Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вітамінкі трэба, а за што купіць?» — як рэагуюць гарадзенцы на рынкавыя цэны


На Цэнтральным рынку ў Горадні

На Цэнтральным рынку ў Горадні

Пераважная большасьць гарадзенцаў лічаць, што цэны на харчы на рынках горада не адпавядаюць іх заробкам і пэнсіям. Многія кажуць, што такая эканамічная палітыка прыводзіць да напружаньня ў грамадзтве.

Маладую бульбу на гарадзенскім рынку «Цэнтральны» прадаюць у залежнасьці ад яе памераў ад 12 да 25 тысяч рублёў за кіляграм, а старая каштуе — 4 тысячы за кіляграм. Імпартную чарэшню, як правіла з Малдовы, у залежнасьці ад якасьці прадаюць ад 60 да 75 тысяч рублёў за кіляграм.

А вось беларуская чарэшня з садоў Гарадзеншчыны абыходзіцца ўдвая таньней за кіляграм. І як бы яе не нахвальвалі мясцовыя гандляры, смак усё роўна не такі як у прывезенай з паўднёвай краіны. Сярод найбольш папулярных вітамінных прадуктаў у цяперашнім сэзоне — трускалкі. Іх на рынку шмат, але кошты яўна кусаюцца — ад 30 да 60 тысяч рублёў за кіляграм, у залежнасьці ад якасьці.

Чарга па танныя трускалкі

Чарга па танныя трускалкі

Увесь набор традыцыйнай гародніны на гарадзенскім рынку нібыта прысутнічае. Часьцей за ўсё прадаюць сяляне з навакольных вёсак, фэрмэры, якія канкуруюць зь мясцовымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Вось так выглядае цэньнік асноўных прадуктаў гародніны і садавіны:

  • Памідоры — 30-35 тысяч за кіляграм, як правіла, цяплічныя;
  • Гуркі — 16-20 тысяч, цяплічныя;
  • Капуста — 7-10 тысяч за кіляграм;
  • Чырвоныя буракі — 18-20 тысяч;
  • Морква — 20-25 тысяч за 5 штук у пучку
  • Кабачкі — 25 тысяч рублёў;
  • Пучок салаты — 5 тысяч;
  • Пучок пятрушкі — 5 тысяч;
  • Пучок кропу — 5 тысяч;
  • Пучок цыбулі — 5 тысяч;
  • Яблыкі — 20 тысяч;
  • Чырвоная ягада — 25 тысяч за шклянку;
  • Грыбы (лісічкі) — 25 тысяч за шклянку;
  • Пэрсікі — 36-42 тысячы за кіляграм;

Традыцыйна людзей на рынку шмат, прычым самага рознага ўзросту. Як правіла, дзе прадаецца нешта таньней, выстройваюцца чэргі. Зьнешне складваецца ўражаньне, што ўсё як і заўсёды, але зьвяртае на сябе ўвагу тое, з якімі маленькімі пакетамі выходзяць людзі з рынку, ніхто вёдрамі трускалкі ці чарэшню не нясе, як гэта было раней.

А задаўшы пытаньне — як вы ацэньваеце цэны на гародніну і садавіну — ужо не пачуеш, як гэта было заўсёды раней, што ўсё задавальняе, усё добра і праблемаў ня маем. Вось што адказваюць людзі:

Мужчына пэнсійнага веку: «Нам увесь час кажуць, што ў нас усё добра, выдатна, а людзі працуюць практычна задарма. Калі мы будзем жыць, як пэнсіянэры за мяжой? Нам плацяць па 2 мільёны пэнсіі, то што мы можам купіць? Я вось кошты на рынку ацэньваю па сваёй пэнсіі — вельмі высокія. Няхай альбо цэны зьніжае, альбо пэнсіі дадае, бо інакш гэта ўсё можа скончыцца горка. Я сабе з гэтае пэнсіі амаль нічога не магу дазволіць. Вось купіў трускалак паўкіляграма — самых танных, дробных. А чаму я не магу дазволіць сабе купіць добрых трускалак?»

Па-за рынкам на ходніках таксама гандлююць

Па-за рынкам на ходніках таксама гандлююць

Мужчына перадпэнсійнага веку: «Па нашых заробках цэны занадта высокія. Ну тая ж чарэшня вунь па 75 тысяч, а мой заробак два з паловай мільёна. У нас у сямʼі ўсё ў нацяг, абы толькі на харчы хапіла, а яны яшчэ ўвесь час толькі даражэюць. Цяпер вітамінкі патрэбныя, а за што купіць?.. І нікуды ня дзецца. Вось такое ў нас кіраўніцтва ў краіне — нічога пра людзей ня думаюць, а мы толькі мучымся. Дзякуй, што хоць ваша радыё у нас пра жыцьцё запытала, а то ніхто нават і не пацікавіцца, як мы цяпер жывём».

Маладая жанчына: «Вельмі ўсё дорага. Гуркі былі неяк ужо па 5 тысяч, а тут ізноў па 20, ну то як гэта можа быць! А што датычыць усіх вітамінак — чарэшні, трускалак, то па гэтых коштах купляць ня буду, пачакаю пакуль патаньнеюць».

Малады чалавек: «Я вунь толькі старое бульбы купіў па 4 тысячы, бо астатняе тут не купляю. Былі з жонкай у Польшчы, то тыя ж трускалкі — за кіляграм па даляру набралі, і чарэшні таксама. Дык там яшчэ і якасьць якая... Ня ведаю, на каго тут што разьлічана? У мяне мама на вёсцы. То пасьля працы ежджу і дапамагаю на гародзе — уся городніна свая і ямо, не баімся, што там пэстыцыды альбо яшчэ якая хімія. Мы б з жонкай і двума дзяцьмі, каб тут усё куплялі, то ня выжылі б».

Па-за рынкам трускаўкі прадаюць таньней

Па-за рынкам трускаўкі прадаюць таньней

Маладая жанчына: «Усё дорага і не на нашы заробкі. Хочацца, канечне, і сабе і дзецям ягадак, але больш як кілю не магу сабе дазволіць купіць — дорага. Зеляніну імкнуся набываць не на рынку, а на дарозе, што вядзе да рынку. Там бабулі прадаюць трошкі таньней. Ня ведаю, як доўга такое можа працягвацца, але павінен быць нейкі канец, бо так далей нельга».

Пытаюся ў гандляра, які прадае маладую бульбу — чаму на яе такія высокія цэны? Той адказвае, што ў нашай сытуацыі іншымі яны і ня могуць быць:

— Вы падлічыце мае затраты на тое, каб яе вырасьціць, потым прывезьці (а гэта значыць, заліць паліва ў бак), прадаць, (а значыцца, заплаціць за месца), і паверце, я на гэтым не нажываюся. Сваю працу ў сельскай гаспадарцы мы наагул ня ўлічваем у расходы, хаця цяпер даводзіцца з сонцам уставаць ды з заходам сонца класьціся спаць.

Да нашае размовы далучаецца малады чалавек, які набывае бульбу, і прагматычна дадае:

— Вы паглядзіце спачатку на цэны ў крамах, якія выстаўляе дзяржава, то як тут людзі могуць прадаваць таньней? Справа ў тым, што дзяржава не забясьпечыла ўмоваў для тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, каб яны насыцілі рынак і ад гэтага апусьціліся цэны. Гэта першае, што неабходна зрабіць: стварыць умовы, каб кожны мог займацца любой справай. Вы паглядзіце: у вёсках няма ні кароў, ні сьвіней. Думаеце чаму? Ня толькі таму, што там жывуць пераважна старэйшыя людзі, а таму што маладым няма сэнсу гэтым займацца. Ды што тут казаць... Так, зрэшты, ва ўсім у нас робіцца....

XS
SM
MD
LG