Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Магілёве жыве і працуе нігерыец Амос Акпанурам


Амос Акпанурам
Амос Акпанурам

«Беларусы — хрысьціянскі народ, але тых, хто шчыра верыць у Бога, няшмат», — лічыць пратэстант зь Нігерыі, жыхар Магілёва, бізнэсовец Амос Акпанурам. Ён перакананы: «Калі Бога ня будзе з народам, то прыйдзе голад, вайна ды нестабільнасьць».

Зь Нігерыі ў Беларусь Амос Акпанурам прыехаў вучыцца ў 1989 годзе. Скончыўшы гадавы падрыхтоўчы курс у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, нігерыец апынуўся ў Магілёўскім будаўнічым каледжы. Затым — у Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту. Па яго сканчэньні Амос уладкаваўся вядучым спэцыялістам па камэрцыйнай дзейнасьці ў бізнэс-цэнтар Міжнароднага недзяржаўнага інстытуту працоўных і сацыяльных адносінаў. Давялося Амосу папрацаваць і ў Нямеччыне. Але вярнуўся ў Магілёў да сям’і.

«Для мяне сям’я дужа важная, — кажа Амос. — Сям’я і дзеці — Божы дар. Бацькі абавязаныя гадаваць, забясьпечваць ды бараніць сваіх дзяцей».

Амос вырас у пратэстанцкай сям’і. Ягоны бацька — сьвятар. За час гутаркі суразмоўца ня раз спасылаўся на біблейскія законы, цытуючы іх.

«У мяне чатыры сястры і тры браты. Усіх гадавалі ў павазе да веры і Бога. Вывучалі слова Божае, і цяпер стараемся жыць паводле яго. Калі чалавек гэтак жыве, то адчувае адказнасьць перад Богам і людзьмі. Гэтая адказнасьць не дае рабіць шкоду іншым. У маёй сям’і таксама ўсе шчырыя вернікі. Мы спадзяемся на Божую ласку, і Бог дапамагае нам».

Беларусу не зашкодзіла б разабрацца з самім сабой

Амосу Акпанураму 47 гадоў. У яго трое дзяцей — дачка і два сыны. Па словах Амоса, ягоная жонка — беларуска, таксама шчырая верніца. Але ў Беларусі, тлумачыць Амос, яму найбольш сустракаюцца атэісты.

«Беларусы — хрысьціянскі народ, але тых, хто шчыра верыць у Бога, няшмат, — распавядае вернік. — Многія кажуць, што вераць, але іхная вера ня ў сэрцы. Ня можа быць так: тут веру, а тут ня веру. Вернік тады вернік, калі верыць напоўніцу, на ўсе сто працэнтаў. І гэтая вера праяўляецца ў характары і паводзінах. Мусім памятаць: калі бога ня будзе з народам, то прыйдзе голад, вайна ды нестабільнасьць».

А вось самі беларусы нігерыйскаму бізнэсмэну вельмі падабаюцца. «Калі б мне тут не падабалася, я б тут ня жыў», — кажа Амос Акпанурам.

«Я ежджу ў вёскі, — працягвае Амос. — Мне там падабаецца гутарыць са старымі людзьмі. Беларусы, як мне падаецца, народ, які выклікае сымпатыю да сябе адразу. Складваецца ўражаньне, што ты ўвесь час жыў тут. Не ўзьнікае пачуцьця насьцярожанасьці. Беларусы — надзвычай спакойны народ, гасьцінны. Але, як мне падаецца, бываюць часам сытуацыі, якія вымагаюць ад беларусаў, перадусім тых, якія прэтэндуюць на лідэрства, каб яны паспрабавалі разабрацца самі з сабою. Гэта паспрыяла б росквіту і дабрабыту ў краіне».

Беларускай мовы сам Амос не вывучаў і яе не разумее — гаворыць па-расейску. А вось ягоныя дзеці ў школе беларускую вывучаюць.

«Я перакананы, што народ павінен даражыць і ганарыцца сваёй нацыянальнай мовай, каб ня страціць сваіх каранёў», — кажа ён.

Самі беларусы — добрыя, а кіраўнікі — бываюць кепскія

Сярод гэтых дамоў ёсьць тыя, дзе рабіла аддзелку фірма Амоса Акпанурама
Сярод гэтых дамоў ёсьць тыя, дзе рабіла аддзелку фірма Амоса Акпанурама

У Амоса Акпанурама сваё невялікае прадпрыемства. Яно займаецца аддзелкай кватэраў. Бізнэс залежыць ад стасункаў з кіраўнікамі буйных дзяржаўных будаўнічых арганізацыяў. Пра ўзаемадачыненьні зь імі Амос кажа: «Не без праблемаў».

«Намераў судзіцца ў мяне ніколі не было, але сытуацыя гэтага вымагла. Мне трэба было выплачваць сваім працаўнікам заробкі, а грошай у мяне няма», — апавядае суразмоўца.

Бывала, прызнаецца ён, выканаўшы працы, даводзілася дамагацца, каб выплацілі заробленыя грошы. Прыгадвае, як з адной дзяржаўнай арганізацыяй судзіўся.

«Намераў судзіцца ў мяне ніколі не было, але сытуацыя гэтага вымагла. Мне трэба было выплачваць сваім працаўнікам заробкі, а грошай у мяне няма», — апавядае суразмоўца.

«Вы ж самі ведаеце: у Беларусі жыцьцё цяпер няпростае. Многія людзі набралі крэдытаў, і іх трэба выплачваць, а заробленага мае працоўныя ня могуць атрымаць. Дырэктар арганізацыі, якая завінавацілася перад маім прадпрыемствам, заявіў: грошы аддасьць толькі праз суд. Добраахвотна выплачваць адмовіўся. Тады я зразумеў: як апушчу рукі, свайго не дамагуся. Суд я выйграў, але і пасьля грошы мне выплачвалі абы-як. Яны абясцэньваліся, і я меў вялікія страты. Пакрыць іх у мяне няма з чаго. Панесла страты і прадпрыемства, кіраўнік якога не хацеў выконваць сваіх абавязкаў».

«Беларусы — добры народ. Адзіная праблема — тут ёсьць нядбайныя кіраўнікі, — мяркуе суразмоўца. — Калі б іх было меней, то тутэйшае жыцьцё было б лепшым. Такія кіраўнікі не нясуць адказнасьці перад Богам і законам. За нядбайнасьць іх, па сутнасьці, не караюць. Акрамя таго, гэта не ўплывае на памер іхнага заробку ці прэміі. Адсюль і падыход да выкананьня партнэрскіх абавязкаў абы-які».

Калі чалавек ажаніўся ў іншай краіне, яна становіцца яго другой радзімай

Ці не шкадуе Амос, што вярнуўся зь Нямеччыны? Не шкадуе.

«У Нямеччыне, безумоўна, жыцьцё больш камфортнае. Але я так выхаваны, што людзі павінны аб’ядноўвацца дзеля лепшага жыцьця паўсюль. У нас у Нігерыі такі парадак: калі чалавек ажаніўся ў іншай краіне, то яна становіцца для яго другой радзімай. Другая радзіма для мяне — Беларусь. Калі я нешта тут раблю, я заўжды думаю, ці прынясе гэта карысьць маёй сям’і, Беларусі і... Нігерыі. Калі паступаць іначай, то што станецца з маёй сям’ёй, Беларусьсю ды Нігерыяй?»

У Нігерыі жыцьцё рознае, адказвае суразмоўца на пытаньне пра тамтэйшыя рэаліі. «Ёсьць свае плюсы і мінусы», — кажа ён.

Амос Акпанурам у нігерыйскай вышыванцы
Амос Акпанурам у нігерыйскай вышыванцы

«Не магу сказаць, што ў Нігерыі ўсё гладка, як і тут, дарэчы. Як на мяне, то не бывае нідзе ідэалу. Мне думаецца, што беларусам, каб адчуць сябе гаспадарамі на сваёй зямлі, трэба быць гатовымі да самаахвярнасьці і мець лідэраў. Лідэры ў Беларусі ёсьць. Прэзыдэнт — чым ня лідэр? За лідэраў трэба маліцца, каб Гасподзь блаславіў кожнага зь іх, узбагаціў ведамі, мудрасьцю ды чэснасьцю перад Богам і народам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG