Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне спынілі будаўніцтва сьцяны на мяжы з Расеяй — няма грошай


Умацаваньні ў рамках праекту "Сьцяна" на ўкраінска-расейскай мяжы
Умацаваньні ў рамках праекту "Сьцяна" на ўкраінска-расейскай мяжы

У Харкаўскай вобласьці спынілі рэалізацыю ўкраінскага праекту «Сьцяна» празь недахоп сродкаў. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на старшыню Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юлію Сьвятлічную.

«Няма фінансаваньня гэтага праекта, таму, наколькі мне вядома, ён на тэрыторыі Харкаўскай вобласьці не працягваецца», — прыводзіць агенцтва ейныя словы.

Сьвятлічная дадала, што мясцовыя ўлады толькі падтрымліваюць тэхнічны стан збудаваньняў, узьведзеных раней.

«Той аб’ём работ, які быў праведзены, на сёньня знаходзіцца ў належным стане. Што тычыцца далейшай працы гэтага праекту, то мне вядомая інфармацыя, што пакуль працягвацца гэты праект не будзе», — патлумачыла яна.

Праект «Сьцяна» мае на мэце збудаваньні на расейска-ўкраінскай мяжы. На першым этапе зь 2015 году праводзяцца работы ў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласьцях. На другім этапе было заплянавана будаўніцтва ў Луганскай і Данецкай абласьцях.

У красавіку 2016 году журналістам паказалі інжынэрныя збудаваньні, узьведзеныя ў Харкаўскай вобласьці. Там было больш за 230 км процітанкавых равоў, 45 км кантрольна-сьледавой паласы, 103 км ракадных дарог і 75 км агароджы; паставілі назіральныя вежы.

Паведамлялася, што ў 2015 годзе на рэалізацыю праекту «Сьцяна» было выдаткавана 400 млн грыўняў. Агенцтва дадае, што цяпер праект перайменаваны ў «Эўрапейскі вал». Плянавалася, што праект будзе завершаны да канца 2018 году. Агульны аб’ём сродкаў, прадугледжаны на яго рэалізацыю, — 4 млрд грыўняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG