Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашчасьціла трапіць у пакаленьне, у якога быў выбар

У гэтыя дні на фоне гадавіны путчу і набыцьця незалежнасьці цягне пагаварыць пра вечнае, гістарычнае.

Даўно задумваўся пра тое, які ўнікальны гістарычны кавалак часу зачапіла маё пакаленьне, цяперашнія 40-гадовыя. Фактычна троху больш чым за дзесяцігодзьдзе ўдалося (давялося?) пабачыць 4 розныя эпохі, грамадзка-палітычныя лады — раскоша, якую цяжка прыгадаць яшчэ хоць калі ў гісторыі.

Да 1985-га году — звычайны застойны «савок» у ягонай позьняй стадыі паўраспаду. Потым 1985–1991 — перабудова, галоснасьць і паскарэньне, гасразьлік і каапэратывы, крызіс і развал сацыялізму і СССР. 1991–96 (альбо 95, можна дыскутаваць) — дэмакратыя (у той ці іншай ступені), свабода прэсы, раньні капіталізм, нараджэньне і станаўленьне незалежнасьці. І ад 1996-га — аўтарытарны рэжым, «рынкавы сацыялізм», у якім мы жывем і дагэтуль. (Так, можна запярэчыць, што шмат чаго мяняецца ў сацыяльнай, тэхналягічнай, культурных сфэрах — але ў грамадзка-палітычным сэнсе 1997-ы нічым не адрозьніваецца ад 2013-га).
Пра 20-гадовых я ўвогуле маўчу... калі падумаеш, што ў іх усё жыцьцё з аднымі вусамі на экране.

З пункту гледжаньня гісторыі і назіраньня за рознымі палітычнымі фармацыямі нарадзіцца раней ня мела асаблівага сэнсу (прабачце тыя, каму за 45:) ) — бо ў 1965-м была тая ж сыстэма, што і ў 1985-м. Нарадзіцца пазьней — прапусьціў бы «савок», шмат чаго як аўтар не разумеў бы (прабачце тыя, каму да 33:) )

Пра 20-гадовых я ўвогуле маўчу... калі падумаеш, што ў іх усё жыцьцё з аднымі вусамі на экране. Зь іншага боку, большасьць маладых не ўспрымаюць той лад, у якім яны жывуць ад нараджэньня, як нешта ненармальнае. Успрымаюць гэты рэжым проста як надвор’е, як геаграфію — дадзенасьць, на якую не паўплываеш.

Хоць — у найбольш прасунутых маладых я часам сустракаю нейкі такі жаль, што яны не засьпелі 90-я — часы мітынгаў і барыкадаў. Гэта як у некаторых савецкіх дзяцей 70–80-х быў жаль, што яны нарадзіліся позна пасьля вайны — а так бы хацелася «паваяваць з фашыстамі».

Як слушна заўважыла журналістка Тацяна Сьнітко, наша пакаленьне — фактычна першае і адзінае за дзесяцігодзьдзі, у якога зь юнацтва быў рэальны выбар. У цяперашніх маладых выбар таксама ёсьць, але ён больш жорсткі — прыстасаванства ці эміграцыя (замежная альбо ўнутраная).
Пагаджуся з гэтай думкай, але хочацца спадзявацца, што пачатак 90-х не застанецца АДЗІНАЙ вартай гістарычнай падзеяй у нашым жыцьці.

Аднак калі я бачу, як некаторыя мае равесьнікі зацыкліваюцца на ўспамінах пра мінулыя подзьвігі, то хочацца адказаць словамі з савецкай песьні — «Нам рано жить воспоминаньями».

У сваёй кнізе «Дзевяноста першы» Сяргей Навумчык напісаў: «І праз шмат гадоў мы зразумеем, што падзеі 1991 году — нягледзячы на ўсё, што здарыцца ў нашых лёсах пазьней — і былі ў нашым жыцьці самым галоўным».

Пагаджуся з гэтай думкай, але хочацца спадзявацца, што пачатак 90-х не застанецца АДЗІНАЙ вартай гістарычнай падзеяй у нашым жыцьці.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG