Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пятрусь Броўка зрабіў беларускі «google» — Як дзяржмузэй імя Петруся Броўкі за два гады стаў моднай арт-пляцоўкай


Сустрэчы з Хадановічам і Бахарэвічам, кінапрагляды і міжнародныя фотавыставы, конкурсы на лепшае сэлфі і квэсты — усё гэта не зусім асацыюецца зь дзяржаўным музэем. Хоць менавіта такімі імпрэзамі заваблівае ўжо трэці год Літаратурны музэй Петруся Броўкі. Як зь дзяржмузэю зрабіць модную арт-пляцоўку, Свабодзе распавялі ягоныя маладыя супрацоўнікі.

Сучасная фотавыстава на фоне савецкага інтэрʼеру

За пару дзён да Ночы музэяў кватэра № 4 па вуліцы Карла Маркса, 30 у Менску нагадвае арт-пляцоўку. У велічэзнай кватэры з савецкімі інтэрʼерамі, якія тут не зьмяняліся пасьля сьмерці гаспадара — Петруся Броўкі — у 1980 годзе, праходзіць выстава літоўскага фатографа Рамуальдаса Вайткуса. У калідоры, на старым паркеце, наклееныя рознакаляровыя квадраты для гульні ў клясыкі. Гэта рэшткі дзіцячай выставы «Ох ужо гэтыя дзеткі».

Тут жа некалькі чалавек выпілоўваюць лобзікам карыкатуру Петруся Броўкі ў поўны рост. Яна будзе лягатыпам на Ноч музэяў. Выяву Броўкі ў старым выпуску часопіса «Вожык» знайшоў Дзьмітры Андрэеў, 22-гадовы выпускнік гістфаку БДУ. Ягоная сястра, дызайнэр, яе апрацавала.

Мульцяшны Броўка так спадабаўся супрацоўнікам, што яны нават думаюць зрабіць яго лягатыпам музэю замест «бярозкі», якая не зьмянялася тут ужо шмат гадоў

Мульцяшны Броўка так спадабаўся супрацоўнікам, што яны нават думаюць зрабіць яго лягатыпам музэю замест «бярозкі», якая не зьмянялася тут ужо шмат гадоў

Ад 1980 і да 2014 году гэта быў шараговы дзяржмузэй. Праца ад 9.30 да 17.30, школьныя экскурсіі, якія сюды прыводзілі па загадзе зьверху. Пры гэтым была пляцоўка ў цэнтры гораду цераз дарогу ад філфаку БДУ і Нацыянальнага мастацкага музэю, вялікая плошча, цэлы штат людзей з адукацыяй у галіне культуры — усе перадумовы, каб стаць новай арт-прасторай. Не хапала толькі жаданьня.

Для дзяржмузэяў лета — не турыстычны, а мёртвы сэзон

Але ў 2014 годзе літаратурныя музэі «аптымізавалі»: дзевяць менскіх музэяў сталі філіяламі Дзяржмузэю гісторыі беларускай літаратуры. Некаторыя калектывы не пагадзіліся на паніжэньне статусу і пазвальняліся.

Так цалкам новую каманду займеў і музэй Броўкі: выпускнікі-энтузіясты сабраліся пад кіраўніцтвам новай загадчыцы Натальлі Мізон. Правялі Ноч музэяў, потым ператрывалі «мёртвую» летнюю пару. У адрозьненьне ад шмат якіх краін, у Беларусі менавіта лета лічыцца мёртвым сэзонам. Таму што галоўныя наведнікі музэяў — не турысты, а школьнікі і навучэнцы.

«Гэта тое, чым мне больш за ўсё не падабаецца займацца — праводзіць экскурсіі», — кажа Тацяна Ткачова, якая трапіла ў музэй у красавіку 2014 году

«Гэта тое, чым мне больш за ўсё не падабаецца займацца — праводзіць экскурсіі», — кажа Тацяна Ткачова, якая трапіла ў музэй у красавіку 2014 году

Выпускніца ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, яна разглядае музэй як арт-прастору. Праводзячы тут імпрэзы, можна зацікавіць людзей беларускай літаратурай і культурай, лічыць Ткачова.

Дырэктарка музэю Натальля Мізон

Дырэктарка музэю Натальля Мізон

«За два гады ў нас цалкам зьмяніўся склад наведнікаў, — кажа Натальля Мізон, загадчыца музэю. — Я бачу па статыстыцы, што раней прыходзілі толькі школьнікі і навучэнцы на дзённыя мерапрыемствы».

Усё пачалося зь «Літаратурнай серады». Летась у жніўні Андрэй Фаміцкі, малады паэт, патэлефанаваў Ткачовай і прапанаваў штосераду праводзіць у музэі Броўкі сустрэчы з маладымі пісьменьнікамі.

«Я кажу: „Ваў, давай!“ Гэта ж тое, што павінна быць у музэі. Я кажу пра гэта Натальлі Аляксандраўне. А яна на новай пасадзе, хвалюецца. Ня ведае, як пазыцыянаваць музэй. Ніхто тады ня ведаў. А як гэта датычыцца Броўкі?»

Заганяць дзяцей у музэй — гэта атрута

Раз музэй стаў філіялам, усю сваю дзейнасьць ён цяпер мусіў узгадняць з галаўным Музэем гісторыі беларускай літаратуры.

«І першыя паўтара гады нам прыходзілася тлумачыць, як імпрэза тычыцца Броўкі і чаму павінна быць у нашым музэі. Мы нешта прыдумлялі, потым Натальля Аляксандраўна ішла ў галоўны музэй, змагалася там».

За два гады «змаганьняў» пра музэй Броўкі даведалася цалкам новая публіка. На сустрэчы з Андрэем Хадановічам і Альгердам Бахарэвічам прыходзілі дзясяткі людзей. Тут праходзяць кінапрагляды, фотавыставы, прэзэнтацыі, адукацыйныя праекты і тэатральныя тыдні. Музэй Броўкі нават удзельнічаў у фэстывалі «Месяц фатаграфіі ў Менску». ЦЭХ, галерэя TUT.BY і музэй Броўкі ў адным шэрагу — яшчэ два гады таму гэтага нельга было сабе ўявіць.

«Я лічу, толькі так можна зацікавіць Броўкам, беларускай літаратурай і мастацтвам, — кажа Ткачова. — А калі ты заганяеш пад прымусам дзяцей ці дарослых салдат у музэй — гэта не камільфо. Для мяне гэта было б атрутай да ўсёй беларускай культуры».

Пры гэтым Тацяна Ткачова ня ставіць перад сабой утапічных мэтаў зацікавіць увесь сьвет жыцьцём і творчасьцю Петруся Броўкі. Яна прызнаецца, што ня вельмі захапляецца ягонай літаратурнай творчасьцю. Для яе Пятрусь Броўка — найперш добры мэнэджэр, стваральнік «Беларускай савецкай энцыкляпэдыі».

«Я распавядаю дзецям, што ён зрабіў Google свайго часу. Ім гэта падабаецца, і хоць на сэкунду яны падымаюць вочы»

«Я распавядаю дзецям, што ён зрабіў Google свайго часу. Ім гэта падабаецца, і хоць на сэкунду яны падымаюць вочы»

Пра што можна гаварыць, калі галоўны чалавек у музэі — бухгальтар?

І хоць музэй Броўкі ўжо стаў моднай пляцоўкай, дзе ўвесь час адбываюцца выставы, на якія ня трэба пад прымусам заганяць дзяцей, музэй усё адно мае пляны па экскурсіях для школьнікаў.

«Гэта такая сыстэма, у якой вельмі цяжка працаваць. За тое, што мы праводзім выставы, пра якія ідзе пагалоска і празь якія наш музэй стаў вельмі пазнавальным, нам ніхто не даплачвае. Наадварот, каб выбіць хоць якія грошы, трэба вельмі настойліва даводзіць галоўнаму бухгальтару, чаму гэта таго варта».

«Пра што можна гаварыць, калі галоўны чалавек у музэі — гэта бухгальтар?»

«Пра што можна гаварыць, калі галоўны чалавек у музэі — гэта бухгальтар?»

Праз два гады разьмеркаваньня Ткачова перавялася на чвэрць стаўкі, каб мець час на ўласныя праекты. Яна кажа, што з радасьцю засталася б працаваць «у Броўкі» і далей, але за гэтыя грошы цяжка пражыць. Поўная стаўка складае 2,4 мільёна. А за тое, што ўсе імпрэзы супрацоўнікі праводзяць у непрацоўны час, ніхто не даплачвае.

«Мы маглі б працаваць па схеме, праводзіць экскурсіі ды адседжвацца. Атрымлівалі б тыя ж грошы. Але я раблю ўсе гэтыя рэчы для сябе. Мне падабаецца, што наш музэй стаў модным месцам і што людзі сюды прыходзяць. Яны разумеюць, што тут ім ня хлусяць».

Ці застанецца Броўка модным месцам надоўга? Пакуль тут шмат супрацоўнікаў-энтузіястаў, напэўна, так і будзе. Праўда, Ткачова цяпер у пошуках новай галерэі.

«Я сабе даказала, што магу гэта рабіць, — кажа яна. — Мне б хацелася самой зрабіць галерэю або ўласную арт-прастору. Напэўна, ня толькі ў Менску, але і на вёсцы. Зрабіць такую прастору на пэрыфэрыі складаней, але там яна больш патрэбная, на мой погляд».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG