Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кітайскі архітэктар у Лёндане пазнаёміўся зь беларусамі, стаў уніятам і спраектаваў беларускую царкву


Со Цзыўай. Photo by Sasha Belavokaya

Со Цзыўай. Photo by Sasha Belavokaya

«Першы драўляны храм Лёндана з 1666 году». Пад такой назвай на гэтым тыдні выйшаў артыкул у брытанскай газэце The Times пра беларускую царкву. Аўтар праекту — кітайскі архітэктар Со Цзыўай (Tszwai So). Чым яго зацікавіла ўніяцтва і чаму ён працаваў над стратным для кампаніі праектам царквы — у інтэрвію Свабодзе.

Некаторыя думаюць, што Беларусь заснавалі «белыя», якія ўцякалі ад бальшавікоў

35-гадовы Со Цзыўай родам з Кітая. Яшчэ дзіцем ён пераехаў з бацькамі ў Ганконг. Там вывучыўся на архітэктара, а потым прыехаў вучыцца ў Лёндан. У Брытаніі жыве з 2003 году. Цяпер кіруе невялікім архітэктурным бюро Spheron Architects і працуе над магістарскай працай у Кембрыджскім унівэрсытэце.

Архітэктурнае бюро Spheron Architects, якое ўзначальвае Со Цзыўай Photo by Sasha Belavokaya

Архітэктурнае бюро Spheron Architects, якое ўзначальвае Со Цзыўай Photo by Sasha Belavokaya

Пра Беларусь Со Цзыўай даведаўся выпадкова. У 2007-м пазнаёміўся з айцом Сяргеем Стасевічам, калі Беларуская каталіцкая місія прадавала адзін са сваіх будынкаў. Дагэтуль пра «Белую Расею», як краіна называецца ў кітайскай мове, меў цьмянае ўяўленьне.

«Некаторыя думаюць, што Беларусь — гэта краіна, якую заснавалі „белыя“ расейцы, што ўцякалі ад бальшавікоў, — кажа Цзыўай, — Але прынамсі ў ангельскай мове, дзякуй Богу, краіну ўжо называюць правільна».

Пасьля знаёмства зь беларускімі ўніятамі ў Лёндане Цзыўай стаў вывучаць гісторыю Беларусі. А ў 2011 годзе ён вырашыў прыняць уніяцкі хрост.

«Для мяне ўніяцкі абрад у нечым больш чароўны, — кажа ён. — Можа, гэта выглядае вельмі дзіўна, калі нехта звонку супольнасьці далучаецца да царквы. Але я хадзіў у рыма-каталіцкую школу, а таму каталіцызм для мяне ня быў новым».

Цзыўай нарадзіўся ў Кітаі, вырас у Ганконгу, з 2003 году жыве ў Брытаніі. Photo by Sasha Belavokaya

Цзыўай нарадзіўся ў Кітаі, вырас у Ганконгу, з 2003 году жыве ў Брытаніі. Photo by Sasha Belavokaya

Па словах архітэктара, ён не адзіны замежнік сярод вернікаў беларускай царквы. Сюды прыходзяць мужы і жонкі мясцовых беларусаў. І хоць ён ня ведае беларускай мовы, у царкву ходзіць пастаянна.

«Я ведаю ўсю літургію на памяць, а казаньне мне перакладаюць сябры».

Я часьцей перарабляў цэрквы пад жытло

Перш чым узяцца за праектаваньне беларускай царквы, Цзыўай ужо працаваў над іншымі культавымі будынкамі. Праўда, звычайна прыстасоўваў храмы пад камэрцыйныя ці жылыя памяшканьні.

«Вялікая Брытанія становіцца ўсё больш сэкулярызаванай, і новыя цэрквы — даволі рэдкі выпадак, — кажа ён. — Усё часьцей будынкі цэркваў прадаюцца прыватным дэвэлапэрам».

Пасьля 70 год існаваньня Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане будоўля царквы пачалася толькі ў 2016 годзе. Photo by Sasha Belavokaya

Пасьля 70 год існаваньня Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане будоўля царквы пачалася толькі ў 2016 годзе. Photo by Sasha Belavokaya

Цзыўай кажа, што ня мог адмовіцца ад прапановы Сяргея Стасевіча зрабіць праект царквы. Хоць праца была ня самая прыбытковая і ня самая простая, узяўся ён за яе адразу.

«Гэта не камэрцыйны праект, — кажа архітэктар. — Але мы паклалі вельмі шмат высілкаў на пошук, выбар і тэставаньне матэрыялаў, чаго не рабілі б пры звычайнай замове. І мы ніколі не патрабавалі дадатковых грошай за дадатковы час, што мы правялі на працы».

Мадэль царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага ад Spheron Architects: official web-site http://spheronarchitects.co.uk/belarusian-memorial-chapel/

Мадэль царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага ад Spheron Architects: official web-site http://spheronarchitects.co.uk/belarusian-memorial-chapel/

Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага ўзводзіцца ў 30-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС. А таму яна будзе ня проста храмам, але яшчэ і помнікам ахвярам Чарнобыля.

«Ня так часта можна атрымаць замову на будынак, які быў бы ня проста функцыянальны, але й напоўнены сэнсам», — кажа Цзыўай.

Галоўнай умовай новага праекту было — падкрэсьліць беларускасьць царквы.

«Пра Марыян Хаўз людзі думалі як пра расейскую праваслаўную царкву, — кажа Цзыўай. — Яны чулі славянскую мову, бачылі, што царква бізантыйскага абраду, і думалі, што тут расейцы».

Перакладаў кнігі зь беларускай мовы праз Google Translate

Першай крыніцай ведаў пра беларускую архітэктуру для Цзыўая была Беларуская бібліятэка-музэй імя Францішка Скарыны, якая месьціцца ў тым самым Марыян Хаўз.

«Я памятаю, як цэлыя дні праводзіў у бібліятэцы са сваім кампутарам. Я чытаў кнігі па-беларуску і стараўся іх перакладаць з дапамогай Google Translate. Гэта было вельмі цяжка».

Эскіз, які зрабіў Цзыўай падчас вандроўкі ў Беларусь

Эскіз, які зрабіў Цзыўай падчас вандроўкі ў Беларусь

Але адных тэкстаў і фота было недастаткова. Цзыўай кажа, што ня меў «пачуцьця беларускай архітэктуры», а таму ў 2012 годзе паехаў у Беларусь.

«Вандроўка ў Беларусь была вырашальная, — кажа ён. — Каб я не паехаў туды і не пабачыў усё на ўласныя вочы, я бы ня меў пачуцьця беларускай архітэктуры».

У Беларусі ён правёў каля двух тыдняў. Яго тут суправаджала Ірына Дубянецкая, доктар філязофіі і сакральнай тэалёгіі. У адрозьненьне ад звычайных замежных турыстаў, Цзыўай не паехаў па маршруце Мір — Нясьвіж — Брэсцкая крэпасьць, а рушыў у глухія вёскі Лідзкага і Івацэвіцкага раёнаў. Ганчары, Бялавічы, Абровічы, дзе пабываў Цзыўай, — сапраўды ня самыя папулярныя турыстычныя мясьціны.

Яшчэ адзін падарожны эскіз. Царква ў вёсцы Мураванка Лідзкага раёну

Яшчэ адзін падарожны эскіз. Царква ў вёсцы Мураванка Лідзкага раёну

«Мой праект царквы грунтуецца на тых цэрквах, што былі пабудаваныя выбітнымі беларускімі архітэктарамі і цесьлярамі. Усе прынцыпы сапраўднай беларускай царквы я склаў разам і дадаў да іх сучасную форму».

Драўляныя цэрквы Беларусі павінны быць у Сьпісе сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО

Цзыўай застаўся вельмі ўражаны Беларусьсю — пры тым, што ён ня быў у багатых на архітэктуру Гародні, Полацку або Пінску. Яшчэ больш яго ўразіла, ці, хутчэй, засмуціла, што драўляная архітэктура, якая захавалася па вёсках, у Беларусі не шануецца.

«Гэта тое, чым беларусы павінны ганарыцца, — кажа Цзыўай. — Я думаю, што толькі з прычыны няведаньня людзі ня дбаюць пра тыя цэрквы».

Ён прыводзіць у прыклад драўляную архітэктуру Паўднёвай Польшчы, Украіны, Славаччыны, Румыніі, Нарвэгіі і Расеі. Усе яны ўваходзяць у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

«Калі паглядзець на драўляныя цэрквы Беларусі, яны такія самыя старыя і самабытныя, як і цэрквы ў іншых краінах. Я кажу найперш пра сапраўдныя беларускія цэрквы, а не пра псэўдарасейскія з купаламі-цыбулінамі».

На думку Цзыўая, да беларускіх цэркваў не дабраліся своечасова спэцыялісты, каб ацаніць іх каштоўнасьць. А таму яны проста трухлеюць без нагляду, якога вартыя.

Касьцёл Сьвятога Станіслава быў пэрлінай Пінску, але ў 1953 годзе яго разбурылі

Касьцёл Сьвятога Станіслава быў пэрлінай Пінску, але ў 1953 годзе яго разбурылі

Зь іншага боку, шмат якія здабыткі архітэктуры былі адмыслова разбураныя ў Беларусі. Асабліва ўразіла архітэктара зьнішчэньне касьцёла сьвятога Станіслава ў Пінску ў 1953 годзе.

«На старых выявах вы бачыце неверагодна прыгожы барочны касьцёл побач з калегіюмам езуітаў, — кажа Цзыўай. — І дзе ён цяпер? Яго разбурылі! Хіба знойдзецца хоць адзін чалавек, каму б не падабаўся гэты касьцёл?»

Хачу вывучыць мову, каб напісаць кнігу пра беларускую архітэктуру

Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага павінна адкрыцца ўжо ў лістападзе 2016 году, сказаў Свабодзе айцец Сяргей Стасевіч. У Лёндане яна ўжо набыла вядомасьць як першы драўляны храм, збудаваны пасьля Вялікага пажару 1666 году.

Photo by Sasha Belavokaya

Photo by Sasha Belavokaya

Зь беларускай архітэктурай Со Цзыўай на гэтым праекце не разьвітваецца. Сёлета ці ў наступным годзе ён зьбіраецца наведаць курс беларускай мовы для замежнікаў у БДУ.

«Беларуская архітэктура сапраўды ўнікальная. Нічога падобнага няма ні ў Эўропе, ні ў астатнім сьвеце», — кажа ён.

Мова Цзыўаю патрэбная для ягонага дасьледаваньня па беларускай архітэктуры. Апошняя з брытанскіх дасьледчыкаў беларускай архітэктуры Лінзі Хʼюз (Lindsay Hughes) памерла некалькі год таму, і Цзыўай ня можа знайсьці для сваёй працы навуковага кіраўніка.

«Мая мара — супрацоўнічаць зь беларускімі дасьледчыкамі, каб падрыхтаваць кнігі пра беларускую архітэктуру на ангельскай мове. Каб працаваць з арыгінальнымі матэрыяламі, мне трэба ведаць мову».

Цзыўай на будоўлі беларускай царквы. Photo by Sasha Belavokaya

Цзыўай на будоўлі беларускай царквы. Photo by Sasha Belavokaya

Але на дасканалае вывучэньне мовы можа пайсьці шмат часу, кажа Цзыўай. Таму ён шукае беларускіх дасьледчыкаў, якія ведаюць ангельскую мову і гатовыя супрацоўнічаць зь ім.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG