Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якаўлеўскі пра санкцыі супраць «Беларуськалія»: Любая ініцыятыва кангрэсмэна — гэта сур’ёзна


Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пракамэнтаваў Радыё Свабода магчымае ўвядзеньне Злучанымі Штатамі Амэрыкі санкцыяў супраць «Беларуськалія».

Сёньня газэта The Wall Street Journal паведаміла, што сэнатар-рэспубліканец Стыў Пірс унёс у Кангрэс ЗША законапраект, які прадугледжвае пашырэньне санкцыяў на «Беларуськалій» і ягонага трэйдэра — «Беларускую калійную кампанію».

Раман Якаўлеўскі лічыць, што да ініцыятывы амэрыканскага сэнатара трэба ставіцца вельмі сур’ёзна.

«У палітычнай сыстэме Злучаных Штатаў Кангрэс іграе ня меншую ролю, чым Белы дом — ён вельмі ўплывовы. Таму падкрэсьліваю: любую ініцыятыву сябра Кангрэса трэба разглядаць як сур’ёзную зьяву. Зразумела, што рэспубліканцы прытрымліваюцца больш жорсткай лініі ў зьнешняй палітыцы, а сэнатар Пірс узгадвае вельмі важны і адчувальны сэгмэнт беларускай эканомікі. Адным з матываў гэтага кроку можа быць тое, што нічога сутнаснага, пазытыўнага ў пляне нармалізацыі двухбаковых адносін не адбываецца. Пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека не вырашаюцца ў Беларусі, сытуацыя застаецца нездавальняючай», — кажа экспэрт.

Трэба адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка апошнім часам у сваіх публічных выступах даволі пазытыўна ацэньваў стан адносінаў Беларусі і ЗША. У нядаўнім пасланьні Нацыянальнаму сходу і беларускаму народу ён заявіў, што ЗША нарэшце зразумелі, што шлях да нармалізацыі беларуска-амэрыканскіх адносінаў «ляжыць праз раўнапраўнае канструктыўнае супрацоўніцтва», а пошук пунктаў судакрананьня са Злучанымі Штатамі Амэрыкі праз рэалізацыю праектаў у сфэры эканомікі ўжо пачаў даваць першыя вынікі.

Ня ўсё так незалежна ў беларускай зьнешняй палітыцы ад Крамля, як пра гэта гаворыць прапаганда ў Беларусі

Раней, на студзеньскай прэс-канфэрэнцыі, Лукашэнка асабліва падкрэсьліваў, што ЗША ня ціснуць на яго: «Шчыра вам кажу: на нас амэрыканцы ні ўчора, ні пазаўчора ня ціснулі. Наадварот, мы зь імі вядзем размову, мы дамовіліся: мужыкі, ну хопіць адзін аднаго паліваць у СМІ. Мы гэтага ня бачым з боку амэрыканцаў. Няма той рыторыкі, якая была».

Але Якаўлеўскі лічыць, што казаць пра сапраўдную нармалізацыю адносінаў паміж Менскам і Вашынгтонам сёньня нельга. Пра гэта сьведчыць ужо той факт, што ніякіх зрухаў у напрамку пашырэньня дыпляматычнай прысутнасьці дзьвюх краін так і не адбылося.

«Наколькі мы ведаем, ніякіх штуршкоў, каб зьявіліся амбасадары дзьвюх краін, не адбываецца — а гэта і ёсьць паказчык таго, што ня ўсё так добра і, падкрэсьліваю, ня ўсё так незалежна ў беларускай зьнешняй палітыцы ад Крамля, як пра гэта гаворыць прапаганда ў Беларусі», — адзначае міжнародны аглядальнік.

XS
SM
MD
LG