Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзяржава зарабляе на журналістах-фрылансэрах: гісторыя з Гомельшчыны


Ларыса Шчыракова

Ларыса Шчыракова

Пасьля невялікага перапынку міліцыя аднавіла перасьлед гомельскай журналісткі-фрылансэра Ларысы Шчыраковай.

Участковы інспэктар Гомельскага РАУС маёр міліцыі Дзьмітры Чан прыехаў да журналісткі-фрылансэркі Ларысы Шчыраковай дадому, каб скласьці пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП — парушэньне заканадаўства аб СМІ.

«Участковага інспэктара цікавіў матэрыял месячнай даўнасьці: „Барысаўская трагедыя можа паўтарыцца ў Гомелі“, які я напісала і разам зь відэаздымкамі зьмясьціла 7 лютага на сваёй старонцы ў Youtube. На наступны дзень матэрыял надрукаваў мясцовы сайт „Сильные новости“. Жыхары новабудоўляў у пасёлку Бальшавік, што паблізу абласнога цэнтру, скардзіліся на рэгулярнае намнажэньне чаду ў дамах у зьвязку зь неналежным выкананьнем будаўніча-мантажных працаў — яны баяліся паўтарэньня барысаўскай трагедыі, калі газам атруціліся шэсьць чалавек. Я сапраўды езьдзіла ў пасёлак і запісала апасеньні тамтэйшых жыхароў. Пасьля публікацыі газавая служба хутка выправіла непаладкі. Аднак міліцыя ўсё адно прыслала свайго супрацоўніка, каб той склаў на мяне адміністрацыйны пратакол», — патлумачыла Шчыракова.

Сёлета гэта ўжо чацьвёрты пратакол у дачыненьні да журналісткі-фрылансэра. Папярэднія тры міліцыя складала ў зьвязку з тым, што відэасюжэты са старонкі ў Youtube паказалі на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат». За адзін зь іх, пра лёс былога гадаванца школы-інтэрнату з аграгарадку Ўрыцкае, судзьдзя Гомельскага раённага суду Аляксандар Лісоўскі аштрафаваў Ларысу Шчыракову сёлета ў студзені на 4 мільёны 620 тысяч рублёў — нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат». Дзьве іншыя адміністрацыйныя справы паводле міліцэйскіх пратаколаў Савецкі суд Гомеля і Сьветлагорскі раённы суд спынілі. У адным выпадку міліцыя наблытала з датамі так званага правапарушэньня, у іншым — скончыўся тэрмін для вынясеньня пакараньня.

«Шчыра кажучы, пасьля спыненьня дзьвюх адміністрацыйных спраў, — кажа журналістка, — я падумала, што ў краіне перамагае здаровы глузд і журналістаў-фрылансэраў перасьледаваць ня будуць: беларуская канстытуцыя і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь ратыфікавала, даюць права любому чалавеку зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Аднак выглядае, што часовае паслабленьне было хіба толькі тактычным крокам уладаў».

Імя аштрафаванай журналісткі Шчыраковай фігуравала пры канцы студзеня ў заяве прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуні Міятавіч у адным шэрагу са зьбітым карэспандэнтам парталу Tut.by Паўлам Дабравольскім. Міятавіч паўтарыла тады заклік да беларускіх уладаў спыніць перасьлед фрылансэраў.

«Гэтая тэндэнцыя пагражае свабодзе СМІ і павінна скончыцца як мага хутчэй», — сказала тады прадстаўніца АБСЭ, пацьвердзіўшы гатовасьць свайго офісу дапамагчы ўладам Беларусі вырашыць праблему зь перасьледам журналістаў.

Гэта было напярэдадні адмены санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі й яе вышэйшых чыноўнікаў. Праводле старшыні Гомельскай філіі БАЖ Анатоля Гатоўчыца, тады (як, зрэшты, і цяпер) краіне востра быў патрэбны крэдыт ад МВФ:

«Магчыма, у гэтым і была прычына адноснай паблажлівасьці да журналістаў-фрылансэраў, якіх пэрыядычна караюць буйнымі штрафамі за відэасюжэты на беларускамоўным тэлеканале „Белсат“. Канал трансьлюе свае перадачы з тэрыторыі Польшчы, бо Беларусь адмаўляе яму ў акрэдытацыі.

Зь іншага боку, перасьлед, па сутнасьці, не спыняўся ў дачыненьні да яшчэ аднаго гомельскага фрылансэра — Кастуся Жукоўскага».

Толькі сёлета, таксама за відэаздымкі на тэлеканале «Белсат», Жукоўскага чатыры разы штрафавалі раённыя суды Гомельскай вобласьці — Калінкавіцкі, Кармянскі, Буда-Кашалёўскі, Жлобінскі. Агулам яны пакаралі журналіста на 38 мільёнаў 850 тысяч рублёў. Калі ўлічыць і леташнія штрафы за так званы «незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі», то сума штрафаў дасягнула ў фрылансэра Жукоўскага 70 мільёнаў 350 тысяч рублёў (3 тысячы 227 даляраў).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG