Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як узаемныя эканамічныя санкцыі Эўразьвязу і Расеі ўплываюць на Беларусь?


Эўрапейскі Зьвяз і Расея чарговым разам абмяняліся санкцыямі. Ці сапраўды вонкавыя чыньнікі робяць вырашальны ўплыў на эканамічны крызіс у Беларусі? Выйграе ці прайграе беларуская эканоміка ад узаемных эўрапейска-расейскіх санкцыяў?

Удзельнікі: экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук і фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

Што ўплывае на эканамічны крызіс у Беларусі?

Валер Карбалевіч: «Афіцыйная статыстыка Беларусі за пяць месяцаў гэтага году паказвае трэнд на пагаршэньне сацыяльна-эканамічнай сытуацыі. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) за студзень-травень скараціўся на 3%, прамысловасьць — на 7,7%.

На мінулым тыдні Міністэрства эканомікі падвяло прамежкавыя вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны ў гэтым годзе і канстатавала, што эканамічны спад у 2015-м абумоўлены пагаршэньнем зьнешніх умоў. Ці вы згодныя з такой ацэнкай?»

Зьміцер Крук: «Не. Асноўны чыньнік нашага крызісу — гэта структурныя праблемы ў беларускай эканоміцы. Нават калі глядзець на сытуацыю чыста тэхнічна, то імпарт скарачаецца хутчэй, чым экспарт, і таму скарачэньне імпарту больш уплывае на падзеньне ВУП, чым звужэньне вонкавага рынку і, адпаведна, скарачэньне экспарту».

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб: «Інтэрпрэтацыя ўраду выглядае як нейкае самаапраўданьне. У аснове крызісу ляжаць уласныя праблемы нашай эканомікі. Нават калі стаць на пункт гледжаньня ўраду і прызнаць, што спад у Расеі прывёў да скарачэньня беларускага экспарту ў РФ, то гэта сьведчыць пра неразьвітую і недывэрсыфікаваную структуру нашага экспарту. Гэта вынік уласнага выбару беларускіх уладаў».

Чаму не атрымаўся Кландайк?

Карбалевіч: «Давайце пагаворым якраз пра гэтыя самыя вонкавыя чыньнікі. ЭЗ абвясьціў, што працягне эканамічныя санкцыі супраць Расеі да канца году. Увогуле, Эўразьвяз канстатуе, што гэтыя санкцыі будуць працягвацца да вырашэньня ўкраінскага крызісу. А паколькі пэрспэктывы такога вырашэньня даволі цьмяныя, то можна меркаваць, што санкцыі — надоўга. У адказ Расея таксама працягнула эмбарга на імпарт харчаваньня з ЭЗ. Як гэта закранае Беларусь?»

Крук: «Галоўны ўплыў санкцыяў на Беларусь палягае ў скарачэньні ў зьвязку з гэтым беларускага экспарту ў Расею. Паводле прагнозаў, ВУП РФ скароціцца сёлета на 3%, а інвэстыцыі зьменшацца яшчэ больш. І гэта адмоўна адаб’ецца на экспарце беларускай прадукцыі машынабудаваньня, станкоў і інш».

Карбалевіч: «Амаль год таму, калі Расея абвясьціла, што забараняе пастаўкі харчаваньня з ЭЗ, намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Марыніч заявіў, што для нас гэта Кландайк. Дык ці атрымаўся Кландайк?»

Іосуб: «Нічога добрага гэтыя ўзаемныя эўрапейска-расейскія санкцыі нам не нясуць. Вялікія спадзяваньні нашага ўраду, што беларускае харчаваньне заменіць эўрапейскае на расейскім рынку, ня спраўдзіліся. Значных грошай гэта нам не прынесла. На 23% павялічыліся пастаўкі малочнай прадукцыі, але на столькі ж упалі пастаўкі мяса. Экспарт гэтых тавараў адбываецца ў фіксаваных сумах у расейскіх рублях. Але ў выніку дэвальвацыі расейскага рубля Беларусь недалічылася пры экспарце харчаваньня ў Расею каля 560 млн даляраў».

Карбалевіч: «Можа, справа ў тым, што статыстыка ня ўлічвае нейкія шэрыя пастаўкі? Бо Расея шмат абвінавачвала Беларусь у рээкспарце, кантрабандзе эўрапейскага харчаваньня».

Іосуб: «Такія абвінавачваньні з боку Расеі бяздоказныя. Але калі дапусьціць, што такі рээкспарт існуе, то зарабляе на гэтым не беларускі бюджэт».

Калі б не было гэтых санкцыяў, то страты беларускіх экспартэраў былі б больш істотныя

Крук: «Часткова не пагаджуся з сп. Іосубам. Усё ж пэўную выгоду ад гэтага расейскага эмбарга на эўрапейскае харчаваньне Беларусь атрымала. Бо калі б не было гэтых санкцыяў, то страты беларускіх экспартэраў былі б больш істотныя. Па некаторых пазыцыях — напрыклад, рыба, садавіна, — Беларусь у разы нарасьціла свой экспарт у Расею.

Ад самага пачатку не было падставаў разьлічваць на Кландайк. Бо, па-першае, магутнасьці па вытворчасьці харчовых тавараў былі загружаныя ў высокай ступені, і хутка іх нарасьціць немагчыма. Па-другое, Расея часткова запоўніла нішы, якія паўзьнікалі на харчовым рынку, уласнымі таварамі».

Уплыў санкцыяў на беларускую фінансавую сыстэму

Карбалевіч: «Заходнія санкцыі рэзка скарацілі магчымасьці расейскіх банкаў атрымліваць крэдыты на Захадзе. З улікам таго, што Беларусь актыўна супрацоўнічае з банкамі РФ, нават брала там крэдыты, як гэтыя санкцыі адаб’юцца на беларускай эканоміцы?»

Можна казаць пра грошы, якія недаатрымала беларуская эканоміка. Але пра непасрэдныя страты гаворка не ідзе

Іосуб: «Скарачаецца капіталізацыя беларускіх „дочак“ расейскіх банкаў, зьмяншаецца іх магчымасьць фінансаваць праекты ў Беларусі. Таму можна казаць пра грошы, якія недаатрымала беларуская эканоміка. Але пра непасрэдныя страты гаворка не ідзе».

Крук: «Апошнія гады мы назіралі экспансію расейскіх банкаў на беларускім рынку. Цяпер яна спынілася. Але сёньня ўвесь рынак фінансавых паслугаў Беларусі ў дэпрэсіўным стане. Таму, нават калі б у расейскіх банкаў і былі грошы, то попыт скараціўся».

Карбалевіч: «Апошнімі гадамі беларуская эканоміка ня можа захоўваць статус-кво без расейскіх крэдытаў. Ці можа цяпер РФ, якая цярпіць ад заходніх санкцыяў, крэдытаваць Беларусь на ранейшым узроўні?»

Іосуб: «Расейскія крэдыты Беларусі — гэта пытаньне не эканамічнае, а геапалітычнае. Цяпер крэдытаваць Беларусь для РФ будзе складаней. Думаю, проста Масква будзе прасіць за свае крэдыты большую палітычную цану».

Крук: «Расейскае крэдытаваньне Беларусі зьменшыцца. Але ня толькі таму, што ў самой РФ стала менш грошай. А найперш, таму, што патрэба Беларусі ў вонкавым фінансаваньні скароціцца. Напрыклад, гэтым годам вонкавыя крэдыты патрэбныя толькі дзеля рэфінансаваньня ранейшых пазык. Але істотна скарачаецца бягучы дэфіцыт гэтым і наступным годам. А раней менавіта на кампэнсацыю гэтага дэфіцыту патрэбныя былі крэдыты. Акрамя таго, Расея імкнецца, каб крэдыт Беларусі выдзяляўся не з расейскага бюджэту, а з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG