Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія адгародзіцца ад Расеі амаль 100-кілямэтровым плотам


Праект уладкаваньня ўсходняй мяжы Латвіі прадугледжвае ўзьвядзеньне на асобных яе участках агароджы агульнай даўжынёй больш чым у 90 кілямэтраў. Пра гэта у інтэрвію інфармацыйнай службе BNS паведаміў міністар унутраных спраў Латвіі Рыхард Казлоўскіс. Ён удакладніў, што ў рамках праекту плот будзе чаргавацца з камэрамі відэаназіраньня і сэнсарнымі сыстэмамі:

«Гэта неабходна не дзеля таго, каб узьвесьці паміж Латвіяй і Расеяй „кітайскую сьцяну“, а перадусім дзеля абмежаваньня плыні нелегальных мігрантаў. Паводле працэдуры, пры затрыманьні парушальніка мяжы павінны сустрэцца паўнамоцныя прадстаўнікі памежнай аховы абодвух бакоў, заяўляецца інцыдэнт: напрыклад, 10 віетнамцаў з боку Расеі перасеклі латвійскую мяжу. Пасьля канстатацыі сьлядоў Расея павінна забраць гэтых людзей да сябе. На жаль, цяпер ацэнка сьлядоў з расейскага боку не такая добрая, як была да гэтага часу», — растлумачыў Казлоўскіс.

Кіраўнік ведамства гэтаксама падкрэсьліў, што, рэалізуючы міжгранічны праект, Латвія тым самым абараняе іншыя краіны Эўразьвязу. Паводле яго словаў, зразумела, што ні адна з затрыманых асобаў заставацца ў Латвіі не жадае. Таму самая галоўная мэта — стварыць сыстэму, якая прадухіліла б магчымасьць перасекчы мяжу. Ці хаця б зрабіць так, каб былі бясспрэчныя доказы наяўнасьці сьлядоў парушальнікаў.

Сёлета на праект уладкаваньня ўсходняй мяжы зь бюджэту выдаткавана 500 тысяч эўра, на наступны год сума заплянаваная нашмат большая — 3 мільёны эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG