Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як маці чатырох дзяцей гадуе дачку-інваліда ў найманай кватэры


Каб карміць дзіця-інваліда, маці шукае грошы праз інтэрнэт. Дзяржава абяцае дапамогу праз паўгода
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:46 0:00

Каб карміць дзіця-інваліда, маці шукае грошы праз інтэрнэт. Дзяржава абяцае дапамогу праз паўгода

Натальля Кульчанка самастойна гадуе чатырох непаўналетніх дзяцей. Адна зь дзяўчатак — інвалід зь дзяцінства. Ёй неабходна спэцыялізаванае дарагое харчаваньне. Шматдзетная сямʼя ня мае ўласнага жыльля і мусіць траціць грошы не на дзіцячае харчаваньне і лекаваньне, а на найманую кватэру.

Каля ложка хворай дачкі Натальля штодня
Каля ложка хворай дачкі Натальля штодня

«8 кіляграмаў важыць пяцігадовае дзіця»

«У Элі ад нараджэньня не злучаліся ножкі: як у жабкі былі», — разводзіць рукамі Натальля.

«У нашым РНПЦ ёй зрабілі апэрацыю. Эля ножкі злучыла, але пайшлі наступствы», — кажа Натальля. Амаль будзённа яна пералічвае дыягназы дачкі і на рэнтгенаўскіх здымках паказвае дэфармаванае цела дзіцяці: розную даўжыню ног, вывіхі сьцёгнаў, зрушэньне хрыбта.

Рэнтгенаўскі здымак пасьля апэрацыі
Рэнтгенаўскі здымак пасьля апэрацыі

Жанчына кажа, што выправіць скрыўленьні шкілету паабяцаў расейскі лекар, і добрыя вынікі зьявіліся ўжо пасьля першай апэрацыі. Наперадзе наступныя, але пры ўмове, што дзяўчынка набярэцца фізычных сіл, кажа Натальля. «На тле болевага сындрому Эліна есьці перастала зусім. За два тыдні мы схуднелі на 6 кіляграмаў 200 грамаў».

Пяцігадовая Эліна цяпер важыць 8 кіляграмаў, а павінна быць 20
Пяцігадовая Эліна цяпер важыць 8 кіляграмаў, а павінна быць 20

Жанчына зьвярнуліся ў паліклініку, каб атрымаць калярыйнае бялковае харчаваньне бясплатна. Але там паабяцалі аформіць яго не раней як праз паўгода.

«У Эліны няма гэтых шасьці месяцаў, за шэсьць месяцаў дзіця згасьне цалкам. Харчаваньне каштуе 9 рублёў за адну порцыю. Іх патрэбна 6–7 на дзень, але хаця б 4–5 — і тыя вымагаюць вялікіх грошай», — тлумачыць Натальля.

Бутэлечка аднаразовага харчаваньня каштуе 9 рублёў
Бутэлечка аднаразовага харчаваньня каштуе 9 рублёў

«А дзяцей я адна гадую, іх чацьвёра ў мяне, і жывем мы на пэнсіі-выплаты. І нават калі мне сабраць усе выплаты, не карміць астатніх дзяцей і самой ня есьці — усё роўна мне іх ня хопіць, каб набыць харчаваньне Эліне на адзін месяц», — роспачна кажа жанчына.

Муж ня вытрымаў выпрабаваньня дзіцём-інвалідам

У свае 33 гады Натальля мае чатырох дзяцей: старэйшы Сяргей вучыцца ў каледжы, 8-гадовая Сафія — школьніца, хворай Элінцы 5 гадоў, а наймалодшая Ксенія мае толькі 9 месяцаў.

Сяргей і Сафія ідуць на кухню, калі да Эліны прыходзіць лекар
Сяргей і Сафія ідуць на кухню, калі да Эліны прыходзіць лекар

«Мой муж прывёз мяне ў Беларусь з Расеі, з Санкт-Пецярбургу. Мы шчасьліва пражылі 13 гадоў у Марʼінай Горцы — на ягонай радзіме, аж пакуль не нарадзілася Эліна», — кажа Натальля. Паводле яе, муж не стрываў інваліднасьці дзіцяці, а дакладней — цяжкасьцяў, зьвязаных з хваробай. Тады разам зь дзецьмі яна пакінула найманую кватэру ў Марʼінай Горцы і перабралася ў такую ж найманую, але ў Менску.

«У Марʼінай Горцы не было тых лекараў і таго лекаваньня, якія патрэбныя Эліне. Нам даводзілася ўвесь час езьдзіць у Менск — гэта зь дзецьмі, вазкамі і клункамі ў любое надворʼе. І я палічыла, што грошы на дарогу і найманую кватэру ў Марʼінай Горцы большыя, чым на тое, каб наняць кватэру ў Менску. А галоўнае — Эліну ня трэба вазіць электрычкамі ў холад і сьпёку».

Хто і што дапамагае выжываць? Пэнсія, алімэнты і дзіцячыя выплаты. А яшчэ бацькі: расейскія — грашыма, беларускія — вясковымі прадуктамі.

Каб сабраць грошы на наступныя апэрацыі для дачкі і набыць неабходнае для дзяўчынкі спэцыялізаванае харчаваньне, Натальля зьвяртаецца па дапамогу да людзей праз інтэрнэт.

Наймалодшая Ксенія таксама любіць маміны рукі
Наймалодшая Ксенія таксама любіць маміны рукі

Закон ёсьць, жыльля няма. Але Беларусь — мой дом

Яшчэ адна цяжкая праблема ў шматдзетнай Натальлінай сямʼі — адсутнасьць уласнага жыльля.

«Закон ёсьць пра жыльлё для шматдзетных, але які толк ад гэтага закону? — кажа Натальля. — Мы стаялі вельмі доўга ў чарзе: толькі як шматдзетная сямʼя — чатыры гады. Але нічога так і не атрымалі, бо ў Марʼінай Горцы нічога не будуецца. Калі я зь дзецьмі зьехала з Марʼінай Горкі і прапісаліся ў Менску, то там нас з чаргі зьнялі, а тут не паставяць, бо я тут 10 гадоў не прапісаная — усё».

Натальля кажа, што шмат разоў зьвярталася ў вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, з просьбаю дапамагчы ёй перасяліцца хаця б у арандаванае жыльлё, аднак безвынікова.

«Я не прашу — дайце мне сацыяльную, бясплатную кватэру ці падарыце. Але хаця б атрымаць камэрцыйнае жыльлё, бо я ўтрая менш плаціла б, чым за гэта. Гэта значыць, што пэўная сума заставалася б для дзяцей, а ня трацілася б на тое, каб проста дзесьці жыць».

У адказ жанчыне раілі ехаць у аграгарадок і ўладкавацца на працу ў «калгас». Маўляў, там і дадуць жытло.

«Каму ўладкавацца? — пытаецца Натальля. — Я даглядаю дзіця-інваліда і меншае дзіця, старэйшае дзіця вучыцца, а больш няма каму».

Старэйшы Сяргей любіць усіх трох сваіх сястрычак
Старэйшы Сяргей любіць усіх трох сваіх сястрычак

Натальля кажа, што ня мае на мэце вырашыць жыльлёвую праблему празь дзяцей. Але дзеля справядлівасьці — на яе баку стаіць закон, які не працуе.

«Гэта мае дзеці, і я бязь іх жыцьця б ня знала. Але калі ўжо ў вас ёсьць такі закон, пра які вы так шмат гаворыце... Ну вось закон: я шматдзетная маці зь дзіцём-інвалідам — і ў мяне няма жыльля».

На пытаньне, ці не вярнуцца на радзіму да бацькоў у Расею, Натальля адказвае так:

«Вельмі складана будзе наноў праходзіць усе абсьледаваньні для прызнаньня дзіцяці інвалідам, атрымаць выплаты і дапамогу, зьмяніць грамадзянства для ўсіх дзяцей. А галоўнае... калі бываю ў бацькоў, я там магу заставацца толькі тыдзень, а пасьля кажу — хачу дадому. Я тут прыжылася і прывыкла, Беларусь — мой дом».

У сувязі з намерамі дапамагчы Натальлі Кульчанцы, якія публікуюцца ў камэнтарах, з дазволу гераіні матэрыялу публікуем яе кантактныя дадзеныя: старонка ў Фэйсбуку, нумар тэлефону +37529 1710114.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG