Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоная зорка супраць зоркі Давіда: як камуністы «прыгаварылі» крэўскую сынагогу


Зорка Давіда на фасадзе крэўскай сынагогі

Зорка Давіда на фасадзе крэўскай сынагогі

У Крэве на Смаргоншчыне дажывае свае дні старая сынагога — адзін з рэдкіх будынкаў, які ацалеў пасьля артылерыйскай «зачысткі» мястэчка падчас германска-расейскага супрацьстаяньня ў Першую ўсясьветную вайну.

Да пачатку ХХ стагодзьдзя малітоўны дом і замкавыя руіны былі дамінантай Крэва. Пра гэта сьведчаць раньнія фатаздымкі, зробленыя 100 гадоў таму салдатамі кайзэраўскай арміі. З прыходам бальшавікоў першасныя функцыі ўстановы былі скасаваныя, тут атабарыліся рамесьнікі-ганчары. Апошнія тры дзясяткі гадоў будынак распаўзаецца па швах — пра лепшыя часы на фасадзе сьведчыць хіба што культавая зорка Давіда, сакральны знак усіх габрэяў:

«Цяпер будынак на балянсе сельскага выканкаму, — кажа краязнаўца, выкладчык гісторыі ў Крэўскай школе, стваральнік школьнага музэю Міхаіл Міхалькевіч. — Я працую тут 10 гадоў і, што паказальна, за гэты час толькі аднойчы прыяжджала габрэйская дэлегацыя. Яны прыходзілі ў музэй, вялі размову пра захаваньне памяці сваіх суродзічаў. У першую чаргу нават не пра сынагогу — побач з замкам за Юравай гарой спрадвек стаяць габрэйскія могілкі. Турбаваліся, каб іх расчышчаць, даглядаць. Канечне, закраналася і пэрспэктыва сынагогі, але пасьля таго нічога пра іх больш ня чуў, ніхто ня зьвязваўся, тэма сама сабой закрылася. Магчыма, быў працяг на ўзроўні мясцовых уладаў, але я пра гэта ня ведаю».​

Парэшткі сынагогі ў Крэве

Парэшткі сынагогі ў Крэве

Як удакладняе спадар Міхалькевіч, доўгі час габрэйскія могілкі наагул былі занядбаныя. Але апошнія гады, сіламі перадусім крэўскіх школьнікаў і дабрачыннай арганізацыі «Смаргонская ініцыятыва», там ладзяцца суботнікі, каб быў хоць мінімальны парадак.

Кожны трэці быў габрэй, цяпер — ніводнага

Яшчэ пяць гадоў таму пра патрэбу неадкладна ратаваць патэнцыйны абʼект гісторыка-культурнай спадчыны дасылаў сыгналы мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак». Быў распрацаваны праект і прапановы супрацоўніцтва з зацікаўленымі структурамі. Аднак, мяркуючы па зьнешнім выглядзе будынка, плёну ад той ініцыятывы аказалася няшмат.

Апісаньне абʼекта. Будынак сынагогі цагляны, прастакутны ў пляне. Амаль сымэтрычныя фасады выкананыя ў архітэктурным стылі «цагляная эклектыка», дэкараваныя руставанымі пілястрамі, падваконнымі карнізамі зь фігурнымі нішамі, надваконнымі разьвітымі сандрыкамі з замковымі камянямі і міжваконнымі паяскамі, завершаныя шырокім фрызам з двума шэрагамі плоскіх трохступянёвых дэнтыкулаў, разьмешчаных шахматна і карнізам. Галоўны фасад па восі сымэтрыі (на месцы «Орн койдэша») упрыгожаны выкладзенай з цэглы зоркай Давіда. Асноўная малітоўная заля сынагогі мае адзін паверх, іншая частка — двухпавярховая. Другі паверх выходзіць у малітоўную залю бальконам, які называецца «эзрэс ношым».

Руіны малітоўнай залі

Руіны малітоўнай залі

Першыя згадкі пра этнічны склад мястэчка адносяцца да позьняга сярэднявечча — габрэі складалі значную частку насельніцтва гарадоў і мястэчкаў Вялікага Княства Літоўскага. Будынак крэўскай сынагогі адзначаецца на плянах Крэва, самы раньні — за 1860 год. Яна паўстала на галоўнай вуліцы Замкавай паміж Крэўскім замкам і Крэўскім рынкам, абодва XIV стагодзьдзя. Што, у сваю чаргу, пацьвярджала выключнае значэньне габрэйскага насельніцтва для эканамічнага разьвіцьця паселішча. Спачатку будынак быў драўляны, а пасьля на яго месцы паставілі новы мураваны.

Як удакладняе Міхаіл Міхалькевіч, у асобныя прамежкі часу кожны трэці жыхар Крэва быў габрэем. Цяпер няма ніводнага. Апошніх прымусова вывезьлі зь мястэчка падчас Другой усясьветнай вайны:

Школьны настаўнік Міхаіл Міхалькевіч

Школьны настаўнік Міхаіл Міхалькевіч

«Паводле афіцыйных дадзеных ад 1895 году, у Крэве пражывала 2300 жыхароў. Больш за 700 зь іх былі габрэі, то бок фактычна лічылася габрэйскім мястэчкам. На сёньняшні дзень ніводнага габрэя тут няма, прынамсі, ніхто такім чынам сябе не ідэнтыфікуе. Апроч таго, пры канцы ХІХ стагодзьдзя ў Крэве жылі блізу сямі дзясяткаў татараў. Дарэчы, вуліца, якая цяпер ідзе да замку, калі ўяжджаць з боку Менску, нават мела назву Татарская. Да нядаўняга часу адна сямʼя яшчэ была, але ўрэшце зьехала, татараў таксама не засталося».

Тры гады ў Першую ўсясьветную вайну акурат праз Крэва праходзіў расейска-нямецкі фронт. У выніку масіраваных абстрэлаў была зьнішчана ўся гістарычная забудова — у рознай ступені ацалелі сем будынкаў, калі лічыць і замкавыя руіны. Да сёньня дайшлі толькі чатыры зь іх, уключна з мураванай сынагогай. За выняткам парэшткаў замка, сынагога — адзін з трох старажытных абʼектаў, якія захаваліся ў 700-гадовым Крэве.

Як вынікае з падсумаваньня, складзенага дабрачынным фондам «Крэўскі замак», будынак сынагогі быў узьведзены самае позьняе ў першай палове ХІХ стагодзьдзя на месцы драўлянага і практычна бязь зьменаў перажыў наступнае ХХ стагодзьдзе. Перабудовы закранулі толькі драўляны дах, пры дваравым фасадзе ў 1980-я зьявілася індустрыяльная прыбудова, а пры левым бакавым — кацельня з трубой:

«Пачынаючы з 1920-х гадоў тут працаваў ганчарны цэх, — пераказвае гісторыю заняпаду Міхаіл Міхалькевіч. — Справа ў тым, што вакол Крэва залягае вельмі якасная гліна — паводле сваіх якасьцяў у Эўропе аналягічная сустракаецца толькі ў Грэцыі. Ад ХІV—ХV стагодзьдзяў ганчарны промысел у Крэве быў найбольш разьвіты, адпаведна, традыцыі перадаваліся з пакаленьня ў пакаленьне. Без малога 100 гадоў таму пачалі вырабляць чырвоную цэглу, зноў жа найвышэйшай якасьці. Апроч таго, майстры прадукавалі разнастайны посуд: гаршкі, збанкі, талеркі і г.д., усё гэта зь вялікім посьпехам разыходзілася. А ў сярэдзіне 1980-х, як пачалася перабудова і разам зь ёй эканамічны крызіс, цэх спыніў сваю дзейнасьць».

Індустрыяльная прыбудова (справа)

Індустрыяльная прыбудова (справа)

Перажыць войны, спасаваць перад бальшавіком

Будынак сынагогі не зазнаў разбурэньняў у Другую ўсясьветную вайну, калі Крэва было пад нямецкай акупацыяй — ацалела нават зорка Давіда на галоўным фасадзе. Толькі за савецкім часам загад любым спосабам яе «выкарчаваць» аддаў «чырвоны дырэктар» мясцовага саўгасу — праўда, цэгла аказалася настолькі трывалая, што зьнішчыць выяву не ўдалося. У такім выглядзе, кажа Міхаіл Міхалькевіч, будынак праіснаваў да самага распаду Савецкага Саюзу:

«Была ініцыятыва аднаго мясцовага жыхара, каб аднавіць тут вытворчасьць. Ён выкупіў будынак, але ці то бюракратызм, ці то іншыя прычыны ажыцьцявіць задуму перашкодзілі: ужо нават пачаў яго аднаўляць, але, відаць, зразумеў, што нічога не атрымаецца.

Апошняя спроба ўратаваць будынак была гадоў пяць таму. Чалавек зь Менску прапанаваў зрабіць гістарычны куток, куды ўвайшоў бы замак, сынагога, Юрава гара. Плянаваў абгарадзіць, абсталяваць карчму ў сярэднявечным стылі і г.д. То бок стварыць гэткі гістарычна-турыстычны цэнтар. Ня ведаю чаму, але, зноў жа, не спрацавала. У выніку маем, што маем. Пару гадоў таму прынамсі яшчэ быў дах, цяпер жа ўсё на вачах развальваецца».

Фрагмэнты абрынутага даху

Фрагмэнты абрынутага даху

Паводле актывістаў дабрачыннага фонду «Крэўскі замак», мясцовая сынагога — адно з апошніх памятных месцаў мястэчка і адзіная захаваная ў Смаргонскім раёне. Унікальны гісторыка-культурны абʼект перажыў войны і зьмены ўладаў, але ня можа супрацьстаяць людзкой абыякавасьці. Нават сёньня напаўразбураны будынак, закінуты і пазбаўлены дэкору, уражвае манумэнтальнасьцю і адначасова ляканічнасьцю формаў. Але без належнага догляду стан культавага помніка пагаршаецца з катастрафічнай хуткасьцю.Ужо абваліліся драўляныя канструкцыі даху. Цяпер мураванай сынагозе патрэбныя ўжо ня столькі рэстаўрацыйныя працы, колькі найперш супрацьаварыйны рамонт.

Сынагогу з замкам злучае вуліца Дзяржынскага

Сынагогу з замкам злучае вуліца Дзяржынскага

Сытуацыю ўскладняе тое, што будынак — ва ўласнасьці мясцовых уладаў, якія ня маюць ані грошай, каб яго ўратаваць, ані бачаньня, як яго прыстасаваць пад грамадзкія патрэбы. Між тым, як спадзяецца Міхаіл Міхалькевіч, увага да гістарычнай мясьціны дапаможа ажывіць помнік:

«Як бы там ні было, Крэва паціху ажывае. Прынамсі, рэгулярна пачалі ладзіцца сьвяты, фэстывалі, кірмашы керамічных вырабаў. Таму будзем верыць, што жыцьцё сюды паступова вернецца. Знакаміты замак, які ўвайшоў у дзяржаўную праграму „Замкі Беларусі“, спадзяюся, хоць крыху закансэрвуюць ці нават адбудуюць вежу, як некалі плянавалі. Спадзяёмся, што калектыўнымі намаганьнямі ўдасца рэалізаваць адмысловы маршрут „Крэўскімі сьцежкамі Першай усясьветнай вайны“. А там, глядзіш, нейкім чынам удасца ўратаваць і сынагогу...»

Сынагога на пляне Крэва за 1869 год, пазначана нумарам 40 (з праекту дабрачыннага фонду «Крэўскі замак»)

Сынагога на пляне Крэва за 1869 год, пазначана нумарам 40 (з праекту дабрачыннага фонду «Крэўскі замак»)

Дабрачынны фонд «Крэўскі замак», разумеючы выключную важнасьць культавага помніка для ўсяго рэгіёну, распрацаваў комплекс мерапрыемстваў, каб уратаваць, рэстаўраваць будынак мураванай сынагогі ды прыстасаваць яго пад культурна-турыстычны цэнтар-музэй.

Праект прадугледжвае наступныя этапы:

— прадухіліць абвал муроў пад вагой даху, які ўжо абваліўся;

— умацаваць муры, пакрыць іх часовым кансэрвацыйным дашкам;

— пакрыць увесь будынак новым дахам зь лёгкіх драўляных канструкцыяў, якія будуць паўтараць старажытныя формы;

— усталяваць сталярку ў дзьвярных і ваконных праёмах будынка;

— рэстаўраваць, кансэрвуючы фасады і захаваныя элемэнты інтэрʼераў;

Праект рэстаўрацыі сынагогі, выкананы спэцыялістамі фонду «Крэўскі замак» (архітэктар А. Шулаеў, 2011 год)

Праект рэстаўрацыі сынагогі, выкананы спэцыялістамі фонду «Крэўскі замак» (архітэктар А. Шулаеў, 2011 год)

— часткова рэканструяваць прыбудову пры дваравым фасадзе, уладкаваць дах, усталяваць сталярку ў праёмах;

— разабраць падмурак былой кацельнай пры левым бакавым фасадзе;

— аднавіць кананічныя культавыя элемэнты малітоўнай залі, абсталяваць экспазыцыю, прысьвечаную гісторыі Крэва і крэўскай габрэйскай абшчыны;

— прыстасаваць рэканструяваную частку пры дваравым фасадзе пад культурна-турыстычны цэнтар.

Праект рэстаўрацыі Крэўскай сынагогі выкананы спэцыялістамі фонду «Крэўскі замак».

XS
SM
MD
LG