агульнае павелічэньне рэзэрваў. Але ня будзе павялічана самая галоўная пазыцыя: „Рэзэрвовыя актывы ў замежнай валюце“.

Гэта другі крэдыт Расеі сёлета. Першы крэдыт быў раней, ён складаў 110 млн даляраў. То былі працэнтныя плацяжы. А вось гэты новы крэдыт — 760 млн даляраў — гэта асноўны доўг, які сёлета Беларусь павінна выплаціць і Расеі, і Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця».

Чубрык: «Рэзэрвовыя актывы Беларусі ў нацыянальным вызначэньні павялічацца. Але, паколькі гэтыя грошы пойдуць на выплату ранейшых даўгоў Расеі, то на выніковай велічыні рэзэрваў па выніках году гэта ніяк не адаб’ецца. Для Беларусі Расея — гэта крэдытор апошняй інстанцыі».

Якія пэрспэктывы атрыманьня новых замежных пазыкаў?

Карбалевіч: «Чым скончыліся перамовы з МВФ? Якія пэрспэктывы атрымаць крэдыт ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, які кантралюе Расея?»

Чалы: «З Кітаю не змаглі атрымаць міждзяржаўных крэдытаў. З Расеі таксама сёлета больш ня будзе міждзяржаўных крэдытаў. Беларусь падала заяўку на атрыманьне 3 млрд даляраў ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Гледзячы па ўсім, новая крэдытная праграма будзе аналягічная той, якая была ў 2011 годзе. Там гаворка будзе ісьці і пра ўзровень інфляцыі, і пра аб’ём прыросту крэдытаў. Думаю, праграма будзе рэалізаваная. Бо для Расеі гэта сродак кантролю за макраэканамічнай палітыкай Беларусі.

Што тычыцца МВФ. Па выніках нядаўняга візыту місіі фонду было заяўлена, што да канца году яны чакаць ад кіраўніцтва Беларусі нейкіх палітычных рашэньняў наконт рэформаў. Думаю, з наступнага году праграма пачне дзейнічаць. Гаворка ідзе пра суму 3,5 млрд даляраў».

Чубрык: «Праграма, якая абмяркоўваецца цяпер з Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця, вельмі падобная да мінулай праграмы з МВФ у 2009–2010 гг. Гаворка ішла пра тое, каб урад Беларусі спыніў дырэктыўнае крэдытаваньне дзяржпрадпрыемстваў. Але ўрад проста памяняў схемы крэдытаваньня. І я баюся, што ўсё паўторыцца. Праблема ў тым, што калі нейкі фонд выдзяляе першы транш (а гэта самая вялікая частка крэдыту), то яму ўжо цяжка адмовіцца ад працягу фінансаваньня, цяжка прызнаць, што памыліліся і што ўрад краіны не выконвае абяцаньні.

Што тычыцца крэдытнай праграмы з МВФ, то я пакуль ня бачу падставы для аптымізму. Фонд вылучае папярэднюю ўмову, каб пачаліся структурныя рэформы. А гэтага няма. Беларускі ўрад не сфармуляваў мэты рэформаў».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG