Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Саўмін сваёй пастановай напалохаў беларусаў


У Беларусі 62 раёны прызнаныя неспрыяльнымі для вытворчасьці сельгаспрадукцыі. Гэта вынікае з пастановы Савету міністраў № 1277, якая апублікаваная на Нацыянальным прававым партале. Прычым у Гарадзенскай вобласьці такімі раёнамі прызнаныя толькі 3, у Віцебскай і Гомельскай — па 18, у Магілёўскай — 10, у Берасьцейскай — 8, у Менскай — 6. Што стаіць за тым, што амаль палова краіны — усяго ў Беларусі 118 раёнаў — прызнаная неспрыяльнай для вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі?

Першая думка, якая прыходзіць у галаву, бадай, кожнаму грамадзяніну краіны, істотна пацярпелай ад наступстваў Чарнобылю, — гэта тое, што палова тэрыторыяў забруджаная і таму беларуская сельгаспрадукцыя небясьпечная.

Але намесьнік начальніка Дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Анатоль Загорскі гэта абверг:

«Дзе сельскагаспадарчая прадукцыя не атрымліваецца чыстай, там людзей няма, выселеныя тэрыторыі цалкам, а глебы выкарыстоўваюцца толькі ў навуковых мэтах альбо дзеля экспэрымэнтальных рэчаў. Гэта ў асноўным Магілёўская і Гомельская вобласьці. Таму што адсяленьне ішло толькі ў дзьвюх абласьцях, і ў Берасьцейскай вобласьці адзін населены пункт».

Дарэчы, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях наагул ня мае дачыненьня да распрацоўкі дакумэнту. Пералік раёнаў, неспрыяльных для вытворчасьці сельгаспрадукцыі, фармуецца Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчаваньня разам з Нацыянальнай акадэміяй навук раз на 5 гадоў.

Дырэктар Інстытуту сыстэмных дасьледаваньняў у аграпрамысловым комплексе Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Шпак на пытаньне, што гэта за тэрміналёгія — неспрыяльныя для вытворчасьці сельгаспрадукцыі раёны, — патлумачыў:

«Тут тэрміналёгія павінна быць іншая. Гэта з пункту гледжаньня дзяржаўнай падтрымкі — выдзяляюцца раёны, якія маюць ня лепшыя прыродна-эканамічныя ўмовы, іншыя фактары. І яны аднесеныя да менш прыдатных па розных фактарах».

Доктар эканамічных навук Аляксандар Шпак сьцьвярджае, што пры аднясеньні раёнаў да неспрыяльных улічваецца цэлы комплекс фактараў:

«Гэта і бал кадастравай ацэнкі земляў — то бок зямля ў раёнах, што да ўраджайнасьці, розная. Другі фактар — удзельная вага працаздольнага насельніцтва, то бок дэмаграфія. Наступны — узровень зарэгістраванага беспрацоўя. Ну і, натуральна, у Рэспубліцы Беларусь ёсьць землі, забруджаныя радыенуклідамі».

Нязжатае кукурузнае поле
Нязжатае кукурузнае поле

Да прыкладу, неспрыяльнымі прызналі толькі тры раёны Гарадзеншчыны і ўсе раёны Віцебшчыны (збольшага з-за бедных глебаў, вялікай колькасьці балот). А ў некаторых раёнах насельніцтва амаль напалову скарацілася пасьля перасяленьня пры канцы 1980-х — пачатку 1990-х: гэта Слаўгарадзкі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі раёны Магілёўскай вобласьці, Хойніцкі, Брагінскі, Нараўлянскі — Гомельскай вобласьці. Што да непасрэдных наступстваў Чарнобылю, намесьнік начальніка Дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Анатоль Загорскі кажа:

«Калі яны ўзялі ў сукупнасьці некалькі паказьнікаў і аднесьлі гэтыя раёны да неспрыяльных, гэта не азначае, што ў зьвязку з Чарнобылем там нічога нельга вырабляць. Так, там ёсьць забруджаныя тэрыторыі, там ёсьць абмежаваньні, мы ўносім павышаныя дозы мінэральных угнаеньняў, каб атрымліваць чыстую прадукцыю. Але я б ніколі не падумаў, што можна спасылацца на гэты дакумэнт і ўтвараць толькі страх з нагоды чарнобыльскага складніка. Там, мабыць, ёсьць іншыя рэчы. Але хто пісаў гэтую пастанову, з намі не ўзгадняў».

Анатоль Загорскі выказаў меркаваньне, што і тэрміналёгія павінна быць іншая — ня трэба палохаць людзей словамі «неспрыяльныя землі».

Адзін з распрацоўшчыкаў пастановы Саўміну, дырэктар Інстытуту сыстэмных дасьледаваньняў у аграпрамысловым комплексе Аляксандар Шпак тлумачыць, што насамрэч стаіць за гэтай пастановай:

Калі мы вызначылі раёны, якія прызнаныя неспрыяльнымі, значыць, мы можам аказваць дзяржаўную падтрымку гэтым раёнам

«Калі мы вызначылі раёны, якія прызнаныя неспрыяльнымі, значыць, мы можам аказваць дзяржаўную падтрымку гэтым раёнам у разьліку на кожны гектар зямлі ў неабмежаваных памерах. Гэта толькі ў мэтах дзяржаўнай падтрымкі. І яшчэ перасьледуецца мэта, каб у Беларусі не зьмяншалі гэтую дзяржпадтрымку, бо калі яе зьмяншаць, канкурэнтаздольнасьць нашай прадукцыі будзе зьніжацца».

Падтрымліваць сельгасвытворцаў дзяржава павінна з улікам патрабаваньняў Усясьветнай гандлёвай арганізацыі і Эўразійскага эканамічнага саюзу. Аляксандар Шпак прывёў прыклад, што ў Расеі з 88 суб’ектаў фэдэрацыі 41 прызнаны таксама неспрыяльным для вытворчасьці сельгаспрадукцыі.

Амаль уся Гомельшчына прызнана неспрыяльнай для сельгасвытворчасьці

У Гомельскай вобласьці з 21 раёна 18 прызнаныя неспрыяльнымі для вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі. Адкрывае гэтую галерэю Брагінскі раён, які найбольш пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы.

Фэрма ў Кармянскім раёне, архіўнае фота
Фэрма ў Кармянскім раёне, архіўнае фота

З колішніх больш як двух дзясяткаў гаспадарак у Брагінскім раёне цяпер засталося толькі чатыры. Пасьля чарнобыльскай катастрофы частку іх зьліквідавалі, а ўсё астатняе ў апошнія гады ўзбуйнілі. Сельгаспрадпрыемствы цяпер засталіся ў Камарыне, Малажыне, Бурках і Шкуратах.

Што раён аднесьлі да неспрыяльных для вытворчасьці сельгаспрадукцыі, мясцовыя спэцыялісты ня дзівяцца. Тут усе паказьнікі, які прычыніліся да такога вызначэньня: гэта й невысокая прыродная ўрадлівасьць тутэйшых зямель, і забруджанасьць іх радыеактыўным цэзіем і стронцыем, і надзвычай вострая нястача працоўных рук.

Адна з маладых тутэйшых спэцыялістаў сельскай гаспадаркі апавядае:

Звольніўся мэханізатар — і спраўны трактар стаяў амаль год, не было каму працаваць

«Першая праблема — гэта няхватка людзей. Гэта надзвычай вялікая праблема, бо даводзяць вялікія аб’ёмы сельгасвытворчасьці, а людзей, асабліва мэханізатараў, бракуе. Прыкладам, у мінулым годзе зь сельгаспрадпрыемства „Камарынскі“ звольніўся мэханізатар. Спраўны трактар стаяў амаль год — не было каму працаваць. Усё гэта адбіваецца на тэрмінах, на якасьці. Усё астатняе ў нас — як і ў іншых падобных раёнах».

Гэтае «ўсё астатняе» тычыцца найперш экалягічнай чысьціні прадукцыі:

«Здавалі збожжа, рапс, дык не праходзілі яны па ўтрыманьні радыенуклідаў — цэзію, стронцыю. Таксама праблема. Гэта ў нас, як і ў іншых такіх раёнах. Што да бульбы, то мы накапалі яе летась недзе 3 тысячы тон. Бульба ідзе на насеньне й корм жывёле. І толькі 500 тон, ці нават менш, прызначалася на продаж. Былі кірмашы, езьдзілі ў Гомель. Але ж людзі прадукцыю нашу неахвотна купляюць. Бачаць шыльды, і з такіх раёнаў, як наш Брагінскі, баяцца купляць».

Спэцыялістка кажа, што летась у раён прыехала багата ўкраінцаў. Але большасьць іх празь месяц-другі пакінулі раён. Сытуацыя можа зьмяніцца хіба толькі тады, калі адбудзецца самаачышчэньне зямлі:

«Я ня ведаю, якія сродкі патрэбныя, каб палепшыць сытуацыю. Як падаецца, яна палепшыцца толькі тады, калі ўсе прызнаюць, што раён стаў чыстым».

У рэгіянальным камітэце па сельскай гаспадарцы й харчаваньні кажуць, што падавалі зыходныя зьвесткі пра стан зямель, працоўныя рэсурсы, якасьць прадукцыі ў галіновае міністэрства. А ўжо міністэрства разам з Нацыянальнай акадэміяй навук рабіла высновы наконт спрыяльнасьці ці неспрыяльнасьці ўмоваў дзеля вытворчасьці сельгаспрадукцыі. Інфармацыю падавалі таксама й іншыя зацікаўленыя службы.

Прадстаўнік камітэту: «Мы давалі толькі інфармацыю, а крытэрыі выводзіў Менск. Гэта не азначае, што яны, гэтыя раёны, самыя кепскія дзеля вытворчасьці расьлінаводчай прадукцыі. Праграма ёсьць, колькі чаго ўнесьці і атрымаць у гэтых неспрыяльных раёнах. Усё пралічана. Пытаньне — у фінансаваньні».

На Гомельшчыне застаюцца толькі тры раёны — Жлобінскі, Кармянскі і Рагачоўскі, дзе сельскагаспадарчая вытворчасьць ня мае азначэньня «неспрыяльнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG