Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як у Гомелі на рынку калядавалі


Калядоўшчыкі — гомельскія талакоўцы

Калядоўшчыкі — гомельскія талакоўцы

У Гомелі сябры моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака» ўзнавілі вясёлы рытуал калядных сьвятаў — шчадраваньне. 13 студзеня ў казачных строях яны выправіліся на Цэнтральны рынак.

Калядоўшчыкаў, цэнтральны пэрсанаж у якіх — Каза, вядзе высокі, мажны хлапец у чорным капелюшы — талаковец Віктар Бандарэнка. Ужо на падыходзе да рынку калядоўшчыкі заводзяць адмысловую песьню пра набліжэньне Шчодрага вечара, калі нашы продкі гатавалі багатую куцьцю й гатовыя былі сустракаць любога госьця.

Паехала Каляда, калядуючы,
Паехала Каляда, дый гуляючы
.

Намесьніца старшыні гомельскай «Талакі» Марыся Тульжанкова, якая й сама сьпявае ў калядным гурце, кажа:

«Я думаю, абавязак кожнай краязнаўчай арганізацыі — узнаўляць свае традыцыі, сваю культуру, сваю гісторыю. Шчодрыкі — гэта вельмі важны момант у традыцыі беларусаў. Заўсёды на Васіля, на 14 студзеня людзі зьбіраліся гуртамі, дзяўчаты й хлопцы, і вадзілі „казу“ ад хаты да хаты — і такім чынам зычылі шчасьця й дабрабыту гаспадарам. І мы зычым усяго добрага, прыбытку ў доме. Спадзяюся, што прыбытак будзе і ў нашай Беларусі».

Суразмоўніца сьцьвярджае, што некаторыя падлеткі ходзяць цяпер у Шчодры вечар па гарадзкіх шматпавярховіках, часам нават са сьпевамі. Але не заўсёды ўсьведамляюць, што й дзеля чаго гэта, бо за савецкім часам традыцыя калядаваньня ў сваім архаічным сэнсе амаль страцілася.

Прыйшла каза

Прыйшла каза

«Я магу з упэўненасьцю сказаць, што мы ў сваёй лякальнай групе ўжо стварылі такую традыцыю. Нанова стварылі. Бо тыя людзі, да якіх мы ходзім штогод, яны ўжо нас чакаюць. І калі мы не прыходзім ці ня ў час прыходзім, то яны пытаюцца: „Дзе былі? Мы вас чакалі, пачастункі падрыхтавалі“. То бок маленькая традыцыя — яна ўжо адноўлена. А як у маштабах гораду, то гэта залежыць ад усіх, а ня толькі ад арганізацыяў — наколькі мы падтрымаем гэтую традыцыю разам».

У павадыра Віктара Бандарэнкі праца ня цяжкая, але адказная

У павадыра Віктара Бандарэнкі праца ня цяжкая, але адказная

Вядоўца каляднага гурту заходзіць на рынак, вітае прадпрымальнікаў і пытаецца: «Як настрой? Як продаж тавараў у крызісны час?»

Велічальныя прысуды й песьні на адрас гаспадароў гандлёвых радоў і шапікаў лагодзяць душы людзей — і калядоўшчыкі атрымліваюць падзяку й пачастункі ад прадпрымальнікаў. У валізу, сшытую з «даляраў», кладуцца пачастункі — цукеркі, печыва. Бывае, і грошы. Альбо нават усё разам.

Калі на шляху трапляецца скупаваты гаспадар, калядная Каза робіць выгляд, што занемагае — хіліцца на бок ці наагул падае долу.

Павадыр у гэты час падахвочвае прадпрымальнікаў: «Хто Казе дае, той добра прадае».

Юных калядоўшчыкаў прымаюць прыязна

Юных калядоўшчыкаў прымаюць прыязна

Для мужчынаў-прадпрымальнікаў калядоўшчыкі маюць свае рыфмаваныя жарты: пра мужчынскую сілу альбо, наадварот, слабіну — у залежнасьці ад шчодрасьці гаспадара.

Калядоўшчыкі зь сярэдняй школы № 56

Калядоўшчыкі зь сярэдняй школы № 56

Прадпрымальнікі дзеляцца з калядоўшчыкамі сваімі набалелымі праблемамі: патрабаваньнем уладаў мець зь першага сакавіка таварна-транспартныя накладныя й сэртыфікаты якасьці — на кожны від тавару. А яшчэ — распавядаюць пра 20-працэнтнае падвышэньне ў рэгіёне ставак адзінага падатку.

Прадпрымальніца: «Падаткі дабавілі. І цяпер мы хочам працаваць спакойна. Мы кормім свае сем’і, сваіх дзяцей. Дай Бог здароўя нашаму прэзыдэнту, дай Бог, каб ён пазбавіў нас ад непатрэбных паперак. Паверце мне. Мы плацім падаткі, але каб толькі не было гэтых лішніх паперак, непатрэбных дакумэнтаў. Няхай і Каза гэта ўсё выконвае».

Другая прадпрымальніца: «Жадаем здароўя ўсяму нашаму люду беларускаму. Жадаем, каб стабілізавалася эканамічная абстаноўка. І вельмі не жадаем Майдану».

Пакуль талакоўцы ходзяць паміж гандлёвых радоў, на рынку зьяўляецца новы гурт калядоўшчыкаў. Гэта навучэнцы сярэдняй школы № 56.

Сяміклясьніца Аляксандра:

«Мне пра Каляды бабуля распавядала. І тата калядаваў. Ад іх навучылася»

XS
SM
MD
LG