Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як менская міліцыя дала адлуп Лукашэнку


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Экзатычная і пацешная гісторыя пра тое, як менская міліцыя паставіла прэзыдэнта ў дурное становішча, цікавая тым, што ў перакрыўленым выглядзе адлюстроўвае норавы і мэханізмы функцыянаваньня дзейнага рэжыму.

Напрыканцы прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 29 студзеня журналістка Тацяна Мельнічук скрытыкавала дзейнасьць праваахоўных органаў за перасьлед грамадзян, якія вырашылі ўшанаваць памяць людзей, што загінулі на кіеўскім Майдане і ў рэдакцыі французскага часопіса Charlie Hebdo. Маўляў, моцная ўлада не павінна прыніжацца да такой дробязнай расправы.

Як ні дзіўна, але Аляксандар Лукашэнка падтрымаў журналістку: «Цалкам падпісваюся пад кожным словам... Ну выйшлі чатыры чалавекі — яны што, супраць мусульман выйшлі? Калі ўлада пачынае мітусіцца і гэта рабіць, гэта ідыёты. Яны проста дзейнічаюць на шкоду гэтай уладзе... Гэтага быць не павінна, кажу публічна пры ўсіх... Паглядзіце, хто аддаў такое распараджэньне, навошта трэба было гэта рабіць».

Усе, хто добра ведае правілы і нормы, паводле якіх функцыянуе беларускі палітычны рэжым, разумеюць, што гэта быў танны спэктакль. Вядома, што менавіта сам Аляксандар Лукашэнка выступае галоўным ініцыятарам жорсткага перасьледу любых несанкцыянаваных публічных акцыяў. У памяці — ягоныя шматлікія заклікі і патрабаваньні да праваахоўных органаў не дапускаць ніякіх праяваў вулічнай актыўнасьці, каб прадухіліць зьяўленьне беларускага Майдану. Супрацоўнікі сілавых структураў добра засвоілі, што лепш перагнуць кій у рэпрэсіях супраць удзельнікаў публічных акцыяў, чым недагнуць. За лішнюю жорсткасьць яшчэ нікога не пакаралі. А вось за лібэралізм можна пацярпець. Таму ў тых выпадках, пра якія распавядала Тацяна Мельнічук, праваахоўныя органы дзейнічалі цалкам адпаведна ўстаноўкам з самага верху.

Але на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка імкнуўся прадэманстраваць вобраз разважлівага, мудрага «бацькі», дэмакрата, нават гуманіста, які прапануе журналістам дыялёг. У пэўным сэнсе гэта ўдалося, бо ніхто ня вывеў яго зь сябе вострым пытаньнем. Таму ён быў настроены міралюбна. І яму не хацелася псаваць пад канец гэтую атмасфэру. Таму ён так і адрэагаваў на выступ Тацяны Мельнічук.

Спэктакль цалкам бы ўдаўся, калі б міліцыя, разумеючы правілы гульні, проста прамаўчала, цішком даводзячы да канца працэдуру пакараньня ўдзельнікаў згаданых акцыяў.

Але, тут, магчыма, спрацаваў чыньнік нявопытнасьці новага кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандра Косінца, якому кіраўнік дзяржавы даручыў разабрацца з гэтым пытаньнем. Як можна зразумець, у сваім імкненьні паставіць на месца журналістаў, якія зьбіваюць з панталыку народ і маюць нахабства крытыкаваць сьветлы вобраз улады, Косінец перайшоў пэўную мяжу.

Яны не заўважылі, што дэзавуіруюць не журналістку Тацяну Мельнічук, а прэзыдэнта, які падтрымаў яе

І вось пачаліся дзівосы. Менская міліцыя падрыхтавала адказ, у якім гаворыцца, што міліцыянты ўсё рабілі правільна, людзі, якія выйшлі на вулічную акцыю, парушылі закон і іх трэба судзіць. Калі б у чыноўнікаў хапіла здаровага сэнсу на гэтым спыніцца, то, магчыма, скандал быў бы не такі відавочны. Гэтую заяву маглі б не заўважыць, бо ці мала робіцца неразумных рэчаў на нізавым узроўні. Але ад вялікага службовага імпэту чыноўнікі далі загад распаўсюдзіць міліцэйскае абвяржэньне празь БЕЛТА і дзяржаўныя мэдыі. Зразумела, што тут без рукі адміністрацыі прэзыдэнта не абышлося. Яны не заўважылі, што дэзавуіруюць не журналістку Тацяну Мельнічук, а прэзыдэнта, які падтрымаў яе.

Вось жа, выйшла так, што празь дзяржаўныя мэдыі менская міліцыя дала адлуп кіраўніку дзяржавы. Фактычна яна заявіла, што Аляксандар Лукашэнка ня мае рацыі, памыляецца, што яны лепш ведаюць, як трэба дзейнічаць, і няма чаго лезьці не ў сваю справу. Такой публічнай некарэктнасьці і нават грубасьці на адрас кіраўніка дзяржавы чыноўнікі раней сабе не дазвалялі.

Ёсьць шмат народных прымавак наконт таго, да чаго даводзіць празьмерны імпэт. Як ветлівыя людзі, ня будзем на іх спыняцца. Але варта адзначыць, як добра пачынае працу новае кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта. Наперадзе прэзыдэнцкая кампанія, ці тое яшчэ будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG