Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ва Ўкраіне сустракаюць салдат з вайны


Чаркасы вітаюць байцоў АТА. Відэа без камэнтароў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:56 0:00

Чаркасы вітаюць байцоў АТА. Відэа без камэнтароў

На гэтым тыдні па ўсёй Украіне віталі ўдзельнікаў антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе — у рамках ратацыі кадраў некалькі тысяч вайскоўцаў вярнуліся да сваіх сем’яў, бальшыня зь іх не была дома больш за паўгода. На ўрачыстай цырымоніі ўганараваньня вайскоўцаў і добраахвотнікаў у Чаркасах пабываў наш карэспандэнт Ігар Карней.

Позна ўвечары 24 лютага сотні людзей прыйшлі на Саборную плошчу Чаркасаў, каб вітаць сваіх герояў. Гэтае месца ля будынку абласной адміністрацыі ператварылася ў своеасаблівы мэмарыял: тут усталяваны відэаманітор у памяць пра загінулых абаронцаў кіеўскага Майдану зь «Нябеснай сотні», тут жа фотагалерэя землякоў, якія аддалі жыцьці на неабвешчанай вайне на паўднёвым усходзе Украіны, адсюль у апошні шлях усё часьцей праводзяць загінулых.

Аўтобус з чатырма дзясяткамі вайскоўцаў, які павольна набліжаўся да плошчы ў атачэньні імправізаванага эскорту, прысутныя віталі гучнымі воклічамі «Ге-ро-і! Ге-ро-і!». Значная частка тых, хто столькі месяцаў чакаў гэтага дня, — сваякі, сябры, валянтэры, яны прыехалі з усіх куткоў Чаркаскай вобласьці. Аднак цёплых абдымкаў давялося пачакаць: нават ва ўмовах вайны павінна захоўвацца пэўная працэдура.

Пад аплядысмэнты байцы пашыхтаваліся ў два шэрагі, кожнага па чарзе выклікалі да трыбуны. Некаторыя, нягледзячы на працяглую ваенную камандзіроўку, ішлі бадзёра, іншыя празь сілу падцягвалі параненыя ногі, прыціскалі пашкоджаныя рукі. Кіраўнікі вобласьці і горада ўручалі дзяржаўныя ўзнагароды, сьвятары прамаўлялі малітвы за вяртаньне, жонкі і дзеці плакалі. Першымі ўганароўвалі камандзіраў — некаторых салдаты кідаліся гушкаць — затым сваю порцыю славы атрымалі і шарагоўцы.

Пра пачатак сваёй эпапэі згадвае галоўны сяржант выведнага ўзводу 28-й горна-пяхотнай брыгады Сяргей Лугера. Летась ён добраахвотна прыйшоў на пункт мабілізацыі, быў паранены ў Дэбальцаве, цяпер выцягвае з таго «катла» сваіх сяброў:

Сяргей Лугера
Сяргей Лугера

«Справа ў тым, што калі пачалася адна, другая, трэцяя хваля мабілізацыі, то іншага варыянту папросту не было. Я сам былы вайсковец, служыў па кантракце. Паколькі шмат гадоў нашу армію тамілі, білі, ламалі, давялося ад той справы адысьці, перайсьці на цывільную службу. Але ўрэшце ня вытрымаў, прыйшоў добраахвотнікам у ваенкамат, па мабілізацыі трапіў у 128-ю брыгаду. Спачатку стаялі ў Луганску — дакладней, гэта Станіца Луганская, Макараў, розныя кірункі, бо ў нас такі ўзвод, што мы ўвесь час цыркулявалі. Потым нас перакінулі чыста на Дэбальцаўскі напрамак, мы трымалі ў асноўным Нікішына, Рэдкадуб. Пасьля ўнутры брыгады нас прараціраваў 15-ты батальён, нас крыху адвялі, мы абаранялі Халатку, Малаарлоўку і г.д.

5 студзеня я атрымаў раненьне, мякка кажучы, ня мог нармальна хадзіць. Калі крыху ачуняў, мяне хлопцы-валянтэры забралі, прывезьлі дадому, і тут я ўжо лёг у шпіталь далечвацца, каб не валяцца невядома дзе. То бок, каб не ісьці па шляху ваенных шпіталяў, мяне вывезьлі, я паехаў нібыта ў адпачынак і паляжаў сем дзён у цывільным шпіталі. У прынцыпе, такі вось кароткі шлях».

Суразмоўца кажа, што ў думках яны зь сябрамі не аднойчы разьвітваліся, бо сьмерць падбіралася ў літаральным сэнсе пад самы нос. І абвінавачвае ў гэтым ня столькі ворага, колькі армейскае кіраўніцтва, якому ў шэрагу выпадкаў на «гарматнае мяса» папросту напляваць:

Калі нас бамбілі ў Нікішыне, мы сядзелі разам, усім нашым пастом, проста разьвітваліся, нават відэа зьнялі

«Увогуле, цяжка сказаць, калі страшна больш, а калі менш. Адзінае — часам проста страчваеш адчуваньне рэальнасьці. Калі нас бамбілі ў Нікішыне, мы сядзелі разам, усім нашым пастом, проста разьвітваліся, нават відэа зьнялі. Сяло, вуліца, стацыянарная пазыцыя — любая мапа пакажа, як нас накрыць. Мы ніжэй, тыя — вышэй, ёсьць паноўныя вышыні, якія спрыяюць каардынацыі стральбы, нешта скаардынаваць няма праблемаў. Мы гаварылі, як у апошні раз, разьвітваліся, кожны ўявіў уласнае пахаваньне, хто будзе плакаць, а хто — не (сьмяецца).

Ну, а пра што яшчэ гаварыць у такой сытуацыі? Рознае згадвалі, цяпер нават цяжка агучыць, бо той стан і цяперашні — усё ж розныя рэчы. Я ўжо крыху адаптаваўся, а мой сябра ўвогуле гаварыць ня хоча, са мной яшчэ размаўляе, а іншых абмінае. Чаму так? Нягледзячы на тое, што ў яго асколкі ў воку і ў плячы, яму ў Дэбальцаве сказалі: ты пабудзь тут, у нас людзей не хапае. Чалавека пасекла асколкамі, на месцы дастаць ня здолелі, але кажуць: пасядзі яшчэ, няма кім замяніць, потым вывезем і нешта прыдумаем. Паводле армейскага прынцыпу — зялёнка чыніць цуды. То бок, зялёнкай памазалі — і хваробы праходзяць».

Выпраўленыя ў адпачынак байцы згодныя, што супраціў на ўсходзе Ўкраіны жыцьцяздольны перадусім дзякуючы народнай салідарнасьці. Па словах Сяргея Лугеры, каб не абвешчаны на нацыянальным узроўні збор сродкаў, рэчаў і харчоў, невядома, за кошт чаго можна было б супрацьстаяць агрэсару — адных маральна-валявых якасьцяў аб’ектыўна недастаткова:

«Што тычыцца вайны, то тут трэба ўлічваць адзін прынцыповы момант. Калі на высокім узроўні ўлады спрабуюць нешта казаць наконт працы ў тыле, то магу вас запэўніць: тылу як такога — на дзяржаўным узроўні — няма. Разам з тым хлопцы — грамадзкія аб’яднаньні і таму падобныя суполкі на месцах — робяць ня меней, чым мы робім там. Бо каб ня вось гэтыя людзі, валянтэры, якія тут зьбіраюць і потым перапраўляюць на пазыцыі, нічога не было б увогуле. Таму што армейскі тыл у нас працуе, мякка кажучы, вельмі слаба.

Улётка з заклікам дапамагчы вайскоўцам у зоне АТА
Улётка з заклікам дапамагчы вайскоўцам у зоне АТА

Ня ведаю дакладна, як там у іншых падразьдзяленьнях, але што да пэрсанальна нашай брыгады, то тыл практычна не працуе, усё трымаецца на цывільных людзях, на ініцыятыве, на тым, што прывозіцца, прыносіцца. То бок, нехта дапамагае тэхнікай, нехта харчамі, але ўсё вырашаецца менавіта так, неяк у сумбуры: чух-чух-чух, нешта сабралі, прывезьлі, аддалі. Адладжанага тылу няма, усё наўпрост завязана паміж валянтэрамі і перадавой. І каб ня іхняя праца, не было б нават цяперашняга стану, было б значна горш».

Дапамагчы байцам, адкамандзіраваным у зону канфлікту, рэальна ня толькі праз разгалінаваны валянтэрскі рух. Паспрыяць перамозе можна практычна ў кожнай краме — у гандлёвых залях выстаўленыя адмысловыя вазочкі, якія спраўна запаўняюцца прадуктамі харчаваньня і прадметамі першай неабходнасьці. Шараговыя ўкраінцы пакуль што вымушаныя спадзявацца збольшага на ўласныя рэсурсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG