Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналістаў і актывістаў вызвалілі, у Зьмітра Дашкевіча забралі страйкбольны аўтамат


Затрыманых актывістаў «Маладога фронту» і журналістаў Радыё Свабода вызвалілі зь міліцэйскага пастарунку ў Веткаўскім раёне. Іх затрымалі ў лесе пад вёскай Рудня-Споніцкая за 25 кілямэтраў ад расейскай мяжы падчас акцыі капаньня акопаў.

На лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча склалі тры пратаколы, зь іншымі маладафронтаўцамі начальнік міліцыі Веткаўскага раёну правёў асабістую гутарку. У журналістаў праверылі дакумэнты і ўзялі тлумачэньні адносна прысутнасьці на акцыі. У Зьмітра Дашкевіча забралі аўтамат для страйкболу на экспэртызу.

Акцыя «Маладога фронту» зьвязаная з агрэсіяй Расеі адносна Ўкраіны: на думку яе ўдзельнікаў, беларусам таксама трэба быць гатовымі да адпору расейскай агрэсіі. За 76 км ад месца правядзеньня акцыі — расейскае мястэчка Клінцы, куды зь нядаўняга часу сьцягваюцца расейскія войскі.

Зьміцер Дашкевіч пра акоп пад Веткай: «Мы іх сустрэнем»

Зьміцер Дашкевіч пра акоп пад Веткай: «Мы іх сустрэнем»

Зьміцер Дашкевіч пра акоп пад Веткай: «Мы іх сустрэнем»

Перад тым як узяць у рукі рыдлёўку і капаць акоп у лесе пад вёскай Рудня Споніцкая Веткаўскага раёну, Зьміцер Дашкевіч патлумачыў журналістам сэнс акцыі Маладога фронту:

«Мы вырашылі правесьці акцыю, якой прадэманструем, што межы Беларусі трэба бараніць найперш з усходу.

Ніколі краіны НАТО, якія з намі суседнічаюць, не ваявалі зь Беларусьсю, а вось Расея ваявала і зноў нацэльваецца на Беларусь.

Калі Расея кажа, што мы браты, навошта ў Клінцах будаваць новую вайсковую базу? Хіба не для наступу на Беларусь?

Таму мы вырашылі рыхтавацца да абароны і рыем тут гэты акоп, каб паказаць, што мы іх сустрэнем.

Цяперашнія падзеі ва Ўкраіне даказваюць, як хутка могуць прыйсьці ворагі і захапіць наш дом. Каб не давялося рыць акопы ўжо перад тварам агрэсара, як цяпер рыюць на Данбасе, на Днепрапятроўшчыне і Хэрсоншчыне, трэба думаць пра гэта раней і падрыхтавацца раней.

Таму сёньня, у 19-ю гадавіну „Маладога фронту“, мы вырашылі правесьці гэтую акцыю — вырыць сымбалічныя акопы на нашай усходняй мяжы.

Адсюль да расейскага гораду Клінцы, дзе будуецца новая расейская вайсковая база і ўжо разгорнутыя дадатковыя часткі з Уралу, усяго некалькі дзясяткаў кілямэтраў. Калі расейцы пяройдуць нашу мяжу, яны пойдуць на Гомель і будуць ісьці праз гэтыя мясьціны. Мы дэманструем гэтым акопам, што мусім быць гатовыя.

Канечне, каб спыніць расейскія танкі, акопаў будзе недастаткова. І любой зброі ня хопіць. Найперш, як мы кажам, трэба гаварыць усім па-беларуску, каб Пуцін потым не сказаў, што ён прыйшоў бараніць і вызваляць рускамоўных».

Зьміцер Дашкевіч адмовіўся размаўляць па-расейску зь лесьнікамі, якія складалі на яго пратакол за парушэньне покрыва ў лесе. Лесьнікі з Веткаўскага лясгасу адмовіліся размаўляць з Дашкевічам па-беларуску, маўляў, не разумеюць. Тады для размовы з актывістам адмыслова прывезьлі зь Веткі дзьвюх настаўніц беларускай мовы. Зьміцер Дашкевіч выказаў абурэньне, што лесьнікі ня ведаюць беларускай мовы і адмаўляюцца на ёй размаўляць.

«Жрэ беларускія каўбасы, па-беларуску-ж ні гу-гу, ды за такое папуасы яго б пусьцілі на рагу!» — Дашкевіч публічна працытаваў на адрас лесьнікоў радкі Ведзьмака Лысагорскага.

Дарэчы, прадстаўнік Сьледчага камітэту размаўляў з актывістамі і журналістамі па-беларуску, адзін з лесьнікоў таксама ў размове ўжываў беларускія словы.

Пакуль складаліся пратаколы на Зьмітра Дашкевіча, паміж ім і міліцыянтамі ўзьнікла дыскусія пра падзеі ва Ўкраіне.

Беларускамоўных настаўніц у выніку выкарысталі як сьведак пры складаньні пратаколаў аб парушэньні покрыва ў лесе і аб выманьні з аўто Зьмітра Дашкевіча аўтамата для страйкболу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG